Перайсці да зместу

Марцін Кухта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марцін Кухта
Род дзейнасці друкар, выдавец
Дата нараджэння 1 лютага 1875(1875-02-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 чэрвеня 1956(1956-06-23)[1] (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марцін Ку́хта (літ.: Martynas Kukta; 1 лютага 1875, мястэчка Куркляй, непадалёк ад горада Анікшчэй, Ковенская губерня — 23 чэрвеня 1956, Каўнас) — друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.

Мемарыяльная шыльда ў Вільні на будынку, у якім пасля 1911 года размяшчалася друкарня М. Кукты (вул. Татарская, 20)
Будынак у Вільні, у якім у 1906—1911 гадах размяшчалася друкарня М. Кукты (вул. Універсітэцкая (былая Дварцовая, 4)

Паходзіў з шматдзетнай сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю (чатырохгадовае прыходскае вучылішча). У 1890 годзе апынуўся ў Вільні і накіраваўся ў друкарню Віленскай ваеннай акругі. Тут ён здаў экзамен на прадмет адукаванасці і стаў вучнем наборшчыка. За дзесяць гадоў вучобы Кухта здолеў стаць малодшым наборшчыкам, пасля гэтага паступіў на працу ў Віленскую губернскую друкарню, аднак хутка адтуль звольніўся і накіраваўся ў сталіцу імперыі. Пасля вучобы ў Санкт-Пецярбургу там жа працаваў наборшчыкам і метранпажам.

Дзейнасць да 1914 года

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля адмены забароны на лацінкавы літоўскі друк вярнуўся на радзіму і пры падтрымцы Пятраса Вілейшыса адкрыў у Вільні першую літоўскую друкарню, у якой выходзіла газета «Vilniaus žinios» (бел.: «Віленскія навіны»). Кухта быў там загадчыкам у 1904—1906 гадах.

У сакавіку 1906 года Марцін Кухта заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. Спачатку друкарня месцілася на вуліцы Дварцовай, 4. Колькасць работнікаў друкарні ў розныя гады вагалася ад 15 да 21-го. Былі закупленыя шрыфты ад Лемана і Ольгербранда агульнай вагою больш за 300 пудоў. У маі 1911 года друкарня перамясцілася на вуліцу Татарскую, 20. Гэта была найбуйнейшая літоўская друкарня.

У друкарні Кухты да Першай сусветнай вайны выйшла звыш 300 літоўскіх кніг і брашур, тут жа друкаваліся літоўскія перыядычныя выданні „Balsas“ (бел.: «Голас»), „Lietuvis“ (бел.: «Літовец»), „Lietuvos aidas“ (бел.: «Рэха Літвы»), „Lietuvos žinios“ (бел.: «Літоўскія навіны»), „Viltis“ (бел.: «Надзея») і іншыя газеты, а таксама часопісы «Garsas» (бел.: «Гоман»), «Lietuvių tauta» (бел.: «Літоўская нацыя»), «Šviesa» (бел.: «Святло»). За сваю дзейнасць Кухта неаднаразова пераследваўся ўладамі.

Друкар выпускаў таксама выданні на польскай мове.

Пазнака друкарні Кухты на апошняй старонцы «НН»

10 (23) лістапада 1906 года ў яго друкарні выйшаў першы нумар газеты «Наша ніва». У далейшым друкарня падтрымлівала першую беларускую газету, адкрываючы доўгатэрміновы крэдыт. Нярэдка здараліся выпадкі, калі рэдакцыя за адсутнасцю грошай не магла своечасова плаціць за друк і 5-6 нумароў газеты выходзілі ў крэдыт. Набор газеты каштаваў 45 рублёў за адзін нумар на абодвух шрыфтах. Калі ўжо доўг рэдакцыі падыходзіў да 300 руб., уласнік друкарні пагражаў спыніць друк, але як прыяцель і сімпатык беларускай справы ніколі не рабіў гэтага[2].

Супрацоўнікі Кухты дапамагалі беларускай газеце і падчас канфіскацый, якія ў 1907 годзе былі даволі частымі. Як успамінаў яе супрацоўнік Хведар Імшэнік[3]:

Левыя коскі Жаданне распаўсюдзіць сканфіскаваны нумар было настолькі магутным, што супрацоўнікі "Нашай Нівы" пушчаліся на ўсялякія хітрыкі, каб распаўсюдзіць забаронены нумар газеты. Рознымі праўдамі і няпраўдамі, пры спачуванні рабочых М. Кухты, удавалася чорнымі ходамі вынесці часам даволі шмат сканфіскаваных нумароў. Правыя коскі


У канцы 1907 года друкарня Кухты была зачынена на два тыдні за друк нелегальнай літаратуры.

Кухта друкаваў творы Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Я. Коласа, Цёткі, К. Буйло і іншых пісьменнікаў, беларускія календары, зборнікі, спеўнікі. Выпускаў, сярод іншага, забароненыя цэнзурай творы[4].

У 1914 годзе (на вокладцы пазначаны 1913) у друкарні Кухты тыражом 2 000 экзэмпляраў выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча «Вянок».

У сваім апошнім вершы Багдановіч, які паміраў у Ялце, напісаў:

Левыя коскі У краіне светлай, дзе я уміраю,

У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кніжку маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Правыя коскі
Першая старонка газеты «Рэха Літвы» (літ.: Lietuvos aidas) з тэкстам Акту незалежнасці Літоўскай дзяржавы, надрукаваным Кухтам

Першая сусветная вайна не перарвала дзейнасці прадпрыемства Кухты. Тут працягвала друкавацца «Наша ніва» (да жніўня 1915 года), выйшла адозва «Да грамадзян Беларусі» Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[5].

Кухта ўдзельнічаў у літоўскай грамадскай дзейнасці. 21 лістапада 1914 года ва ўстаноўчым сходзе Літоўскага таварыства дапамогі пацяперлым ад вайны (літ.: Lietuvių draugija nukentėjusiems dėl karo šelpti) быў абраны сябрам камітэту гэтага таварыства[6].

Падчас акупацыі Вільні немцамі гэты друкар выдаваў сярод іншага газету «Гоман». На 1917 год прыйшлася чатырохсотая гадавіна з часу выхаду першай кнігі Францішка Скарыны. Прадпрыемства Кухты выпусціла з гэтай нагоды адмысловую паштоўку[7].

У сярэдзіне 1918 года ў Кухты выйшла беларуская граматыка для школ Браніслава Тарашкевіча, а ў канцы — часопіс «Крывічанін».

Маркі пошты Літвы, надрукаваныя Кухтай

У тым жа годзе за публікацыю Акта незалежнасці Літвы ў газеце „Lietuvos aidas“ Кухта быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, а друкарня была разгромлена. У снежні 1918 года ў яго друкарні былі надрукаваны першыя літоўскія паштовыя маркі.

Незалежная Літва

[правіць | правіць зыходнік]

З абвяшчэннем незалежнасці Літвы (1918), урад купіў друкарню ў 1919 годзе, каб публікаваць свой афіцыйны орган «Літва» (літ.: Lietuva). Друкарня Кухты ў Вільні была рэарганізавана ўладальнікам і яго новымі супольнікамі, атрымаўшы новую назву «Маяк» (літ.: Švyturys).

Некаторыя беларускія выданні былі надрукаваныя ў гэтай установе. Гэта быў зборнік «З чаго ліха на свеце: беларускія казкі» (1919), «Элементарная алгебра» А. Кісялёва (1921—1922) у 2-х частках для беларускіх школ[8]. Таксама там быў надрукаваны першы нумар газеты «Беларускае жыццё», 6 нумароў газеты «Грамадзянін».

Пасля таго, як палякі канчаткова занялі Вільню ў 1920 годзе, у Кухты пачаліся праблемы. Друкарня «Маяк» пераехала ў Каўнас у 1924 годзе і праз чатыры гады злілася з дзяржаўнай установай, змяніўшы сваю назву на «Прамень» (літ.: Spindulys). Большая доля ў новай фірме належала міністэрству фінансаў, таму «Прамень» стала вeльмі сучаснай друкарняй з пераплётнай майстэрняй, цалкам абсталяванай, каб выконваць любыя задачы[9].

Кухта працягваў займацца выданнем кніг і календароў да 1934 года. У гэты час ён меў дзве плоскадрукавальныя машыны, іншае абсталяванне, 7-12 працаўнікоў[10]. У другой палове 1930-х гадоў друкарня збанкрутавала, з-за залішняй даверлівасці гаспадара да калег па бізнесу і абавязку ў якасці паручэнца выплочваць вялікі крэдыт. Але гэта пазбавіла Кухту ад рэпрэсій у 1940 годзе пасля ўстанаўлення савецкай улады ў Літве.

Пасля Другой сусветнай вайны працаваў пісарам ковенскай музычнай школы. Трымаўся за кошт продажу ўласнай калекцыі карцін (у асноўным рускіх мастакоў).

Памёр 26 чэрвеня 1956 г. і пахаваны на Пятрашунскіх могілках у Каўнасе. Аўтарам надмагільнага помніка з’яўляецца вядомы літоўскі скульптар Юозас Зікарас[11].

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

У 2003 годзе заснавальнік віленскай беларускай грамадскай арганізацыі «Сябрына» Валянцін Стэх адшукаў пад Каўнасам роднага ўнука Марціна Кухты — сына дачкі друкара Эдмундаса Манставічуса. Беларуская паэтэса Таццяна Сапач (Дубавец) запрасіла яго да ўдзелу ў адной з перадач на беларускай мове на Літоўскім нацыянальным тэлебачанні «Віленскі сшытак». У інтэрв’ю Таццяне Дубавец Эдмундас Манставічус паведаміў пра дзеда:

Левыя коскі Як чалавек ён быў закрыты. Пра сябе ніколі нічога не распавядаў. Калі трэба было пра што даведацца, дык цяжка было з яго тое выцягнуць… Мама мая памерла ў 1929 годзе, а я нарадзіўся ў 27-м. І я пасля мамінай смерці гадаваўся ў дзядулі з бабуняю, жыў з імі, лічыце, да сямі гадоў. Памятаю, што мы жылі на Лясной вуліцы ў Коўне, недалёка ад дзедавай друкарні[12]. Правыя коскі

У 2005 годзе ў Вільні была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка на літоўскай мове, прысвечаная Марціну Кухце. На яе адкрыцці разам з Э. Мастанавічусам прысутнічала яго дачка і праўнучка друкара Лідзя Гінёцене. Спаткаўшыся з ёй у 2016 і 2019 гадах, беларускі літаратуразнавец Мікола Трус апублікаваў шэраг артыкулаў пра Марціна Кухту ў беларускім друку.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

Родным братам Марціна быў Язэп Кухта, першы літоўскі пробашч у касцёле Святога Мікалая ў Вільні.

Першая жонка друкара, Стэфанія, у дзявоцтве мела прозвішча Мысліборская і дома гаварыла па-польску.

Зноскі

  1. https://www.anykstenai.lt/asmenys/asm.php?id=194
  2. Унучак А. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.). — Мн.: Беларуская навука, 2008. — С. 42.
  3. Імшэньнік Хв. «Наша ніва» і дваццацігадовы юбілей беларускае перыодычнае прэсы // Полымя. — 1926. — № 7. — С. 58.
  4. ЭГБ 2003.
  5. Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 54.
  6. Martynas KUKTA
  7. Трус М. Выдавецкая дзейнасць Марціна Кухты: новыя ракурсы асэнсавання // Беларуская думка, 2020, № 3 — С. 68.
  8. Туронак Ю. Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы 1921—1939 // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 308.
  9. The lithuanian word. Printing
  10. Užtupas 2007.
  11. Трус М. «Я не самотны…»: выдавец Марцін Кухта ў сямейным інтэр’еры // Беларускі гістарычны часопіс. 2021. № 11. С. 3-9.
  12. Сцепаненка П. Друкарня пана Марціна Кухты
  • Века А. Друкар-першапраходзец: Марцін Кухта (1875—?) // Настаўніцкая газета. 2002. 16 лістапада.
  • Каханоўскі Г. Кухта Марцін Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 403. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Летапіс беларускага друку. Ч. 2. — Мн., 1929.
  • Сцепаненка П. Кухта (Kukta) Марцін // Максім Багдановіч: энцыклапедыя. — Мн.: БелЭн, 2011.
  • Трус М. Культурны ракурс: [Магіла Марціна Кухты] // Літаратура і мастацтва. — 2016. — 21 кастрычніка.
  • Трус М. «Я не самотны…»: Месца спачыну Марціна Кухты: дзве спробы пошуку // Роднае слова. — 2016. — № 11.
  • Трус М. Невядомы Марцін Кухта: Закладкі ў сямейным альбоме // Полымя. — 2019. — № 12.
  • Трус М. Выдавецкая дзейнасць Марціна Кухты: новыя ракурсы асэнсавання // Беларуская думка. — 2020. — № 3.
  • Трус М. Друкарня Марціна Кухты і яе ўласнік: На подступах да гістарычнай рэканструкцыі // Роднае слова. — 2020. — № 4.
  • Užtupas V. Kuktos spaustuvė. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. XI (Kremacija-Lenzo taisyklė). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2007. — L. 208