Пагоня (гімн)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пагоня
Першая публікацыя верша ад 30 лістапада 1917 г. (Вольная Беларусь)
Першая публікацыя верша ад 30 лістапада 1917 г. (Вольная Беларусь)
Аўтар слоў Максім Адамавіч Багдановіч
Кампазітар

Пагоня — беларуская песня на аднайменны верш Максіма Багдановіча (1891—1917).

Напісанне[правіць | правіць зыходнік]

Ідэю верша Максім Багдановіч выношваў чатыры з паловай гады. Перадумовай для яго стала паездка ў Вільню, дзе паэт у 1911 годзе ўбачыў Вострую Браму з гербам «Пагоня»[1].

Пасля заканчэння Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэя і падчас Першай сусветнай вайны, у кастрычніку 1916 года Максім Багдановіч прыехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу сакратара ў Мінскі аддзел «Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны»[2].

У час свайго апошняга прыезду ў Мінск (кастрычнік 1916 — люты 1917) Максім Багдановіч жыў на кватэры ў Змітрака Бядулі па Малагеоргіеўскай вул. д.12 (цяпер завулак Рабкораўскі). Менавіта там напісаныя верш «Пагоня» (1916), а таксама «Страцім-лебедзь», надрукаваныя ў газеце «Вольная Беларусь», 1917, № 32, 30 лістапада[3].

Пра Багдановічаву працу гэтага перыяду Аркадзь Смоліч потым сведчыў[3]:

Нягледзячы на хваробу, ён (Багдановіч) і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38—39.

У сваіх успамінах Змітрок Бядуля пісаў[3]:

У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў.

Таксама ва ўспамінах Бядулі захаваліся словы Багдановіча аб Пагоні, якія ён выказаў на адным з рэфератаў у Мінску ў 1916 годзе[4]:

Я быў пад Вострай Брамай, дзе бываюць дзесяткамі тысяч паломнікі-багамольцы. На Браме красуецца герб старога Бел. Літ. Княства — Пагоня: узброены рыцар сядзіць на скачучым кані і размахвае мячом. Перад маімі вачыма рыцар вырастае ў вялікія размеры, і меч яго пападае якраз у маё сэрца... Я ранены і запаланёны навекі...

Пагоня на Вострай Браме ў Вільне (2016)

Упершыню верш «Пагоня» прагучаў у «Беларускай хатцы». На просьбу Багдановіча, яго ўпершыню публічна зачытаў адзін з заснавальнікаў Беларускай Народный Рэспублікі Аркадзь Смоліч[2][5].

У аўтографе над вершам Багдановіч зрабіў заўвагу, што ў старай Вільне на сцяне Вострай Брамы высечаны герб горада – ваяры на імчалых канях. Ён пісаў, што герб гэты Вільня атрымала яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага і завецца ён «Літоўскай Пагоняй»[6].

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

У свой час песню напісаную на верш палюбілі беларускія эсэры і нацыянал-дэмакраты[7]. У 1992 годзе гімн «Пагоня» ўдзельнічаў у конкурсе на права стать Дзяржаўным гімнам Беларусі, але перамогу не здабыў[7].

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

«Пагоня» пад музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча прасоўваецца ў якасці нацыянальнага гімну Рэспублікі Беларусь[8]. Гімн стаў вядомым у якасці аднаго з сімвалаў пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі, разам з бел-чырвона-белым сцягам. Было праведзена мноства акцый па выкананні гімну ў грамадскіх месцах: ля філармоніі[9], у гандлёвым цэнтры[10], у мінскім метро[11]. У 2020 годзе гімн увайшоў у патрыятычны музычны альбом «Годныя песні» Вольнага хора[12].

Тэкст[правіць | правіць зыходнік]

Падчас выканання ў якасці гімну, як правіла, апошняя страфа не спяваецца, а апошнія радкі 2, 4 і 6 строфы паўтараюцца двойчы.

Арыгінал Беларуская лацінка Літаральны пераклад на англійскую

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі наўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Біце ў сэрцы іх — біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць.

Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль.
Ты прабач, ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Toĺki ŭ sercy tryvožnym pačuju
Za krainu radzimuju žach,
Uspomniu Vostruju Bramu sviatuju
I vajakaŭ na hroznych kaniach.

U bielaj pienie pranosiacca koni,
Rvucca, mknucca i ciažka chrypiać,
Staradaŭniaj Litoŭskaj Pahoni
Nie razbić, nie spynić, nie strymać!

U biazmiernuju daĺ vy liacicie,
A za vami, prad vami — hady.
Vy za kim u pahoniu spiašycie?
Dzie šliachi vašy jduć i kudy?

Mo jany, Bielaruś, paniaslisia
Za tvaimi dziaćmi naŭzdahon,
Što zabyli ciabie, adraklisia,
Pradali i addali ŭ palon?

Bicie ŭ sercy ich — bicie miačami,
Nie davajcie čužyncami być!
Chaj pačujuć, jak serca načami
Ab radzimaj staroncy balić.

Maci rodnaja, Maci-Kraina!
Nie ŭscišycca hetaki boĺ.
Ty prabač, ty prymi svajho syna,
Za Ciabie jamu ŭmierci dazvoĺ!

Ŭsio liatuć i liatuć tyja koni,
Srebnaj zbrujaj dalioka hrymiać…
Staradaŭniaj Litoŭskaj Pahoni
Nie razbić, nie spynić, nie strymać.

As soon as in my anxious heart I hear
Fear for my native country,
I remember the holy Gate of Dawn
And warriors on fearsome horses.

In white foam the horses race,
Darting, dashing and heavily wheezing,
Ancient Lithuanian Pahonia
Cannot be crushed, cannot be stopped, cannot be restrained!

You fly to infinite spaces,
And behind you and ahead of you are years.
Who are you pursuing?
Where is your path and where does it lead?

Maybe, Belarus, they are chasing
After your children,
Who forgot you, disowned you,
Sold you, gave you up?

Knock on their hearts — knock with swords,
Do not let them be strangers!
Let them hear how at night the heart
Is aching for motherland.

Dear mother, motherland!
This pain will not subside.
Forgive, accept your son,
Permit him to die for you!

These horses keep flying,
Their silver harness is clanging in the distance.
Ancient Lithuanian Pahonia
Cannot be crushed, cannot be stopped, cannot be restrained.

Музыка на верш[правіць | правіць зыходнік]

На верш Багдановіча было напісана шмат кампазіцый. Свае варыянты прапаноўвалі такія кампазітары як Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Уладзімір Мулявін, Мікола Равенскі і Аляксей Туранкоў[8]. У міжваенны час беларуская моладзь любіла спяваць «Пагоню» на мелодыю французскай «Марсельезы»[13].

Версія Міколы Шчаглоў-Куліковіча[правіць | правіць зыходнік]

Жывучы ў ЗША ад 1950 году, Мікола Шчаглоў-Куліковіч выдае пяць зборнікаў з апрацоўкамі народнай творчасці і ўласнымі песнямі. У іх таксама ўвайшла «Пагоня» Максіма Багдановіча[14].

Версія Уладзіміра Мулявіна[правіць | правіць зыходнік]

У 1991 годзе да стагодздзя Максіма Багдановіча Ўладзімірам Мулявіным фармуецца аднайменна з адзіным прыжыццёвым зборнікам музыкальная праграма «Вянок»[15][16]. У 1993 кіраўнік Песняроў выканаў сваю версію «Пагоні». У ёй замест радка «Старадаўняй Літоўскай Пагоні» ён праспяваў «Старадаўняй Крывіцкай Пагоні»[17].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Да 125-годздзя Максіма Багдановіча (2017) ў вёсцы Малая Бароўка пад Магілёвам адкрылі памятны знак з высечаным фрагментам верша «Пагоня»[18].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Я. В Міклашэўскі. Каханне і смерць, або, Лёс Максіма Багдановіча: раман-даследаванне. — Мастацкая літ-ра, 1995. — 366 с. — ISBN 9785340012920.
  2. а б Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча (1891–1917) // Uniwersytet Warszawski. — 2018.
  3. а б в Сцепаненка, Паліна. Верш "Пагоня" быў напісаны ў гарачцы(нявызн.)(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ. Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2021. Праверана 15 верасня 2023.
  4. Кастусь Цвірка. Беларускі Кнігазбор / Кастусь Цвірка. — Мінск: Кнігазбор, 2006. — С. 387. Архівавана 17 мая 2022.
  5. Марына Запартыка. Гісторыя сяброўства Максіма Багдановіча і Аркадзя Смоліча . Звязда (29 мая 2017).
  6. Белорусские поэты (XIX - начала XX века) (руск.). — Москва — Ленинград: Советский писатель, 1963. — 472 с.
  7. а б Сымон Барыс. Беларускія песні і гімны. — Мінск: А.М. Вараксін, 2012. — С. 157. — 380 с. — ISBN 978-985-7035-49-6.
  8. а б Нацыянальны гімн Беларусі «Пагоня» ў выкананні аркестра і хору . Symbal By. Праверана 28 жніўня 2020.
  9. «Пагоня»! Новый гимн? Минск, 17 августа. Филармония против насилия | протесты в Беларуси 2020 // Кто, если не мы? Протесты и забастовки в Беларуси. 17 августа 2020.
  10. Люди поют «Пагоню» в ТРЦ Galleria Minsk // TUT.BY. Политика. 26 августа 2020.
  11. В Минске прямо на платформе метро спели «Магутны Божа» и «Пагоню» — вот как это было (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (27 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 27 жніўня 2020. Праверана 28 жніўня 2020.
  12. «Вольны хор» прэзентаваў унікальны альбом «Годныя песні». 16-11-2020
  13. Вінцук Вячорка. Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»? . Радыё Свабода (24 сакавіка 2021). Праверана 15 верасня 2023.
  14. Свабода, Радыё. Імёны Свабоды: Мікола Шчаглоў-Куліковіч . Радыё Свабода (7 снежня 2007). Праверана 15 верасня 2023.
  15. Свабода, Радыё. Аксана Спрынчан — пра самую сьпеўную паэзію . Радыё Свабода (27 жніўня 2011). Праверана 16 верасня 2023.
  16. «Песняры» и белорусская литература(недаступная спасылка). Национальная библиотека Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2020. Праверана 16 верасня 2023.
  17. Организовывали протесты, выступали за БЧБ и «Погоню». Рассказываем, какие известные в прошлом белорусы сейчас бы попали под репрессии (руск.). Зеркало (15 лютага 2023). Праверана 16 верасня 2023.
  18. Аб. У вёсцы пад Магілёвам спадзяваньні на рамонт дарог — толькі на Максіма Багдановіча . Радыё Свабода (26 мая 2017). Праверана 16 верасня 2023.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]