Атакаменьё
Атакаменьё (Likanantaí) | |
Агульная колькасць | 41000 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Аргенціна — 15000 Чылі — 26000 |
Мова | кунса |
Рэлігія | політэізм, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы |
Атакаменьё (у Чылі ісп.: Atacameño), або атакама (у Аргенціне ісп.: Atacama), саманазва ліканантаі́ (Likanantaí, літаральна «жыхары зямлі») — народ індзейскага паходжання ў Чылі і Аргенціне. Агульная колькасць (2021 г.) — 41 000 чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Культура атакаменьё пачала фарміравацца з 400 г. н.э. на поўначы сучаснай дзяржавы Чылі. Для яе былі характэрныя чырвоная паліраваная кераміка, антрапаморфныя пасудзіны. Прыкладна з 900 г. продкі атакаменьё трапілі пад моцны ўплыў культуры Тыўанака, чырвоная кераміка была выціснута чорнай. Наскальныя піктаграмы перыяду 1000—1450 гг. паказваюць важнасць жывёлагадоўлі, выкарыстанне лам у якасці транспартнага сродку, вылучэнне пласта заможных уладальнікаў статкаў. Відавочна, у гэты перыяд адбылося пашырэнне тэрыторый, населеных атакаменьё. Адной з прычын, якая вымушала іх шукаць прытулак у горных раёнах — змены клімату і засуха.
Бліжэй да XV ст. атакаменьё пачалі будаваць буйныя сталыя паселішчы пукара, якія мелі каменныя ўмацаванні. У XV ст. яны былі заваяваны інкамі. У 1512—1556 гг. — іспанцамі. Атакаменьё разам з андскімі народамі ўдзельнічалі ў паўстанні Тупака Амару II ў XVIII ст. У 1824 г. населеныя імі тэрыторыі былі падзелены паміж незалежнымі дзяржавамі Балівіяй і Аргенцінай, прычым існавала сталая міграцыя з Балівіі ў Аргенціну ў пошуках працы. У 1883 г. Балівія страціла тэрыторыі на карысць Чылі. Чылійскія ўлады садзейнічалі развіццю горнай прамысловасці і заахвочвалі перасяленне на поўнач выхадцаў з іншых рэгіёнаў і замежжа. Гэта абумовіла хуткую асіміляцыю атакаменьё. Да сярэдзіны XX ст. яны страцілі родную мову кунcа ў якасці сродку зносін.
З канца XX ст. назіраецца адраджэнне самасвядомасці нашчадкаў атакаменьё як у Чылі, так і ў Аргенціне. У Чылі яны прызнаны карэнным народам. З дапамогай навукоўцаў адбываюцца спробы ўзнаўлення і адраджэння кунcа.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Атакаменьё насялялі 3 адрозныя экалагічныя рэгіёны: пустыню Атакама, дзе займалі некалькі аазісаў, берагі ракі Лоа ў раёне Антафагасты і схілы паўднёвых Анд. Іх асноўнымі заняткамі здаўна былі ручное земляробства і адгонная жывёлагадоўля. Істотны недахоп вільгаці ва ўсіх 3 рэгіёнах вымушаў займацца ірыгацыяй і тэрасаваннем схілаў гор. Дзякуючы гэтаму атакаменьё вырошчвалі бульбу, кукурузу, аксамітнік, ражковае дрэва, тытунь і г. д. Зямлю ўгнойвалі гуана.
Змены надвор’я рабілі земляробства неустойлівым спосабам забеспячэння, таму жывёлагадоўля з’яўлялася абавязковай часткай гаспадаркі. Да прыходу іспанцаў атакаменьё трымалі лам, якія давалі мяса, поўсць і скуры. Акрамя таго, з дапамогай лам займаліся транспартыроўкай тавараў. Недахоп харчу кампенсаваўся за лік абмену паміж супольнасцямі, а таксама гандлёвых зносін з народамі ціхаакіянскага ўзбярэжжа і Альтыплана.
Старажытныя атакаменьё былі выдатнымі рамеснікамі. На месцы іх паселішчаў археолагі знаходзяць складаныя прылады, у тым ліку матыкі, капальныя кіі з лёзамі, сякеры, лыжкі і інш. Хаця яны выраблялі кераміку, частка посуду прывозілася ад дыягіта і аймара. Атакаменьё здабывалі соль, золата і медзь.
Традыцыйныя паселішчы былі дастаткова буйнымі, часам умяшчалі да некалькіх тысяч чалавек. Яны складаліся з каменных пабудоў з трысняговымі дахамі і мноствам невялікіх пакояў. Уваход у пакой знаходзіўся на даху, так што прыходзілася карыстацца лесвіцамі. Атакаменьё таксама належалі крэпасці пукара, традыцыя ўзвядзення якіх была запазычана ў Альтыплана. У XV ст. крэпасці былі пераўтвораны ў адміністрацыйныя цэнтры, адкуль кіравалі намеснікі інкаў.
Вопраткай мужчын і жанчын была кароткая кашуля, па-над якой часам апраналі скураны арнаментаваны плашч. На нагах насілі сандалі, што вырабляліся са скур і трыснягу. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся пацеркамі, шпількамі і заколкамі. Існавалі звычаі дэфармацыі зубоў і чэрапаў.
Атакаменьё шанавалі розных багоў, якія на іх думку, жылі на вулкане Ліканкабур. Яго вяршыня, а таксама суседнія горы лічыліся свяшчэннымі, па павер'ях маглі ўплываць на надвор'е і ўраджай. Пад уплывам Тыўанака распаўсюдзіліся культы, звязаныя з ужываннем галюцынагенаў. Падчас заваявання інкамі практыкаваўся культ сонца, на пагорках узводзіліся сонечныя храмы і стадолы. У каланіяльную эпоху распаўсюдзіўся каталіцызм. Аднак і ў нашы дні захоўваюцца старажытныя замагільныя рытуалы, у тым ліку пахаванне нябожчыка з неабходнымі для далейшага існавання рэчамі і жалоба блізкіх сваякоў і сяброў на працягу года.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Consejo de Pueblos Atacameños Архівавана 24 чэрвеня 2021.
- Atacameños — Chile Precolombino
- Atacama — Pueblos Originarios de América
- Atacamas: Cultura, lenguas, viviendas, vestimenta y gatronomía
- Claudia Zapata Silva, Atacameños y Aymaras: el desafío de la «verdad histórica»
- Héctor Morales Morgado, GÉNESIS, FORMACIÓN Y DESARROLLO DEL MOVIMIENTO ATACAMEÑO (NORTE DE CHILE)