Праграма «Вікінг»
Праграма «Вікінг» — касмічная праграма НАСА па вывучэнні Марса. Праграма ўключала запуск двух ідэнтычных касмічных апаратаў — «КА Вікінг-1» і «КА Вікінг-2», якія павінны былі правесці даследаванні з калямарсіянскай арбіты і на паверхні Марса, у прыватнасці, пошук жыцця ў пробах грунта. Кожны «Вікінг» складаўся з арбітальнай станцыі — штучнага спадарожніка Марса — і спускальнага апарата з аўтаматычнай марсіянскай станцыяй.
Праграма «Вікінг» завяршала серыі палётаў касмічных апаратаў НАСА для вывучэння Марса ў сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя, пачатак якім паклаў з пралётнай траекторыі «КА Марынер-4» у 1964 годзе, працягнулі з пралётнай траекторыі «КА Марынер-6» і «КА Марынер-7» (1969) і першы штучны спадарожнік іншай планеты «КА Марынер-9» у 1971—1972 гадах. Аўтаматычныя марсіянскія станцыі «Вікінгаў» — першыя касмічныя апараты, якія паспяхова працавалі на паверхні Марса. Гэта адна з найбольш інфарматыўных і паспяховых марсіянскіх праграм, хоць ёй і не атрымалася выявіць жыццё.
Абодва апараты былі запушчаны ў 1975 годзе з мыса Канаверал, штат Фларыда. Перад палётам спускальныя апараты былі старанна стэрылізаваны для прадухілення заражэння Марса зямнымі формамі жыцця. Час палёту заняў трохі менш за года і да Марса Вікінгі прыбылі ў 1976 годзе. Працягласць місій «Вікінг» планавалася ў 90 дзён пасля мяккай пасадкі, але кожны апарат прапрацаваў значна больш гэтага тэрміна. Штучны спадарожнік Марса «КА Вікінг-1» прапрацаваў да 7 жніўня 1980 года, аўтаматычная марсіянская станцыя — да 11 лістапада 1982 года (З прычыны памылкі аператара пры абнаўленні праграмнага забеспячэння накіраваная антэна апусцілася ўніз і сувязь была страчана). Штучны спадарожнік Марса «КА Вікінг-2» функцыянаваў да 25 ліпеня 1978 года, аўтаматычная марсіянская станцыя — да 11 красавіка 1980 года.
Арбітальныя апараты
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі задачамі двух арбітальных апаратаў «Вікінг» была транспарціроўка пасадачных модуляў на Марс, правядзенне разведкі для вызначэння месцазнаходжання і сертыфікацыі пасадачных пляцовак, выкананне функцый рэтранслятараў сувязі для пасадачных модуляў і правядзенне ўласных навуковых даследаванняў. Кожны арбітальны апарат, створаны на аснове больш ранняга касмічнага карабля «Марынер-9», і ўяўляў сабой васьмівугольнік дыяметрам прыкладна 2,5 метра. Цалкам запраўленая пара арбітальны карабель — пасадачны модуль (спускальны апарат + абцякальнік з цеплавым экранам) мела масу 3527 кг. Пасля аддзялення і прызямлення спускальны апарат меў масу каля 600 кг, а арбітальны апарат — 900 кг. Поўная стартавая маса складала 2328 кг, з іх 1445 кг — паліва і газ (для тармазных рухавікоў пасадачнага модуля). Восем граняў кольцападобнай канструкцыі мелі вышыню 0,4572 м і шырыню напераменку 1,397 і 0,508 м. Агульная вышыня ад кропак мацавання пасадачнага модуля (унізе) да кропак мацавання да ракеты-носьбіта (уверсе) складала 3,29 м. Па баках арбітальнага апарата выступалі чатыры крылы сонечных панэляў (у розныя бакі). Адлегласць ад кончыка да кончыка дзвюх процілегла выцягнутых сонечных панэляў складала 9,75 м.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- КА Вікінг-1
- КА Вікінг-2
- Даследаванне Марса — агляд даследавання Марса класічнымі метадамі астраноміі і з дапамогай касмічных апаратаў.
- Касманаўтыка
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Праграма «Вікінг»
- Праграма «Вікінг» на сайце NASA
- Праграма «Вікінг» на сайце Jet Propulsion Laboratory Архівавана 15 ліпеня 2013.