Міхал Богуш-Шышка
| Міхал Богуш-Шышка | |
|---|---|
| | |
| Адынец[d] | |
| Род дзейнасці | дзеяч культуры, архівіст, перакладчык, гісторык, мовазнавец, энцыклапедыст, пісьменнік, археограф |
| Дата нараджэння | 8 лістапада 1811 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 28 лютага (12 сакавіка) 1877 (65 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Месца працы | |
| Альма-матар | |
Міхал Богуш-Шышка (польск.: Michał Bohusz Szyszko; 8 лістапада 1811, маёнтак Варонічы, Ігуменскі павет, Мінская губерня — 28 лютага (12 сакавіка) 1877, маёнтак Альхоў, Цітвянская воласць, Ігуменскі павет, Мінская губерня) — беларускі і польскі культурны дзеяч, архівіст, перакладчык, гісторык, лінгвіст, энцыклапедыст, празаік.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў родавым маёнтку Варонічы Ігуменскага павета, у сям’і Рышарда Шышкі і Караліны з Кучэўскіх[2][3].
Скончыў віленскую гімназію і ў 1832 годзе Віленскі ўніверсітэт. Паводле краязнаўца Аляксандра Ельскага, Міхал Богуш-Шышка ведаў больш за 10 моў, сярод іх старажытныя: лацінская, старажытнагрэчаская, старажытнаяўрэская, стараславянская[3]. Фінансавыя справы бацькоў у той час значна пагоршыліся, таму адразу па заканчэнні ўніверсітэта М. Богуш-Шышка мусіў самастойна зарабляць на жыццё[3]. З 1832 да 1838 года быў перакладчыкам мінскага межавага (падкаморскага) суда.
З 1840 па 1860 год жыве па чарзе ў Вільні, Варшаве і Санкт-Пецярбургу[4], цалкам прысвяціў сябе разумовай працы, перакладаў на польскую мову творы старажытных і сучасных замежных аўтараў, ствараў уласныя творы[3].
У 1860 годзе запрошаны ў Нясвіж для ўпарадкавання архіву Радзівілаў, таксама працаваў у радзівілаўскім Берлінскім архіве. Праца прыносіла невялікія грошы, меней за 500 рублёў, але Богуш-Шышка не адмаўляўся ад яе праз магчымасць працаваць з старажытнымі крыніцамі. Апроч таго, Шышка ахвяраваў палову сваёй зарплаты папярэдніку на гэтай пасадзе, Р. Сымановічу, які праз хваробу больш не меў працы і быў галечы. Адкрыў шэраг дакументаў, сярод якіх арыгінал акту Люблінскай уніі 1569 года. У 1873 годзе памёр Багуслаў Фрыдэрык Радзівіл, галоўны пратэктар Шышкі. Нашчадкі Багуслава Радзівіла не захацелі надалей трымаць бібліятэкара, пагатоў архівы ў Нясвіжы і Берліне былі ўжо ў добрым стане. Перад выездам з Берліна яму была прапанавана пасада рэпетытара, ад якой ён адмовіўся[3].
З моцна пагоршаным здароўем Богуш-Шышка паехаў на лячэнне ў Крыніцу, каб прайсці лячэнне ў ванных. Па дарозе заехаў у Кракаў, які яго моцна ўразіў, пра што пісаў сваёй сястры Браніславе Дыякевічавай з Шышкаў. У 1873 годзе прыехаў у маёнтак Альхоў Ігуменскага павета Мінскай губерні да сястры Браніславы. У 1875 годзе выязджаў на лячэнне праз Варшаву і Адэсу ў Севастопаль. Памёр у Альхове ў 1877 годзе. На пахаванні была ваколічная шляхта, сяляне і яўрэі[3]. Пахаваны на мясцовых могілках каля Узлянаў[5].

У XX стагоддзі магіла была занядбана. У кастрычніку 2024 года валанцёры аднавілі раскіданае надмагілле Міхала Богуша-Шышкі, а таксама суседнія шляхецкія пахаванні[6]. Побач з Міхалам Богушам-Шышкам пахаваны Мацей Дыякевіч (Дзіякевіч), муж Браніславы з Шышкаў, уладальнік маёнтка Альхова, а таксама сама Браніслава з Шышкаў[7].
Археаграфічная праца
[правіць | правіць зыходнік]З 1860 па 1873 год па запрашэнні нясвіжскага ардыната князя Вільгельма Радзівіла працаваў другім архіварыусам у Нясвіжы над сістэматызацыяй прыватнага збору дакументаў князёў Радзівілаў. У яго абавязкі ўваходзіла праца з дакументамі, якія тычыліся гісторыі і літаратуры[8]. Так, напрыклад, у Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца складзеныя Богушам-Шышкам ― вопіс дакументаў за 1410―1787 гады і спісы вядомых асоб, згаданых у дакументах (ЛДІА, фонд 1280 ― «Радзівілы, князі», ч. 1, 1416—1922).
Аказваў дапамогу ў пошуку патрэбных дакументаў гісторыкам, якія прыязджалі ў Нясвіж ― Мікалаю Кастамараву, Пятру Гільтэбранту і іншым[9].
У «Архіве Радзівілаўскім» апублікаваў шэраг звестак аб гісторыі Беларусі і Літвы (Вялікага Княства Літоўскага), Рэчы Паспалітай: пра адказ караля Жыгімонта III маскоўскім паслам у 1610 годзе, аб Лоеўскай бітве 1649 года, аб бітве пад Алькенікамі 1700 года, прамова Яна Сабескага пасля зрыву сойма ў Гродне (1688), акт Барскай канфедэрацыі 1768 года, дзённік ваеннага паходу на маскоўскія землі ў 1660 годзе, дакументы суда над філосафам Казімірам Лышчынскім, лісты Караля Станіслава Радзівіла да князя Мікалая Рэпніна і інш[10][11].
Літаратурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]
Нароўні з вядомымі навукоўцамі ― прафесарам Фларыянам Чапялінскім, пісьменнікам і філолагам Януарыям Філіповічам, паэтам Вінцэнтам Каратынскім, пісьменнікам і перакладчыкам Валяр’янам Тамашэвічам, гісторыкам Аляксандрам Здановічам, ― удзельнічаў у працы над «Слоўнікам польскай мовы» (Вільня, 1861)[12][13].
У 1858—1859 гадах удзельнічаў у стварэнні польскай «Усеагульнай энцыклапедыі» («Encyklopedia Powszechna») Самуэля Оргельбранда, першы том якой з’явіўся ў 1868 годзе[14]. На аснове нясвіжскіх дакументаў напісаў «Нарыс жыцця князя Міхала Кшыштафа Радзівіла, празванага Сіроткам», «Дыярыуш князя Міхала Казіміра Радзівіла», «Гісторыю Астрожскай ардынацыі» (не выдадзена).

Міхал Богуш-Шышка пераклаў на польскую мову:
- «Споведзь» («Wyznania») Святога Аўгусціна (тт. 1—2, 1844)
- «Падарожжы» Аляксандра Гумбальта (тт. 1—4, 1861)
- «Нарыс усеагульнай гісторыі» Георга Вэбера (тт. 1—2, 1862)
- «Лісты Святога Бернарда» Бернарда Клервоскага (1849)
Пераклаў лацінскую частку «Жыцці архіепіскапаў Гнезненскіх, Прымасаў Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, ад Вілібальда да Анджэя Альшоўскага» (1860)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Беларуская Вікіпедыя — 2007.
- ↑ Minakowski M. J. Genealogia potomkow Sejmu Wielkiego.
- ↑ а б в г д е Kłosy 1877.
- ↑ Рыбчонак С. А. Насельнікі Нясвіжскага замка ў сярэдзіне XIX ст. // Архіварыус. Зборнік навукова-папулярных паведамленняў і артыкулаў. — Мн.: БелНДІДАС, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы, 2004. — № 2. Архівавана з першакрыніцы 18 чэрвеня 2017.
- ↑ SgKP 1886.
- ↑ 26 кастрычніка 2024 адбылася талака дзеля ўпарадкавання нядаўна адшуканай магілы Міхала Богуша-Шышкі і іншых шляхецкіх пахаванняў на могілках мястэчка Узляны . Азярычына і ваколіцы. facebook.com (27 кастрычніка 2024).
- ↑ Надмагілле Браніславы Дыякевічавай з Шышкаў вернута на гістарычнае месца.
- ↑ Латушкін А. М. Роля архіварыўсаў у захаванні Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў 2-й пал. XVIII — 1-й пал. XX ст. // Архіварыус. Зборнік навукова-папулярных паведамленняў і артыкулаў. — Мн.: БДУ, 2011. — С. 111-116. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
- ↑ Пазнякоў В. С. Богуш-Шішка Міхал // Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае». — Мн.
- ↑ ARCHIWUM WARSZAWSKIE RADZIWIŁŁÓW DZIAŁ VI: «DIARIUSZE» z lat 1613-1770 (1807). Inwentarz analityczny zespołu PL, 1 354 VI. Opracował Rafał Jankowski. Dzieje przechowywania(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
- ↑ Archiwum Domu Radziwiłłów. Listy Ks. M.K. Radziwiłła Sierotki.-Jana Zamoyskiego.-Lwa Sapiehy. (Rys życia księcia M.K. Radziwiłła, zwanego Sierotką [by M.B. Szyszko) 1885].
- ↑ Słowniki. Okres nowopolski i współczesność(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2017.
- ↑ Słownik języka polskiego, Wilno 1861. Internetowy przewodnik edukacyjny.
- ↑ Zygmunt Brocki. Leksykolodzy I leksykografowie tehniczni w «Polskim slowniku biograficznym» // Kwartalnik Historii нauki і тehniki. — 1965. — № 4. — С. 627-630.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Казлоў У. П., Міхальчанка А. М. Некаторыя пытанні археаграфіі як навуковай дысціпліны Архівавана 6 сакавіка 2016. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 2 / Рэд. кал.: Р. П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелНДІДАС, 2001. — 360 с.
- Jelski A. Michał Buhusz Szyszko (Wspomnienie pośmiertnie)(польск.) // Kłosy : czasopismo. — Warszawa: 1877. — Т. XXV. — № 640. — S. 211—212.
- Jelski A. Olchów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 447.
- Асобы
- Нарадзіліся 8 лістапада
- Нарадзіліся ў 1811 годзе
- Нарадзіліся ў Варонічах
- Памерлі 12 сакавіка
- Памерлі ў 1877 годзе
- Памерлі ў Ігуменскім павеце
- Пахаваныя ў Пухавіцкім раёне
- Выпускнікі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Расійскай імперыі
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі Польшчы
- Перакладчыкі з лацінскай мовы
- Перакладчыкі на польскую мову
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Пісьменнікі Расійскай імперыі
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі Польшчы
- Памерлі ў Пухавіцкім раёне
- Гісторыкі Беларусі
- Археографы Беларусі
- Архівісты Беларусі
- Архівісты Расійскай імперыі
- Архівісты паводле алфавіта
- Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага
- Гісторыкі Польшчы
- Постаці Нясвіжа