Ордэн Працоўнай Славы (Беларусь)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ордэн Працоўнай Славы
Выява ордэнскай планкі Апісанне ўзнагароды
Арыгінальная назва Ордэн Працоўнай Славы
Краіна  Беларусь
Тып ордэн
Каму ўручаецца усім грамадзянам Рэспублікі Беларусь
Кім уручаецца Прэзідэнтам Беларусі
Падставы ўзнагароджання гл. раздзел статут
Дата заснавання 28 красавіка 2015
Статус уручаецца
Статыстыка ўзнагароджанняў
Першае 10 снежня 2020
Колькасць 17 (2023)
Чарговасць узнагарод
Старэйшая ордэн Воінскай Славы
Малодшая ордэн «За службу Радзіме»

Ордэн Працоўнай Славы — дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь, заснаваная ў 2015 годзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ордэн Працоўнай Славы — пераемнік аднайменнага ордэна часоў СССР, але ў адрозненне ад апошняга, не мае ступеняў[1]. Колеры стужкі беларускага ордэна ўяўляюць сабой спалучэнне колераў стужак двух савецкіх узнагарод — ордэна Працоўнай Славы (чырвоная і жоўтая палоскі) і ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга (сіняя і блакітная палоскі).

Ордэн трапіў у пералік беларускіх дзяржаўных узнагарод у 2014 годзе і быў афіцыйна заснаваны Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2015 года[1]. Апісанне ордэна зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2017 года. У абгрунтаванні да закона паведамлялася, што заснаванне ордэна дазволіць «больш дыферэнцыравана і адэкватна ацэньваць вынікі працоўнай дзейнасці грамадзян у розных галінах народнай гаспадаркі»[2].

Першая партыя ордэна была выраблена ў снежні 2017 года на прадпрыемстве «Сэнс-Геральдыка» і Гомельскім вытворчым аб’яднанні «Крышталь»[3].

Першае ўзнагароджанне адбылося 9 снежня 2020 года — ордэнам быў ганараваны Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт[2]. За некалькі дзён да гэтага Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які дазволіў узнагароджваць ордэнамі не толькі людзей, але і арганізацыі. Такім чынам, ордэн Працоўнай Славы стаў першай беларускай узнагародай, якая была прысуджана не асобе, а арганізацыі.

Статут[правіць | правіць зыходнік]

Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджваюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, арганізацыі, воінскія часці (падраздзяленні), злучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войск і вайсковых фарміраванняў, калектывы іх работнікаў:

  • за асаблівыя дасягненні ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, на транспарце, у сферы абслугоўвання;
  • за выдатныя заслугі ў галіне культуры, літаратуры, мастацтва, адукацыі, медыцыны, навукова-даследчай дзейнасці і іншых галінах працоўнай дзейнасці;
  • за самаадданую высокапрадукцыйную працу, выраб прадукцыі высокай якасці, укараненне ў вытворчасць новай тэхнікі, тэхналогіі, перадавога вопыту, асабліва каштоўныя вынаходствы і рацыяналізатарскія прапановы;
  • за асаблівыя заслугі ў галіне дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці, ва ўмацаванні законнасці, правапарадку і абараназдольнасці краіны.

Узнагароджанне праводзіцца пры ўмове шматгадовай работы ў адпаведных сферах дзейнасці.

Ордэн Працоўнай Славы носіцца на левым баку грудзей і пры наяўнасці іншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна Воінскай Славы.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Ордэн вырабляецца са срэбра 999.9 пробы з залачэннем таўшчынёй у 6 мікронаў; вага — каля 50 грам[3].

Уяўляе сабой знак, у аснове якога — круглая зубчастая разетка з металу серабрыстага колеру. У верхняй частцы ордэна размешчана выява сцяга, пакрытага чырвонай, зялёнай і белай эмаллю, з надпісам залацістага колеру «Працоўная Слава». У цэнтральнай частцы ордэна, пакрытай сіняй эмаллю, размешчаны рэльефны відарыс элементаў, якія сімвалізуюць працу людзей, занятых на транспарце, у будаўніцтве, машынабудаванні і навуцы: самалёт, новабудоўля з вежавым кранам, самазвал БелАЗ, атамнае ядро[3]. Цэнтральная частка ордэна абрамлена выявай шасцярні, пакрытай чорнай эмаллю. Уздоўж шасцярні ўправа і ўлева разыходзяцца пшанічныя каласы ў спалучэнні з лаўровымі лістамі залацістага колеру. Унізе каласы злучаны стужкай, пакрытай белай эмаллю.

Вышыня ордэна — 46 мм, шырыня — 46 мм. Адваротны бок мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзіцца нумар ордэна.

Ордэн пры дапамозе вушка і кальца злучаецца з пяцівугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай цёмна-сіняга колеру шырынёй 24 мм з падоўжнымі палоскамі. Пасярэдзіне стужкі знаходзіцца чырвоная палоска шырынёй 4 мм. Злева і справа ад чырвонай палоскі размешчаны па дзве палоскі жоўтага і блакітнага колеру шырынёй 3 мм кожная.

Узнагароджанні[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат Дата Абгрунтаванне
1 Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт 9 снежня 2020 За значны ўклад у развіццё інжынерна-тэхнічнай адукацыі, правядзенне навуковых даследаванняў у галіне машынабудавання, энергетыкі, будаўніцтва і архітэктуры, укараненне новых сучасных тэхналогій, падрыхтоўку навуковых кадраў і ў сувязі са 100-годдзем з дня заснавання ўніверсітэта
2 Васіль Пятровіч Маркевіч 26 лютага 2021 За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці краіны, развіццё прамысловага комплексу рэспублікі, сельскагаспадарчай галіны і машынабудавання, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, заслугі ў арганізацыі і аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву, навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення
3 Сяргей Мікалаевіч Лютаў
4 Пётр Аляксандравіч Бабак 3 мая 2021 За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага трактарабудавання, прамысловага комплексу рэспублікі і будаўнічай галіны, дасягненні ў сферы навукі і адукацыі, заслугі ў захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культуры, актыўную грамадскую дзейнасць
5 Таццяна Мікалаеўна Жыбуль
6 Леанід Мікалаевіч Самусевіч
7 Ірына Юр’еўна Ляпарская 25 лютага 2022 За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, выдатныя творчыя і спартыўныя дасягненні, заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і будаўнічай галіны, сферы адукацыі, культуры і мастацтва
8 Святаслаў Іванавіч Вецерац 9 верасня 2022 За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, смеласць і рашучасць, праяўленыя пры ратаванні людзей у час пажару, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і распрацоўку інавацыйнай прадукцыі, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне судовай сістэмы, развіццё машынабудавання, нафтахімічнага комплексу, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і прамысловасці, сродкаў масавай інфармацыі, заслугі ў адукацыі, медыцыне, навуцы, культуры, мастацтве і спорце
9 Андрэй Леанідавіч Свірыдаў
10 Сцяпан Пятровіч Халько
11 Іван Іванавіч Патаповіч 14 лістапада 2022 За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў
12 Валянціна Міхайлаўна Раманюк
13 Рыгор Купрыянавіч Шпакаў
14 ААТ Малочны Мір 10 лютага 2023 За значныя дасягненні ў пераапрацоўчай прамысловасці, эфектыўную дзейнасць і выраб прадукцыі высокай якасці
15 Мікалай Раманавіч Пракапчук 9 жніўня 2023 За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выратаванні чалавека на вадзе, значны асабісты ўклад у развіццё судовай сістэмы, нафтапераапрацоўчай і хімічнай прамысловасці, сельскагаспадарчай вытворчасці, дарожнага будаўніцтва, выдатныя дасягненні ў сферах адукацыі, сацыяльнай абароны насельніцтва, гандлю, навукі і культуры
16 Сяргей Уладзіміравіч Яфрэменка
17 Іван Васільевіч Дырман 9 кастрычніка 2023 За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, асабістыя заслугі ў сферы дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці, умацаванні правапарадку і абараназдольнасці дзяржавы

Зноскі

  1. а б Пяць гадоў без герояў. Якія ўзнагароды і званні даўно не ўручаліся ў Беларусі? . Новы час (5 снежня 2019). Праверана 10 снежня 2020.
  2. а б Лукашенко вручил первый орден Трудовой Славы. Что известно о награде (руск.). Sputnik.by (10 снежня 2020). Праверана 10 снежня 2020.
  3. а б в Орден, который еще никому не вручался (руск.). БелТА (1 снежня 2017). Праверана 10 снежня 2020.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]