Палессе (прадпрыемства)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Палессе»
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 27 студзеня 1965
Заснавальнікі Савет народнай гаспадаркі БССР
Размяшчэнне Пінск, Брэсцкая вобласць (Беларусь)
Галіна Лёгкая прамысловасць
Прадукцыя Джэмпер, жакет, нагавіцы, спадніца, сукенка, світар, шалік, шапка
Абарот 273,012 млрд рублёў[1] (2014; $26,609 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак -66,265 млрд руб ($-6,459 млн)
Чысты прыбытак -64,872 млрд руб ($-6,323 млн)
Матчына кампанія «Беллегпрам»
Сайт www.polesie.by

«Палессе» — найбольшае трыкатажнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1965 года ў горадзе Пінску. На 2015 год мела 24 крамы «Пінскі трыкатаж» у 13 гарадах ва ўсіх абласцях Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

27 студзеня 1965 года пачалося ўзвядзенне вытворчых карпусоў Пінскага камбінату верхняга трыкатажу, якое стала найбуйнейшым прадпрыемствам лёгкай прамысловасці Беларусі. 28 снежня 1968 года была запушчана 1-ая чарга вытворчасці. У 1970 годзе была адчынена камвольная фабрыка (часальна-прадзільная вытворчасць) для выпуску паўшарсцяной і штапельнай(руск.) бел. пражы. У 1972 годзе была ўведзена ў дзеянне фабрыка аб’ёмнай пражы для выпуску поліакрыланітрыльнай(англ.) бел. пражы.

28 жніўня 1980 года камбінат ператварылі ў Пінскае прадзільна-трыкатажнае аб’яднанне. 16 кастрычніка 1991 года назва была зменена на Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе», якое 10 лютага 1992 года увайшло ў канцэрн «Беллегпрам» (Мінск). 20 лютага 1995 года аб’яднанне стала ААТ[3]. На 2001 год вырабляліся трыкатаж, аб’ёмная і шарсцяная пража[4].

На 2011 год ААТ «Палессе» мела каля 4 тысяч супрацоўнікаў, з якіх 1450 (36 %) працавалі на фабрыцы. Ажыццяўляўся пашыў джэмпераў, жакетаў, спартыўных касцюмаў, сукенак і світараў. Уласная сетка збыту ў Беларусі налічвала звыш 20 фірмавых крамаў, найбольш у сталіцы і Пінску. Палова вырабаў экспартавалася ў Расію[5]. На 2013 год вытворчыя плошчы ААТ складалі 11,87 га. Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў Віцебску, Гомелі і Магілёве. Сетка збыту складалася з 8 крам у Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. У асноўным выпускаліся пража (51 %) і трыкатаж (47 %). Гадавая вытворчая магутнасць прадпрыемства склала 4166 тон пражы (2 724 тон аб’ёмнай — 65 %, 1 161 тон шарсцяной — 28 % і 281 тон штапельнай — 7 %), 1878 тысяч трыкатажных вырабаў і 12 тон трыкатажнага палатна. ААТ «Палессе» мела 3232 супрацоўнікі[6].

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 755 ад 23 снежня 2020 года прадпрыемству спісалася запазычанасць перад «Белаграпрамбанкам» па аплаце працэнтаў і пені на агульную суму 5,7 млн беларускіх рублёў па 22 крэдытных дагаворах. Замест грошай «Белаграпрамбанк» атрымаў 228 тыс. акцый дадатковага выпуску намінальным коштам 25 рублёў[7].

Зноскі

  1. Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2014 год (руск.) , Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (29 мая 2015). Праверана 19 верасня 2015.
  2. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год , Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь . Праверана 19 верасня 2015.
  3. Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе» (руск.) . Фондавы каталог дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь (31 мая 2012). Праверана 19 верасня 2015.
  4. Пінскі камбінат верхняга трыкатажу // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.
  5. Уладзімір Хількевіч, Алена Даўжанок. А пра моду спытайце ў «Палесся» // Звязда : газета. — 29 верасня 2011. — № 186 (27049). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  6. Інфармацыйны мемарандум ААТ «Палессе» (руск.) . Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь (31 мая 2014). Праверана 19 верасня 2015.
  7. Власти РБ списали двум предприятиям просроченные проценты по кредитам на 13,7 млн. рублей (руск.) . AFN (24 снежня 2020). Праверана 24 снежня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]