Насельніцтва Ісландыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Агульнае насельніцтва Ісландыі складае каля 340 тыс. чалавек (2017). Гэта апошняе месца сярод краін Еўропы, калі не ўлічваць «карлікаў», ды нават Люксембург мае ў паўтара разы большае за Ісландыю насельніцтва. Аддаленасць Ісландыі ад мацерыка ўскладняла засяленне вострава. Сённяшняя Ісландыя — маланаселеная краіна з этнічна аднародным насельніцтвам. Дзякуючы багатай вуснай і пісьмовай традыцыі шмат сямей можа назваць сваіх продкаў у многіх пакаленнях. Добра захоўваюцца многія старажытныя традыцыі. Закон № 54 ад 27 чэрвеня 1925 г. забараняе грамадзянам Ісландыі мець прозвішчы. Да нашых дзён ісландцы афіцыйна карыстаюцца толькі асабістымі імёнамі і імёнамі па бацьку.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда

Для Ісландыі характэрны хуткі, адзін з найвышэйшых у Еўропе, прырост насельніцтва (1,13 %), які складаецца са станоўчых натуральнага (0,7 %) і міграцыйнага (0,4 %) складнікаў[1]. Пры гэтым улады ажыццяўляюць жорсткі кантроль міграцыі, аддаючы перавагу кваліфікаваным мігрантам з Еўропы. Па прыросце насельніцтва Ісландыя можа паспрачацца з многімі краінамі Лацінскай Амерыкі. Працягласць жыцця ісландцаў — 80,9 гадоў для мужчын і 85,4 для жанчын — адна з найвышэйшых у свеце.

Нацыянальны і рэлігійны склад[правіць | правіць зыходнік]

Рэйк’явік

Нацыянальны склад аднародны: 98,99 % складаюць ісландцы. Ёсць іншыя скандынавы і палякі (па дамове аб будаўніцтве заводаў па здабычы серы і вытворчасці алюмінію да 2015 года з Польшчай і Германіяй). Насельніцтва карыстаецца ісландскай мовай, адной са скандынаўскіх моваў. Высокі ўзровень валодання англійскай мовай. Важнейшай канфесіяй у краіне з’яўляецца лютэранства (каля 90 % насельніцтва адносяць сябе да лютэран).

Размяшчэнне і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Каля 60 % жыхароў сканцэнтравана ў паўднёва-заходняй частцы краіны (Рэйк’явік і яго наваколлі). Амаль 94 % ісландцаў пражываюць у гарадах, такі высокі працэнт урбанізацыі звязаны з субарктычным кліматам краіны. Буйнейшыя гарады: Рэйк’явік (120 тыс., у агламерацыі — 216 тыс.)[2], Хабнарф’ёрдзюр, Акюрэйры (поўнач).

Зноскі