Перайсці да зместу

Пётр Уладзіміравіч Свентахоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пётр Уладзіміравіч Свентахоўскі
Дата нараджэння 19 сакавіка 1939(1939-03-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 2006
Грамадзянства
Жонка Валянціна Міхайлаўна Свентахоўская[d]
Дзеці Усевалад Пятровіч Свентахоўскі
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Жанр пейзаж, партрэт, нацюрморт
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм, імпрэсіянізм
Вядомыя працы «Подзвіг беларуса І. Ю. Філідовіча» (1985) «Ліпеньская ранак» (1990) «Невядомы салдат» (2006)
Уплыў Пётр Данелія
Уплыў на Уладзімір Вішнеўскі, Віктар Мікіта, Віктар Ціханаў

Пётр Уладзіміравіч Свентахоўскі (19 сакавіка 1939, цяпер в. Зубачы — 2006) — беларускі жывапісец, педагог.

Пётр Свентахоўскі нарадзіўся ў вёсцы Зубачы сучаснага Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Першыя крокі ў мастацтве зрабіў пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Пятра Данеліі ў мастацкай студыі Брэста. У 1950-я пачалі сцвярджацца новыя пластычныя прыёмы, з мінулага былі вернуты забытыя імёны. Данелія актыўна працаваў, асабліва ў жанры пейзажа. Выкладаў імпрэсіянізм, вучыў эксперыментаваць з колерам. Пётр Свентахоўскі скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і аддзяленне жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасля выкладаў — у Рэспубліканскай мастацкай школе-інтэрнаце, у Акадэміі мастацтваў, дзе вёў акадэмічны малюнак. Быў сакратаром па арганізацыйных пытаннях у Саюзе мастакоў. Вучні Петра Свентахоўскага — Уладзімір Вішнеўскі, Віктар Мікіта, Віктар Ціханаў, У. Панцялееў, Г. Асташонак ды іншыя.

Член КПСС з 1978 года.

Вайна, што прайшла праз дзяцінства мастака, натуральны для тых часоў пафас перамогі і павага да вайскоўцаў зрабілі адным з асноўных стрыжняў яго творчасці ваенную тэматыку. Яго першыя замалёўкі занатоўвалі выразныя твары і напружаныя паставы пагранічнікаў і танкістаў. Змаганню беларусаў ён прысвяціў грунтоўныя шматфігурныя кампазіцыі «Трывога» (1966), «На заданне» (1985), «Подзвіг беларуса І. Ю. Філідовіча» (1985). Гармонія светабачання, адчуванне Радзімы, успамін пра вясковае маленства вылучаюць многія работы Свентахоўскага. Мастак намаляваў разбураныя вежы Наваградскага замка і частку землянога валу. Мастацкая спадчына Свентахоўскага вельмі багатая і разнастайная. Мастак спрабаваў сябе і як партрэтыст (выявы Еўфрасінні Полацкай, Цішкі Гартнага, Леаніда Шчамялёва), пісаў нацюрморты.

Меркаванні сучаснікаў

[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Басалыга, старшыня Беларускага саюза мастакоў і сябар Свентахоўскага, адзначыў:

«Я заўжды зайздросціў яго смеласці, шырыні натуры, валоданню колерам — здаецца, не вельмі яркім, але такім магутным па пластычнай напоўненасці. Зямля ў яго ляжыць так, што на яе, здаецца, можна абаперціся нагамі. Ён часта пісаў азёрныя краявіды, далёкія прасторы, неба над возерам. І штораз гэтыя матывы набывалі сваё адметнае гучанне. Я бачыў, як ён працаваў над батальнымі сцэнамі. Адчуваў іх дынаміку, напружанасць. Ён умеў перадаць трагізм. Умеў выказаць і замілаванасць спакойным краявідам. Ён любіў прыроду, зычліва і спачувальна ставіўся да людзей. Без гэтых уласцівасцей мастакоўскай і чалавечай душы іскрынкі цеплыні не зіхацелі б так выразна на ягоных палотнах»

.

У шлюбе з беларускай мастачкай Валянцінай Міхайлаўнай Свентахоўскай (нар. 1938). Меў сына Усевалада (нар. 1966), таксама мастака.