Рабочы рух
Рабочы рух — палітычны, грамадскі і сацыяльны рух, накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў рабочага класа.
Формы
[правіць | правіць зыходнік]Рабочы рух можа дзейнічаць у розных формах. Найбольш характэрнымі для рабочага руху з’яўляюцца:
- Прафесійныя саюзы, як аб’яднанне людзей па родзе дзейнасці
- Палітычныя партыі, пераважна марксісцкага кшталту (камуністычныя, сацыялістычныя, сацыял-дэмакратычныя, лейбарысцкія і рабочыя партыі)
- Народныя франты, як шырокія кааліцыі розных палітычных рухаў, пераважна левага толку
- Кааператывы, як арганізацыі эканамічнай узаемадапамогі
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Рабочы рух пачаў фармавацца з развіццём прамысловай рэвалюцыі. Першымі формамі рабочага руху можна назваць лудызм, чартызм і трэд-юніянізм.
У ХІХ стагоддзі роля пралетарыяту ў грамадстве стала паступова ўзрастаць. Кансалідацыя працоўных прывяла да стварэння ў 1864 годзе першай масавай міжнароднай арганізацыі пралетарыяту — Міжнароднага таварыства працоўных. Аднак рознагалоссі паміж Карлам Марксам і Міхаілам Бакуніным прывялі да распаду арганізацыі ў 1876 годзе. Пасля распаду таварыства ў 1889 годзе, рабочыми і анархісцкімі арганізацыямі быў створаны спадчыннік Першага інтэрнацыяналу — Рабочы інтэрнацыянал.
Таксама ў ХІХ стагоддзі пачалі фарміравацца і нацыянальныя арганізацыі рабочага класа, такія як Усеагульная нямецкая рабочая асацыяцыя (1863), Рабочая партыя Францыі (1879), Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (1879), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898), Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі (1900).
Важнымі вехамі ў развіцці рабочага руху з’яўляюцца паўстанні, забастоўкі і рэвалюцыі, якія адбываліся ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Першай паспяховай спробай абвяшчэння ўлады працоўных з’яўляецца Парыжская камуна, якая праіснавала 72 дні. На развіццё рабочага руху аказала ўплыў і руская рэвалюцыя 1905 года. Ключавымі сіламі, якія арганізоўвалі стачкі ў гэты час, з’яўляліся новаствораныя прафсаюзы, такія як французская Усеагульная канфедэрацыя працы, іспанская Нацыянальная канфедэрацыя працы, Амерыканская федэрацыя працы і іншыя арганізацыі.
Інтэграцыя ў капіталістычную сістэму як правага крыла сацыял-дэмакратыі, так і кантраляванага ім прафсаюзнага руху прывяла да вострага крызісу ў рабочым руху з пачаткам Першай сусветнай вайны. Так, напрыклад, пазіцыя некаторых рабочых арганізацый у падтрымку вайны прывяла да распаду Рабочага інтэрнацыяналу.
Сусветны рэвалюцыйны ўздым 1917—1923 гадоў, пачатак якому паклала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі, суправаджаўся і новай актывізацыяй рабочага руху (стварэнне саветаў працоўных дэпутатаў у Расіі, Германіі, Венгрыі; «вялікія стачкі» 1919–20 у Францыі; «чырвонае двухгоддзе» 1919–20 у Італіі). Са стварэннем Камуністычнага інтэрнацыянала і Чырвонага інтэрнацыянала прафсаюзаў у рабочым руху вылучыўся камуністычны напрамак, які застаўся дамінуючым на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Увогуле, у міжваенны перыяд прафсаюзы і левыя партыі захоўвалі свой вялікі ўплыў на грамадства, прымусіўшы ўрады весці больш сацыяльна-арыентаваную палітыку («новы курс» у ЗША, рэформы Народнага фронта ў Францыі).
У час Другой сусветнай вайны рабочыя прынялі актыўны ўдзел і былі апорай Руху Супраціўлення на тэрыторыі краін, акупаваных Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. Пасля заканчэння вайны была ўтворана Сусветная арганізацыя прафсаюзаў, якая аб’яднала прафсаюзы амаль усіх краін свету. З пачаткам халоднай вайны ў САП адбыўся раскол, і прафсаюзы капіталістычных краін арганізавалі Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Пасля вайны ў заходніх краінах пры падтрымцы рабочага руху працягнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на ўмацаванне сацыяльнай дзяржавы (рэформы Сацыял-дэмакратычнай партыі Швецыі або палітыка Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі). У шэрагу краін Заходняй Еўропы рабочы рух адыграў важную ролю ў стварэнні сістэмы ўдзелу работнікаў у кіраванні прадпрыемствамі (законы 1950–1960-х гг. у ФРГ аб удзеле асоб наёмнай працы ў кіраванні вытворчасцю; закон 1968 у Францыі аб пашырэнні правоў прафсаюзаў у камітэтах прадпрыемстваў, прыняты пасля ўсеагульнай забастоўкі 1968 у Францыі, закон 1970 у Італіі аб легалізацыі фабрычна-завадскіх камітэтаў, прыняты пасля масавых забастовак 1968–69, і іншыя).
Дамінаванне аўтарытарнай камуністычнай ідэалогіі ва Усходняй Еўропе ў рабочым руху гэтага рэгіёна прывяло ў далейшым да поўнай залежнасці рабочых арганізацый ад дзяржавы. Першыя незалежныя ад дзяржавы прафсаюзы пачалі ўтварацца ў сацыялістычным блоку толькі ў 1970–1980-х гадах («Салідарнасць» у Польшчы, Свабоднае міжпрафесійнае аб’яднанне працоўных у СССР).
У цяперашні час рабочы рух перажывае перыяд заняпаду. Ва ўмовах сусветных эканамічных крызісаў 1973–75, 1980–82, 1991–93 гадоў і правядзення неакансерватыўнай палітыкі ў развітых капіталістычных краінах (Маргарэт Тэтчэр у Вялікабрытаніі, Рональд Рэйган у ЗША і іншыя) рабочы рух аслабеў. Паражэнне буйных забастовак, у тым ліку авіядыспетчараў у ЗША (1981) і шахцёраў у Вялікабрытаніі (1984–85), працэсы глабалізацыі і інтэрнацыяналізацыі вытворчых структур прывялі да зніжэння ролі прафсаюзаў. Негатыўны ўплыў на развіццё працоўнага руху аказалі таксама распад сусветнай сістэмы сацыялізму і распад СССР.
Ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, які разгарнуўся з 2008 года, перад рабочым рухам стаіць задача супрацьдзейнічаць наступу капіталу і дзяржавы на правы наёмных работнікаў і на іх сацыяльныя заваёвы. Буйныя стачкі часам перарастаюць у жорсткія сутыкненні з паліцыяй (у Грэцыі ў 2010–2012[1], у Рэспубліцы Карэя ў 2013–14[2]), суправаджаюцца ахвярамі (забастоўка шахцёраў у ПАР у 2012[3]). Рабочы рух па-ранейшаму падзелены на ўмеранае крыло (трэд-юніянісцкі, рэфармісцкі; як правіла, звязаны з сацыял-дэмакратычнымі і сацыял-ліберальнымі партыямі) і больш радыкальнае (арыентуецца на камуністычныя і сіндыкалісцкія ідэі). Нараўне з «афіцыйнымі» прафсаюзамі, якія прадстаўляюць большасць арганізаваных работнікаў, існуюць альтэрнатыўныя прафсаюзы, якія дзейнічаюць больш рашуча. Захоўваюцца хрысціянскія, сіндыкалісцкія і іншыя радыкальныя левыя прафсаюзы, але ўплыў ідэалагізаванага рабочага руху істотна знізіўся.
Зноскі
- ↑ Протесты в Греции: полиция применила слезоточивый газ. Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2010. Праверана 9 сакавіка 2011.
- ↑ За первый день забастовок в Южной Корее компания Hyundai потеряла $39 млн. Праверана 19 кастрычніка 2022.
- ↑ В ЮАР растет число жертв среди бастующих шахтеров. Праверана 19 кастрычніка 2022.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Петряев К. Д. Очерки истории рабочего движения Германии, Франции, Англии, США в 1871–1914 гг. (руск.). — К., 1974.
- Волков А. И. Конфронтация или компромисс (руск.). — М., 1986.
- Дамье В. В. Забытый Интернационал (руск.). — М., 2006-2007.
- Шубин А. В. Социализм: «золотой век» теории (руск.). — М., 2007.