Парк Чалюскінцаў
| Парк Чалюскінцаў | |
|---|---|
| Асноўная інфармацыя | |
| Тып | парк культуры і адпачынку[d] |
| Плошча | 78 га |
| Дата заснавання | 1928 |
| Размяшчэнне | |
| 53°55′19″ пн. ш. 27°37′00″ у. д.HGЯO | |
| Краіна | |
| Метро | Парк Чалюскінцаў |
Парк Чалюскінцаў — парк культуры і адпачынку ў Мінску, створаны на месцы леса Ваньковіча, названы ў гонар чалюскінцаў. Плошча парку складае 78 гектараў, частку яго займаюць атракцыёны. Побач яго Дзіцячая чыгунка, Батанічны сад, станцыя метро «Парк Чалюскінцаў».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Раней на месцы парку быў лясны масіў, званы «Камароўскім лесам» або Лесам Ваньковіча, таму спачатку планавалася назва «Камароўскі парк». Парк быў перайменаваны ў 1934 годзе ў Парк Чалюскінцаў у гонар удзельнікаў савецкай экспедыцыі на параходзе «Чалюскін», якая скончылася затапленнем судна і эвакуацыяй.
Месца масавых рэпрэсій
[правіць | правіць зыходнік]Пра расстрэлы ў Камароўскім лесе згадвае Паўліна Мядзёлка ў сваёй кнізе ўспамінаў «Сцежкамі жыцця», згадка адносіцца да пачатку лета 1920 года, калі Мінск быў заняты палякамі[1].
Паводле кнігі ўспамінаў беларускага пісьменніка Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ», у Камароўскім лесе адбываліся расстрэлы зняволеных Мінскай турмы НКУС[2].
Тэрыторыя сённяшняга парку перад Другой сусветнай вайной знаходзілася па-за межамі Мінску. У гэтай мясцовасці з канца 1920-х гадоў была закрытая тэрыторыя, якая выкарыстоўвалася АДПУ. З таго часу і да прыходу нямецкіх войск летам 1941 года там адбываліся пакаранні смерцю і пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Паводле меркавання гісторыкаў, большая частка расстраляных тут людзей была пакарана смерцю да стварэння месца расстрэлаў у Курапатах пад канец 1920-х і ў пачатку 1930-х гадоў. Дакладная лічба ахвяр палітычнага пераследу, пахаваных тут, невядомая, мяркуецца, што некалькі тысяч. У непасрэднай блізкасці ад закрытай тэрыторыі паміж 1928 і 1933 гадамі быў створаны Парк Чалюскінцаў, які выкарыстоўваўся як месца адпачынку. Пасля Другой сусветнай вайны закрытая тэрыторыя далучаная да парку адпачынку.[3]
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]У час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі сённяшняга парку размяшчаўся лагер ваеннапалонных, створаны Вермахтам, у якім памерлі тысячы чырвонаармейцаў. Іх целы закапаны ў ананімных брацкіх магілах[3].
Пасляваенны час
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вызвалення Мінска ў 1944 года тэрыторыю лагера далучылі да Парку Чалюскінцаў. Рэшткі людзей, забітых у ваенныя гады, пераняслі ў брацкую магілу, якая знаходзіцца паблізу брацкіх магіл, створаных НКУС. У 1955 годзе ў памяць загінулых чырвонаармейцаў створаны мемарыял, магілы абкладзеныя камянямі[3].
У 1990 годзе па ініцыятыве Беларускага Народнага Фронту, Мартыралогу Беларусі і пісьменніка Васіля Хомчанкі пабудавана невялікая капліца ахвярам АДПУ-НКУС. Спраектаваны паводле распрацовак Уладзіміра Слабодчыкава мемарыяльны знак вышынёй у два метры зроблены з дрэва, у яго цэнтры знаходзіцца чатырохканцовы крыж[3]. У 2023 годзе мемарыяльны знак абноўлены[4].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Атракцыён «Фараон»
-
Фантан, упадабанае месца ў спякоту
-
Дзіцячыя каруселі
-
Атракцыён «Лятучая лаўка»
-
Атракцыён «Амерыканскія горкі»
-
Мясцовы жыхар
Парк Чалюскінцаў у мастацкай культуры
[правіць | правіць зыходнік]- У 1999 годзе гурт «Леприконсы» запісаў альбом «Нам с тобою было super» дзе ўзгадваліся атракцыёны Парка: «Халі-Галі», «Паратрупер» і «Супер-8[5]».
Зноскі
- ↑ Паўліна Мядзёлка. Сцежкамі жыцця. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1974. — С. 164.
- ↑ Аляхновіч Ф. У капцюрох ГПУ: Аповесць / Укладанне А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл. А. А. Дышлевіча. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 238 с., партр. ISBN 5-340-01311-1.
- ↑ а б в г Месцы памяці ахвяр камунізму ў Беларусі / пад. рэд. Анны Камінскі. — 2011. — С. 116. — 278 с. Архівавана 11 чэрвеня 2015.
- ↑ На мемарыял у парку Чалюскінцаў вярнулася шыльда са згадкай ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Наша Ніва (15 жніўня 2023).
- ↑ Всю жизнь слушали эту песню и не догадывались…
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Парк Чалюскінцаў на Вікісховішчы |
- Парк Чалюскінцаў у Мінску
- Гісторыя парку (руск.)
- Карта минских репрессий. 10 страшных мест, связанных с НКВД Архівавана 20 лістапада 2017. // kyky.org (руск.)
- Парк Чалюскінцаў на сайце «Архіварта»
