Гісторыя Ісландыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Адкрыццё і засяленне[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ўпершыню Ісландыя была адкрыта экспедыцыяй Піфея ў IV ст. н.э. і апісана пад назвай Туле. Археолагамі былі выяўлены рымскія манеты III ст. н.э., аднак невядома, былі яны завезеныя антычнымі маракамі або пазнейшымі сярэднявечнымі пасяленцамі. Згодна з пісьмовымі крыніцамі, у Ранняе Сярэднявечча, Ісландыю маглі наведваць кельцкія манахі.

У IX ст. востраў выпадкова адкрылі вікінгі з Фарэрскіх астравоў. У скандынаўскім фальклоры ён быў вядомы як «Снежная зямля» ці «Ледзяная зямля». У 874 г. было заснавана першае сталае паселішча нарвежскіх вікінгаў у Рэйк’явіку.

Рэканструяванае старадаўняе рыбацкае паселішча

Хуткай каланізацыі Ісландыі садзейнічала палітыка першага нарвежскага караля Гаральда Рудавалосага (каля 850—933 гг.), якая прывяла да масавага сыходжання нарвежцаў. Сярод пасяленцаў з самага пачатку былі таксама рабы кельцкага паходжання (у асноўным жанчыны і падлеткі). Ісландцы адкрылі і даследавалі Грэнландыю, Лабрадор і некаторыя іншыя паўночныя астравы, прымалі ўдзел у ваенных экспедыцыях скандынаўскіх вікінгаў. Дзякуючы адносна мяккаму клімату той пары, каланісты займаліся пераважна земляробствам. Паміж імі часта ўспыхвалі зямельныя спрэчкі і канфлікты. Для іх прадухілення ў 930 г. быў створаны агульны сход, званы Альтынгам, які ладзіўся штогод. Прымаць у ім удзел маглі ўсе дарослыя свабодныя мужчыны, але галоўную законатворчую функцыю мелі «святыя мужы» (Goðorðsmenn), якія прадстаўлялі буйныя роды ці пасяленцаў пэўнай мясцовасці. У 999 ці 1000 г. ісландцы прынялі хрысціянства. У 1056 г. быў прызначаны першы каталіцкі біскуп Ісландыі.

У перш. пал. XIII ст. уладу на востраве фактычна захапіў род Стурлунгаў (1200—1262 гг.). Аднак афіцыйна дамагчыся каралеўскай кароны яго прадстаўнікі не здолелі. У 1220 г. Сноры Стурлунг упершыню прызнаў сябе васалам нарвежскага караля Хокана IV. У 1262 г. была падпісана унія (т. зв. «Стары запавет») паміж нарвежскім каралём і прадстаўнікамі буйных ісландскіх родаў, якая прадугледжвала выплату ісландцамі падаткаў, роўнасць паміж падданымі Нарвегіі і Ісландыі, усталяванне адзінага заканадаўства і вольнага гандлю паміж дзвюма краінамі.

Пад уладай Даніі[правіць | правіць зыходнік]

З 1380 г. Ісландыя фактычна кіравалася каралямі Даніі, якія мала клапаціліся пра насельніцтва вострава ў сувязі са скарачэннем падаткаў, што ў сваю чаргу было выклікана пахаладаннямі клімату ў XIII—XIV, а потым у XVI—XVII і XIX стст. Пахаладанні прывялі да выпадкаў масавага голаду, згалення і памяншэння колькасці насельніцтва. Земляробства было закінута. Асноўную эканамічную ролю пачалі адыгрываць лоў і экспарт рыбы (галоўным чынам траскі), а таксама жывёлагадоўля.

У XVI ст. правядзенне дацкімі манархамі Рэфармацыі выклікала супраціўленне каталікоў на чале з біскупам Ёнам Арасанам, а затым працяглы крывавы канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі-манархістамі (1541—1550 гг.), які скончыўся перамогай апошніх.

У 1627 г. на ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжа вострава ўрываліся берберскія піраты (Tyrkjaránið). Хаця каля 400—800 ісландцаў апынуліся ў палоне, дацкія ўлады не прадпрымалі рашучых захадаў для абароны Ісландыі.

У 1783 г. у выніку вывяржэння вулкану Лакі загінула каля чвэрці насельніцтва вострава. У 1800 г. было забаронена скліканне Альтынгу. У 1814 г. Нарвегія атрымала незалежнасць ад Даніі, але Ісландыя заставалася падначаленай дацкім каралям. Забарона на гандаль ісландцаў з краінамі, не падпарадкаванымі каралю Даніі (дзейнічала ў 1602—1854 гг.), а таксама новае пахаладанне выклікала спачатку эміграцыю актыўнага насельніцтва (у асноўным, у Канаду), а потым масавую падтрымку руху за незалежнасць.

У 1843 г. ісландцы дамагліся ўзнаўлення працы Альтынгу як дарадчага органу. У 1874 г. Ісландыя атрымала права на самакіраванне (пашырана ў 1903 г.). Згодна акту аб уніі ад 1 снежня 1918 г., Ісландыя прызнавалася незалежнай краінай, хаця фармальным кіраўніком краіны заставаўся кароль Даніі.

Незалежная Ісландыя[правіць | правіць зыходнік]

Ёхана Сігурдардоцір

У 1940 г. акт аб уніі павінен быў быць узноўлены, аднак Данія апынулася пад нямецкай акупацыяй. Нягледзячы на афіцыйны нейтралітэт, Ісландыя была занята брытанскімі войскамі (у 1941 г. — амерыканскімі) і выкарыстоўвалася пад час II Сусветнай вайны для вядзення ваенных дзеянняў супраць Германіі. 17 чэрвеня 1944 Ісландыя была абвешчана рэспублікай. У 1946 г. яна была прынята ў НАТА.

Гісторыя незалежнай Ісландыі не абцяжарана вялікімі палітычнымі падзеямі, таму цікавасць могуць выклікаць хіба эканамічныя з’явы. У другой палове ХХ краіна паспяхова развівалася пад патранажам заходнееўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх саюзнікаў, ператварыўшыя ў адну з самых багатых краін свету. У 1958—1976 Ісландыя вяла «трасковыя войны» з Велікабрытаніяй. Крах банкаўскай сістэмы ў кастрычніку 2008 г. прывёў да моцнага эканамічнага і палітычнага крызісу. На выбарах 2009 г. перамагла кааліцыя Сацыял-Дэмакратычнага аб’яднання і Лева-Зялёнага руху. Прэм’ер-міністрам і кіраўніком дзяржавы стала Ёхана Сігурдардоцір — першая ў свеце з дзейнічаючых глаў дзяржаў, адкрыта абвясціўшая сябе лесбіянкай.

Прэзідэнт Оўлавюр Рагнар Грымсан не змяняўся ў 1996—2016 гг. У 2000 і 2008 ён заставаўся на пасадзе па прычыне адсутнасці іншых жадаючых выставіць кандыдатуру на выбары[1]. У 2016 адбыліся доўгачаканыя выбары з цэлымі двума кандыдатамі. Гісторык Гвюдні Ёўханесан перамог бізнэсвумэн Халл Томасдоцір. У снежні 2016 года новы прэзідэнт меў беспрэцэдэнтна высокі рэйтынг (97 %).

Зноскі