Узляны
Вёска
Узляны
| ||||||||||||||||||||||||
Узля́ны[1] (трансліт.: Uzliany, руск.: Узляны) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на левым беразе ракі Вушанка. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. Месціцца за 35 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск—Асіповічы.
Назва[правіць | правіць зыходнік]
Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Узляны мае балцкае паходжанне і адпавядае літоўскаму uzlos — гаць, насціл з жэрдак на гразкай дарозе[2]. Другая распаўсюджаная назва паселішча — Вузляны, існуе версія пра паходжанне назвы ад слова вузел, бо вёска стаіць на скрыжаванні дарог, «звязвае» паміж сабой шматлікія паселішчы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню у афіцыйных дакументах згадваецца ў 2-й палове XVII ст. Узляны дзяліліся на дзве паловы: у мястэчку Узляны пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва, у сяле Паляны — пераважала беларускае. Першая згадка пра сяло Паляны адносіцца да пачатку XVII ст. Гэта было невялікае паселішча, якое належала памешчыку.
Пазней Узляны з ваколічнымі вёскамі перайшлі ў валоданне Віленскага біскупства. У 1771 годзе біскуп віленскі Ігнацы Якуб Масальскі аддзяліў Узляны ад парафіі пярэжырскай, фундаваў тут царкву Покрыва Багародзіцы.
Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) — у Расійскай імперыі, у Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Расійскія ўлады адабралі маёнтак у Касцёла і перадалі яго генералу Пятру Аляксеевічу Ісленеву, які ў 1803 годзе саступіў гэтую маёмасць генералу Адаму Длускаму. Апошні ў 1805 годзе перадаў Узляны Паўлу Сакеру, які быў родам з Курляндыі. У 1829 годзе ў Міхала, сына Паўла Сакера, маёнтак набыў Ярэма Стрэнкоўскі. У 1840 годзе ўдава Стрэнкоўская падзяліла Узляны паміж сваімі дочкамі — Зузанай, жонкай Івана Лапава (Яна Лапы), і Юліяй, жонкай Багуслава (Арцёма Георгіевіча) Копцава (Копаця). Копцавым дасталіся Узляны, а другая палова, названая ў народзе «Зузанполем» ад пабудаванага фальварка, належала Лапавым. У гэты ж час каля 200 яўрэяў «аселі» ў гэтай мясцовасці. Займаліся яны пераважна рознічным гандлем, бо мястэчка атрымала прывілей на нядзельны торг[3].
У 1886 годзе 73 двары, 624 жыхары, ёсць праваслаўная царква, вінакурны завод, яўрэйская малітоўная школа. У канцы XIX ст. сярод землеўладальнікаў Узлян значыліся Філіпіна Мацвееўна Копаць, дваранка, каталічка — маёнтак Узляны Пярэжырскай воласці, 300 дзесяцін зямлі, Міхал Паўлавіч Трафімаў, ганаровы грамадзянін, праваслаўны — маёнтак Сузанполь (Зузанполе), 200 дзесяцін зямлі[4].
У 1897 годзе ў вёсцы 135 двароў, 805 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны; сяло — 76 двароў, 570 жыхароў, другая вёска — 75 двароў, 562 жыхары, маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў. У 1898 годзе пабудаваная новая (драўляная) Пакроўская царква. У 1903 годзе адкрытая царкоўна-прыходская школа[5].
У пачатку XX ст. на месцы сучаснага населенага пункта было 2 вёскі з назвай Узляны. У 1909 годзе вёскі Узляны: 1 — 75 двароў, 502 жыхары; 2 — 76 двароў, 570 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 876 жыхароў, праваслаўная царква, сінагога, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; праводзіліся штотыднёвыя таржкі[5]. У 1914 годзе ва Узлянах дзейнічала Дзяржаўная ашчадная каса № 117 пры Мінскім аддзяленні Дзяржаўнага банка.
У 1917 годзе ў мястэчку — 102 двары. 690 жыхароў, у сяле — 78 двароў, 438 жыхароў; у вёсцы — 103 двары, 521 жыхар; у маёнтку — 39 жыхароў[5].
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
З лютага да снежня 1918 года вёска акупаваная войскамі Германскай імперыі[5].
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узляны абвешчаныя часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшлі ў склад БССР. З снежня 1919 года да ліпеня 1920 года вёска акупаваная войскамі Польшчы[5].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 годзе вучылася каля 70 дзяцей, працавалі 2 настаўнікі. 3 20 жніўня 1924 года цэнтр Узлянскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года); з 18 студзеня 1931 года ў Пухавіцкім, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім, з 6 ліпеня 1935 года ў Смілавіцкім, з 11 лютага 1938 года ў Рудзенскім раёнах[5]. У 1933 годзе былі калгасы імя Сталіна і імя Леніна, 2 млыны, шавецкая майстэрня, 2 кузні. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці[5].
У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 года была акупавана войскамі нацысцкай Германіі. 8 кастрычніка 1941 года нямецкая адміністрацыя здзейсніла забойства 375 мірных жыхароў — яўрэяў, якія жылі ў Вузлянах. Дзейнічала антыфашысцкае падполле, у ваколіцах вёскі — савецкая партызанскай брыгада «Беларусь». 4 ліпеня 1944 года пры савецкім вызваленні раёна каля вёскі ў баі адзначыліся салдаты 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі пад камандаваннем гвардыі капітана Антона Леанцюка, якія, паводле савецкай гістарыяграфіі, з узводам прыдадзеных танкаў у ходзе 3-гадзіннага бою адбілі 6 варожых атак, забілі больш за 600 салдат і афіцэраў, 2 самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі, 4 мінамёты, 9 аўтамашын і бронетранспарцёраў, 6 кулямётаў. Антону Леанцюку, гвардыі сяржантам Дзмітрыю Чапусаву, Афанасію Чарняку, Яфрэму Курачкіну[d] і гвардыі малодшаму сяржанту Васілю Токараву (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[5].
З 8 красавіка 1957 года ў Навапольскім сельсавеце Рудзенскага раёна[6]. З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне[7], з 1 красавіка 1960 года ў Пярэжырскім сельсавеце[8]. У 1960 годзе ў вёсцы 120 жыхароў. У 1970 годзе 166 двароў, 447 жыхароў, цэнтр калгаса імя Куйбышава[5]. У 2002 годзе 151 двор, 399 жыхароў. Да 28 мая 2013 года вёска была цэнтрам Узлянскага сельсавета[9].
- Старыя выявы мястэчка
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

- 1886 — 73 двары, 624 жыхары
- 1897—690 жыхароў
- пачатак XX ст.: 1-я вёска — 75 двароў, 502 жыхары; 2-я вёска — 76 двароў, 502 жыхары; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 867 жыхароў
- 1917 — 5 населеных пунктаў з назвай Узляны: мястэчка — 102 двары, 690 жыхароў; сяло — 78 двароў, 438 жыхароў; вёска (яна ж Паляны) — 103 двары, 521 жыхар; два маёнткі — 78 жыхароў
- 1970—166 двароў, 447 жыхароў
- 1999 — 436 жыхароў
- 2002—151 двор, 399 жыхароў
- 2010—275 жыхароў
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
- Механічныя майстэрні
- Ашчадная каса
- Комплексны прыёмны пункт побытавага абслугоўвання
- Крама
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
- Дашкольная ўстанова
- Базавая школа
Культура[правіць | правіць зыходнік]
- Бібліятэка
- Дом культуры
Медыцына[правіць | правіць зыходнік]
- Фельчарска-акушэрскі пункт
- Втерынарны ўчастак
Турыстычная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Помнік загінулым яўрэям
- Яўрэйскія могілкі
- Брацкая магіла савецкіх войнаў і партызан (1941—1944 гады)
- Помнік на месцы бою воінаў-артылерыстаў 4 ліпеня 1944 года
- Яўрэйскія могілкі
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Сінагога (XVIII ст. —XX?)
- Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (1880)
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Давід Сарноў (1891—1971) — амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША.
- Юджын Лаянс (1898—1985) — амерыканскі журналіст і пісьменнік, стрыечны брат Давіда Сарнова.
- Міхаіл Гебелеў (1905—1942) — кіраўнік падполля ў Мінскім гета.
- Васіль Барташэвіч (1915—2009) — жывапісец.
- Давід Гершановіч (1920—2007) — доктар геолага-мінералагічных навук.
- Соф’я Наркевіч, дзяв. Паўловіч (1928—2009) — свінарка калгаса імя Куйбышава, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР.
На Вузлянскіх могілках пахаваны Міхал Богуш-Шышка (1811, Варонічы — 1877, Альхова), культурны дзеяч, архівіст, перакладчык, гісторык, лінгвіст.
Спіс вуліц[правіць | правіць зыходнік]
- Давіда Сарнова вуліца
- Дамавая вуліца
- Новы завулак
- Палявая вуліца
- Садовая вуліца
- Цэнтральная вуліца[10]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вузля́ны
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 383.
- ↑ Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 869
- ↑ Список землевладельцев Минской губернии, Мн., 1889
- ↑ 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 5,6 5,7 5,8 Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 красавіка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234(руск.)
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса. Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
- Jelski A. Uźlany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa. — 1892. — С. 868—869. — 960 с.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Узляны
- Вузляны Глобус Беларусі