Чынчора
Чынчора Дакерамічны перыяд у Андах | |
---|---|
Геаграфічны рэгіён | Паўднёвая Амерыка |
Лакалізацыя | Чылі, Перу |
Датаванне | 7 тысячагоддзе да н.э. — 2 тысячагоддзе да н.э. |
Носьбіты | індзейцы |
Тып гаспадаркі | рыбалоўства, паляванне |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Чынчора (ісп.: Chinchorro) — археалагічная культура на захадзе Паўднёвай Амерыкі. Ахоплівала прыбярэжны рэгіён на поўдні Перу і поўначы Чылі ў перыяд 7 тысячагоддзя да н. э. — 2 тысячагоддзя да н. э.
Першаадкрывальнікам з'яўляецца нямецкі археолаг Макс Уле, які ў 1914 г. выявіў старажытны магільнік на поўначы Чылі. Сваю назву культура атрымала ад наймення пляжа, дзе была зроблена знаходка. Прадстаўнікі культуры былі аселымі рыбаловамі, першымі ў свеце навучыліся муміфікаваць нябожчыкаў.
Перыядызацыя
[правіць | правіць зыходнік]- 7 тысячагоддзе да н. э. — пачатак 5 тысячагоддзя да н. э.: фарміраванне
- 5 тысячагоддзе да н. э. — пачатак 4 тысячагоддзя да н. э.: ранні этап
- канец 4 тысячагоддзя да н. э. — 3 тысячагоддзе да н. э.: класічны этап
- пачатак 2 тысячагоддзя да н. э. — сярэдзіна 2 тысячагоддзя да н. э.: заняпад
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]Сярод археолагаў няма адзінай думкі пра вытокі носьбітаў культуры Чынчора. Некаторыя лічаць іх прамымі нашчадкамі старажытных перасяленцаў з Берынгіі ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Іншыя мяркуюць, што продкі носьбітаў чынчора перасяліліся праз Анды з рэгіёна Амазоніі.
Знойдзеныя археалагічныя помнікі Чынчора месціліся на ўзбярэжжы, радзей ва ўнутраных раёнах і на ўзвышшах. Сметнікі на стаянках, а таксама хімічны аналіз тканак мумій дазваляюць лічыць, што асноўным харчам былі рыба, малюскі, марскія звяры і птушкі. Наземныя жывёлы і расліны складалі не болей за 10% рацыёна.
Відавочна, на этапе фарміравання носьбіты чынчора ўяўлялі сабою вандроўныя групы, але ўжо на раннім этапе пачалі будаваць сталыя паселішчы з паўкруглых хацін на слупах, абцягнутых скурай ластаногіх. У паселішчах магло жыць ад 30 да 50 чалавек. Малыя памеры хацін сведчаць пра дамінаванне малых нуклеарных сем'яў. Змены клімату, якія прыводзілі то да перасыхання Атакамы, то да павелічэння вільготнасці маглі ўплываць на перасяленне людзей углыб мацерыка.
Носьбіты чынчора стваралі каменныя і касцяныя прылады працы, аднак не былі знаёмы з керамікай. Хаця ў выніку культура прыйшла да заняпаду, многія даследчыкі лічаць чанга, што жылі на ўзбярэжжы ўздоўж Атакамы ў гістарычны час, прамымі нашчадкамі чынчорцаў.
Муміі
[правіць | правіць зыходнік]Носьбіты чынчора з'яўляюцца першымі вядомымі стваральнікамі мумій нябожчыкаў. Усяго вядома 282 муміі. Амаль 30% з іх ствараліся натуральным шляхам, калі нябожчыкаў закопвалі ў сухім салёным пяску і чакалі высыхання. Найстаражытнейшая мумія, створаная такім чынам, датуецца 7 тысячагоддзем да н. э.
У 5 тысячагоддзі да н. э. працэс муміфікацыі ўскладніўся. Чынчорцы пачалі ствараць так званыя «чорныя муміі». Пасля смерці ад цела аддзяляліся валасы, рукі і ногі, часта здымалася скура, з дапамогай каменных лёзаў мяса і вантробы адлучаліся ад костак. Косткі сушылі ў попеле або на вуголлях. Потым цела «збіралі» нанава і пакрывалі сумяссю попелу, травы і зямлі. З дапамогай гэтай жа сумяссі рэканструявалі рысы твару.
У 2500 г. да н. э. — 2000 г. да н. э. з'явілася тэхніка стварэння «чырвоных мумій». На жываце, плячах, у пахвіне і нагах рабіліся разрэзы для выдалення ўнутраных органаў і цягліц, далей цялесныя паражніны высушваліся і напаўняніліся глінай, поўсцю і пер'ем, для захавання формы ўстаўлялі галлё і латалі трыснягом. Галава адразалася для выдалення мозгу і потым прымацоўвалася з дапамогай плеценай з валасоў вяроўкі і штучнай загваздкі. Галаву і твар пакрывалі глінай, а скуру на целе — охрай, так што твар набываў чорны колер, а астатнія часткі — чырвоны. У трох дзіцячых мумій гэтага перыяду выкарыстоўвалася тэхніка спавівання.
У канцы існавання культуры Чынчора муміфікацыя зноў спрасцілася, што было звязана са зменай пахавальнага абрада. Унутраныя органы перасталі выдаляць, а цела пакрывалі глінай і гіпсам, замяшанымі на клейкім рэчыве накшталт яек або рыбінага клею. Пасля пахавання такія муміі літаральна шчапляліся з навакольным грунтам.
Характэрна, што чынчорцы муміфікавалі ўсіх чальцоў свайго грамадства, а не толькі правадыроў. Вядомы муміі дзяцей, старых і жанчын. Адно з арыгінальных тлумачэнняў першаснага з'яўлення культуры муміфікацыі абапіраецца на асаблівасці мясцовай экалогіі. Вялікая колькасць мыш'яку ў навакольным асяроддзі правакавала частыя выкіды і смерць немаўлят. У вандроўных калектывах засмучаныя маці працягвалі насіць з сабою памерлых дзяцей і муміфікавалі іх для даўжэйшага захавання.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- The Chinchorro Culture: A Comparative Perspective. The archaeology of the earlest human mummification. — Arica:UNESCO, 2014 ISBN 978-92-3-100020-1