Мантэньё-Уанкавілка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мантэньё-Уанкавілка
Перыяд інтэграцыі ў Андах
Антрапаморфная керамічная пасудзіна
Геаграфічны рэгіён Паўднёвая Амерыка
Лакалізацыя Эквадор
Датаванне 6001532
Носьбіты індзейцы
Тып гаспадаркі рыбалоўства, земляробства
Пераемнасць
Баія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мантэньё-Уанкавілка (ісп.: Manteño-Huancavilca) — дакалумбавая цывілізацыя ў Паўднёвай Амерыцы. Існавала на захадзе Эквадора ў перыяд паміж 600 г. і 1532 г.[1]

Даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Назва Мантэньё-Уанкавілка паходзіць ад наймення 2 археалагічных культур — Мантэньё і Уанкавілка. Першыя знаходкі культуры Мантэньё былі зроблены амерыканскім археолагам Маршалам Говардам Сэвілам на эквадорскім узбярэжжы ў 1907 г., прычым газета «The New York Times» амаль адразу заявіла пра адкрыццё новай невядомай цывілізацыі. Канчаткова Мантэньё была вылучана эквадорскімі археолагамі Х. Хіхонам і Э. Эстрада ў 1950-х гг. Яны палічылі, што культура ўяўляла сабою гандлёвую лігу некалькіх гарадоў.

Хаця ўжо Э. Эстрада падзяляў кудьтуру Мантэньё на 2 часткі, культура Уанкавілка была вылучана пазней на аснове запісаў іспанцаў у XVI ст., якія ўзгадвалі краіну Гуанкавілка на поўначы Таўантынсую. У нашы дні Уанкавілка — назва мясцовасці на паўночны захад ад вострава Пуна. На думку некаторых даследчыкаў культура Уанкавілка больш старажытная за культуру Мантэньё. Тым не меней, іх прадстаўнікі мелі сталыя зносіны.

Археалагічныя даследаванні культур працягваюцца і ў нашы дні.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Культуры Мантэньё і Уанкавілка сфарміраваліся на месцы папярэдніх прыбярэжных старажытных культур Вальдывія, Мачалілья і Баія. Пераемнасць з папярэднікамі выяўляецца ў традыцыях керамікі, а таксама ў звычаі дэфармацыі чэрапу яе носьбітаў. Хаця іспанцы сутыкнуліся ў XVI ст. з яе прадстаўнікамі, звестак пра мову мясцовых жыхароў не захавалася, таму іх этнічны склад не вызначаны.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Асновай жыццядзейнасці прадстаўнікоў цывілізацыі Мантэньё-Уанкавілка былі земляробства і рыбалоўства. Яны вырошчвалі кукурузу, маніёк, бульбу, бавоўнік, арахіс і іншыя культуры. Акрамя рыбы на водмелях здабывалі ракавіны малюска Spondylus, якія выкарыстоўваліся для ахвярапрынашэнняў і маглі адыгрываць ролю валюты. Для плавання ў моры ладзілі вялікія плыты, пры перамяшчэннях карысталіся навігацыйным абсталяваннем. Дзякуючы гэтаму прадстаўнікі Мантэньё-Уанкавілка арганізавалі шырокую гандлёвую сетку ўздож ціхаакіянскага берага.

Развіццю гандлёвых зносін спрыяла рамесная вытворчасць. Мантэньё-Уанкавілка была важным цэнтрам ткацтва з бавоўны і воўны. На пабытовым узроўні было распаўсюджана пляценне вопраткі. Кераміка адметна дымчата-чорным колерам. Рамеснікі выраблялі не толькі пасудзіны, але таксама выявы людзей, жывёл, багоў, крэслы для цырыманіяльнага выкарыстання. Адной з першых знаходак культуры Мантэньё стала U-падобнае каменнае крэсла, унізе яго размешчана ўкленчаная постаць пумы або чалавека. Вяршыня майстэрства Мантэньё-Уанкавілка — ювелірная справа. Мясцовыя ювеліры апрацоўвалі каштоўныя металы, медзь, смарагды.

Да нашага часу найлепей вывучаны рэшткі прыбярэжных паселішчаў, дзе чатырохкутныя пабудовы ўзводзіліся на штучных насыпах. Асноўным будаўнічым матэрыялам была драўніна, радзей будавалі з саману. Памеры пабудоў вагаліся ад 5x6 м да 11x57 м. Вялікія пабудовы ўмяшчалі да 7 пакояў. Шырыня іх сцен дасягала 1 м. Першае паселішча, дзе М. Г. Сэвіл пачаў раскопкі, цягнулася на некалькі кіламетраў уздоўж узбярэжжа і разам з суседнімі ўтварала буйны населены пункт з 20 000 або нават 30 000 жыхароў.

Звесткі пра грамадства Мантэньё-Уанкавілка дайшлі з іспанскіх крыніц XVI ст., іх часткова падмацоўваюць матэрыялы археалагічных раскопак. Вядома, што Мантэньё-Уанкавілка не мела адзінага дзяржаўнага кіравання. Меліся тэрытарыяльныя аб'яднанні на чале спадчынных правадыроў. Яны маглі складаць саюзы або канфедэрацыі для адстойвання супольных інтарэсаў. Вядома, што прадстаўнікі Мантэньё-Уанкавілка аказалі супраціўленне інкам, хаця ў выніку былі вымушаны падпарадкавацца. Для аблічча мясцовых жыхароў былі характэрны дэфармаваныя чэрапы і падпіленыя зубы, яны мелі прычоску, падобную на тую, што насілі еўрапейскія каталіцкія манахі. Мужчыны і жанчыны карысталіся шматлікімі ўпрыгожваннямі.

Рэлігійныя вераванні былі політэістычнымі. Захаваліся паданні пра мясцовую багіню здароўя Уміньі, культ якой працягваў існаваць у пазнейшыя перыяды. Цэнтрамі рэлігійнага жыцця з'яўляліся храмы. Частка іх служак з высокім сацыяльным статусам практыкавала рытуальны гомасексуалізм. Для пахаванняў характэрны падвоеныя ўрны.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]