Святаполк Уладзіміравіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Святаполк Уладзіміравіч, Святаполк Яраполчыч
ст.-рус.: Свѧтопо́лкъ Влади́мировичь
Sviatopolk silver srebrenik.jpg
Срэбранік Святаполка. На рэверсе манеты — яго княжацкі знак: двузуб, левы канец якога завершаны крыжом.
Alex K Sviatopolk I.svg
Знак Святаполка.
VII-ы вялікі князь кіеўскі
15 ліпеня 1015 — 1016
Папярэднік: Знак Уладзіміра Святаславіча Уладзімір Святаславіч
Пераемнік: Знак Яраслава Уладзіміравіча Яраслаў Уладзіміравіч
1018 — 1019
Папярэднік: Яраслаў Уладзіміравіч
Пераемнік: Яраслаў Уладзіміравіч
2-і князь тураўскі
988 — 1016
Папярэднік: Тур
Пераемнік: Яраслаў Уладзіміравіч
1018 — 1019
Папярэднік: Яраслаў Уладзіміравіч
Пераемнік: Яраслаў Уладзіміравіч
 
Веравызнанне: Хрысціянскі крыж хрысціянства
Нараджэнне: каля 979
Смерць: 1019
Польшча альбо Чэхія (?)
Дынастыя: Рурыкавічы Рурыкавічы
Бацька: Уладзімір Святаславіч альбо Яраполк Святаславіч
Маці: паводле Тацішчава — Юлія, жонка Яраполка Святаславіча, а затым Уладзіміра Святаславіча
Жонка: Польскі герб, X — XIV ст. імя невядома, дачка Баляслава I Храбрага
 
Ваенная служба
Гады службы: 1015—1016, 1018—1019
Прыналежнасць: Знак: трызуб Русь
Званне: вялікі князь
Камандаваў: кіеўскае войска
Бітвы: Любецкая (1015 ці 1016)
 
Аўтограф: Alex K Sviatopolk I.svg

Святапо́лк, у хрышчэнні Пётр (ст.-рус. Свѧтопо́лкъ, укр.: Святопо́лк; каля 979—1019) — князь тураўскі (першы з Рурыкавічаў, 988—1016 і 1018—1019), вялікі князь кіеўскі (1015—1016, 1018—1019).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Пісьмовыя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле «Аповесці мінулых часоў» (АМЧ), Святаполк быў народжаны ўдавой вялікага князя кіеўскага Яраполка Святаславіча, які загінуў у міжусобнай барацьбе з братам, князем наўгародскім Уладзімірам Святаславічам. Пасля гібелі Яраполка вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір, а ўдаву Яраполка ён зрабіў адной са сваіх жонак. АМЧ паведамляе, што ўдава была цяжарная ад Яраполка: «бе не праздна», у такім разе бацькам Святаполка быў Яраполк.

Імя маці Святаполка летапісы не паведамляюць. Яна была грачанкай і былой манахіняй, якую дзед Святаполка, вялікі князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч вывез з манастыра падчас аднаго з сваіх паходаў і выдаў замуж за Яраполка «красы деля лица ея» («за прыгажосць яе твару»). Паводле В. М. Тацішчава, які мог карыстацца не дайшоўшымі да нашага часу крыніцамі, яе звалі Юлія.

АМЧ называе Святаполка «сынам двух бацькоў» («ад двою отцю») і заўважае з намёкам на далейшы лёс князя: «ад грахоўнага плод злы бывае». АМЧ пісалася ў XII ст. у час княжання нашчадкаў Яраслава Уладзіміравіча, які быў праціўнікам Святаполка. Таму звесткі пра жыццё Святаполка, выкладзеныя ў АМЧ, выклікаюць недавер многіх даследчыкаў. Не выключана, што гісторыя з цяжарнасцю ад Яраполка ўяўляе сабой легендную ўстаўку з мэтаю ачарніць Святаполка.

Найстаражытны тэкст Наўгародскага першага летапісу без агаворак называе Святаполка сынам Уладзіміра, тое самае піша і нямецкі храніст, сучаснік падзей, епіскап Цітмар Мерзебургскі.

Пры разглядзе пытання аб бацьку Святаполка неабходна звяртаць увагу і на наступную акалічнасць. Яраполк ажаніўся на грачанцы каля 968 года. Летапіс за ўсе гады іх шлюбу зусім не называе дзяцей у іх сям'і, відавочна, іх не было. Адсюль верагодней, што Святаполк быў народжаны ад Уладзіміра[1].

Разам з тым, вядома, што ў 1018 годзе Святаполк узяў у закладніцы мачыху і сясцёр Яраслава; наўрад ці гэта было б магчыма, калі б ён таксама лічыў сябе сынам Уладзіміра.

Вылучалася таксама гіпотэза, што Святаполк быў сынам не грачанкі, а «чэхіні», адной з першых жонак Уладзіміра.

Святаполк — праўнук вялікага князя кіеўскага Ігара Рурыкавіча і прапраўнук князя наўгародскага Рурыка.

Імя і княжацкі знак[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі антрапанімікі звяртаюць увагу на тое, што амаль усе іншыя сыны Уладзіміра ў яго дахрысціянскіх шлюбах мелі імёны, пабудаваныя на корані «-слав» у гонар іх дзеда Святаслава: Вышаслаў, Ізяслаў, Мсціслаў, Яраслаў, Станіслаў, Судзіслаў, Святаслаў (і дачкі — Прадслава, Праміслава, Мсціслава) — па прынцыпе вар'іравання родавага імя. А імя «Святаполк» хоць і паказвае, што яго дзедам быў Святаслаў, у 2-й частцы з'яўляецца вар'іраваннем імя Яраполк — гэта значыць, адрозненне паміж гэтымі дзецьмі (альбо сумневы Уладзіміра ў сваім бацькоўстве) адчуваліся пры выбары імя для Святаполка[2].

На падставе знака на манетах Святаполка (двузуб) робіцца выснова, што сам князь паказваў сваё паходжанне ад Яраполка[3]. Калі гэтая версія правільная, то гэта сведчыць пра імкненне Святаполка адмежавацца ад Уладзіміра і іншых яго сыноў. Але інтэрпрэтацыя княжацкіх знакаў даволі спрэчная: двузуб (без крыжа) быў знакам Яраполка, але выкарыстоўваўся і Мсціславам — сынам Уладзіміра.

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак княжання ў Тураве[правіць | правіць зыходнік]

Наўгародскі першы летапіс лічыць Святаполка трэцім па старшынстве сярод сыноў Уладзіміра — пасля Вышаслава і Ізяслава (хоць у АМЧ перад Святаполкам пастаўлены Яраслаў). У цяперашні час факт старшынства Святаполка перад Яраславам даказаны[4]. Старэйшы з братоў, Вышаслаў, атрымаў княжанне ў Наўгародскай зямлі — другой па значэнню на Русі пасля Кіеўскай. Ізяславу была вернута Полацкая зямля (як спадчына яго дзеда па маці, князя полацкага Рагвалода). Святаполк у 9—10-гадовым узросце атрымаў княжанне ў Тураўскай зямлі. Яраслаў стаў князем растоўскім.

Пасля смерці Ізяслава (1001) і Вышаслава (каля 1010) Святаполк застаўся старэйшым сярод сыноў Уладзіміра. Яраслаў перайшоў на княжанне ў Ноўгарад.

Святаполк займаў тураўскі пасад прыблізна з 988—990 гг., яго землі межавалі з Польшчай, і верагодна, таму менавіта яго выбраў Уладзімір ў якасці кандыдата на шлюб з польскай княжной.

Шлюб[правіць | правіць зыходнік]

Вяселле Святаполка і дачкі Баляслава Храбрага. Я. Матэйка, 1892, для прыватнага збору Мазаракаў і Святаполк-Чацвяртынскіх[5].

Святаполк узяў шлюб з трэцяй дачкой князя польскага Баляслава І Храбрага (з 1025 кароль). Яе імя невядома. Яна нарадзілася паміж 991 і 1001 гг. (бліжэй да першай даты) ў трэцім шлюбе Баляслава — з княжной Эмнільдай, якая паходзіла, верагодна, з Маравіі альбо Лужыцы. Сярод сямі дзяцей Баляслава будучая жонка Святаполка была пятай, сярод пяці дзяцей Баляслава і Эмнільды — чацвёртай.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што шлюб быў вынікам мірнага дагавору, заключанага пасля няўдалага паходу Баляслава на Русь у 1013 г. Аднак у гэтым выпадку па-за ўвагай застаецца місія цыстэрцыянскага манаха і архіепіскапа, які жыў пры двары Баляслава — Бруна фон Кверфурта.

У пачатку 1008 года Бруна Кверфурцкі прыбыў у Кіеў, сустрэўся з Уладзімірам і некаторы час жыў пры яго двары, а затым з Уладзімірам ездзіў да печанегаў. Там пры пасярэдніцтве Бруна быў заключаны мір паміж вялікім князем кіеўскім і печанегамі. Закладнікам на падмацаванне міру ў печанегаў застаўся сын кіеўскага князя, у якім некаторыя даследчыкі бачаць Святаполка. Сустрэчы Бруна з Уладзімірам таксама маглі закончыцца дагаворам паміж Польшчай і Руссю, які быў замацаваны шлюбам Святаполка. Верагодная дата заключэння шлюбу, грунтуючыся на паведамленні Цітмара Мерзебургскага — 1009 ці 1010 г.[6]

Зняволенне[правіць | правіць зыходнік]

У 1012 г. па загадзе Уладзіміра Святаполк быў адхілены ад княжання ў Тураве і зняволены ў Кіеве. Разам з ім пад варту былі ўзяты яго жонка і духоўнік жонкі, епіскап калабжегскі (кольбергскі) Рэйнберн, які памёр у турме. Паводле летапісу, прычынай зняволення была змова, якую Святаполк рыхтаваў супраць Уладзіміра па падгаворванню Баляслава, і якая была раскрыта.

Вышгарад, гарадзішча. Кіеўская вобласць, Украіна.

Відавочна, прычынай змовы была патрабавальная палітыка Уладзіміра ў адносінах да сыноў, пасаджаных на княжанне, якая абмяжоўвала іх самастойнасць і незалежнасць. Верагодна, мэтай змовы Святаполка было дасягненне болей незалежнага ад Кіева становішча Тураўскага княства[6].

Баляслаў адказаў на зняволенне Святаполка паходам на Русь у 1013 г., у якім удзельнічалі нямецкія рыцары і печанегі. Аднак з-за сутыкнення паміж палякамі і печанегамі паход абмежаваўся спусташэннем памежных земляў Русі. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць Святаполка і яго жонку, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку Святаполк жыў у Кіеве, затым, верагодна, у г. Вышгарад ля Кіева. У Тураў іншы князь не прызначаўся.

Паказальна, што і іншы старэйшы сын Уладзіміра — Яраслаў — таксама ў гэты час адмовіўся выплочваць Кіеву даніну, і Уладзімір рыхтаваў паход на Ноўгарад. Магчыма, Уладзімір меў намер завяшчаць кіеўскі прастол свайму любімаму сыну Барысу.

Пачатак княжання ў Кіеве[правіць | правіць зыходнік]

Пячатка Святаполка.

Пасля смерці Ўладзіміра 15 ліпеня 1015 года Святаполк апынуўся бліжэй за ўсіх іншых братоў да Кіева, выйшаў на свабоду і без асаблівых цяжкасцяў ўступіў на прастол; яго падтрымаў і народ, і баяры, якія складалі яго асяроддзе ў Вышгарадзе.

У Кіеве Святаполк выпусціў срэбранікі (вядома 50 такіх манет), падобныя на срэбранікі Уладзіміра. На адным баку — выява з кругавым надпісам «Святаполк на стале [троне]». На адваротным баку княскі знак і надпіс: «А се его серебро» («А гэта яго серабро»). На некаторых манетах Святаполк называецца сваім хрысціянскім імём Петрас альбо Петор.

Далейшыя падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Старонка «Аповесці мінулых гадоў», на мініяцюры — Любецкая бітва. Радзівілаўскі летапіс, XV ст.

Паводле АМЧ, Святаполк у 1015 г. загадаў наёмным забойцам забіць сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — князя растоўскага Барыса, князя мурамскага Глеба і князя драўлянскага Святаслава (Святаслаў загінуў падчас уцёкаў за мяжу). За гэта Святаполк атрымаў у летапісу мянушку Акаянны. У адказ Яраслаў выступіў з наўгародскім войскам на Кіеў. У бітве каля г. Любеч (1015 ці 1016) Святаполк пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Вялікім князем кіеўскім стаў Яраслаў.

Іншае тлумачэнне дае ісландская «Сага аб Эймундзе», якая распавядае пра службу ў «Ярыцлейва» (Яраслава) князя-варага Эймунда Хрынгсана. Паводле яе, асноўным праціўнікам Ярыцлейва ў Любецкай бітве быў «Бурыцлейв» (Барыс?); праз 2 гады пасля бітвы Бурыцлейв быў забіты Эймундам па загадзе Ярыцлейва.

Баляслаў Храбры і Святаполк ля Залатых варот Кіева. Я. Матэйка; алей, дрэва, 1883, 160x109 см, прыватная калекцыя.

У 1018 г. войскі Святаполка і Баляслава ў бітве каля г. Берасце разбілі дружыну Яраслава. Святаполк зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падыйшло да Кіева і прымусіла Святаполка ўцячы.

Пасля 14 жніўня 1018 г. памерла жонка Святаполка.

Уцёкі Святаполка. Б. Чорыкаў, літаграфія, 1836, ілюстрацыя ў кнізе «Жывапісны Карамзін, альбо Руская гісторыя ў малюнках».

У 1019 г. Святаполк вадзіў на Кіеў войска печанегаў, у бітве на р. Альта (сучасн. Кіеўская вобл.) пацярпеў паражэнне. Згодна Наўгародскаму першаму летапісу, пасля бітвы на Альце Святаполк збег да печанегаў, і далейшы яго лёс не паказаны. Паводле АМЧ, якая мае легендныя рысы, ён захварэў і памёр па дарозе «паміж ляхы і чахы». Гэта пазначэнне многія даследчыкі лічаць не літаральнай мяжой Чэхіі і Польшчы, а прымаўкай са значэннем «невядома дзе».

Пытанне аб вінаватасці[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі антрапанімікі прыводзяць ускосны доказ невінаватасці Святаполка ў гібелі братоў, паказваючы, што ў Рурыкавічаў меўся дакладна абмежаваны набор родавых імёнаў, і імёны «дрэнных» князёў з яго выключаліся — аднак са смерцю Святаполка Уладзіміравіча імя «Святаполк» не выкрэслілі, а працягвалі выкарыстоўваць аж да сярэдзіны XII ст. (у т. л. князь тураўскі Святаполк Юр'евіч з галіны Ізяславічаў Тураўскіх). «Можна выказаць здагадку.., што ў княжацкай традыцыі на працягу ўсяго XI — пачатку XII ст. Святаполк не лічыўся прамым вінаватым у гібелі свв. Барыса і Глеба. Толькі пазней, калі агіяграфічная версія выцясняе родавае паданне, гэтае імя паступова сыходзіць з спісу імёнаў кіруючай дынастыі»[7].

Пётр Фёдаравіч Лысенка

«Святаполк заняў кіеўскі прастол пасля смерці бацькі па праву, як старэйшы з яго сыноў (на дату смерці Уладзіміра). Па гэтай прычыне ён не з'яўляецца узурпатарам кіеўскага прастола і не павінен быў баяцца дамаганняў меньшых братоў. Тым больш, што Барыс заявіў — „не падыму руку на брата старэйшага“. Гэтыя малодшыя браты (Барыс і Глеб) не былі небяспечнымі супернікамі Святаполку, а хутчэй — іншым прэтэндэнтам (Яраславу).»

П. Ф. Лысенка,
доктар гістарычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск, 2004. — С. 133. ISBN 985-08-0615-X. (руск.) 
  2. Литвина, А. Ф. Выбор имени у русских князей в X — XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики / А. Ф. Литвина, Ф. Б. Успенский. — Москва: «Индрик», 2006. — С. 49. (руск.) 
  3. Котляр, Н. Ф. История в жизнеописаниях / Н. Ф. Котляр, В. А. Смолий / АН УССР, Ин-т истории. — Киев: Наук. думка, 1990. — 255 с. (руск.) 
  4. Карпов, А. Ю. Ярослав Мудрый. — Москва, 2001. (руск.) 
  5. Gazeta Lwowska. 1892. 21 Kwetnia. S. 4. (польск.) 
  6. 6,0 6,1 Лысенко, П. Ф. Древний Туров, с. 132. Памылка ў зносках: памылковы тэг <ref>; імя "L.132" вызначана некалькі разоў з розным зместам
  7. Литвина, А. Ф. Выбор имени у русских князей в X — XVI вв., с. 50.


Папярэднік:
Тур
ІІ князь тураўскі
9881016, 10181019
Пераемнік:
Яраслаў Уладзіміравіч
Папярэднік:
Уладзімір Святаславіч
VII вялікі князь кіеўскі
15 ліпеня 10151016, 10181019
Пераемнік:
Яраслаў Уладзіміравіч

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. — Москва — Ленинград: Издательство Академии Наук СССР, 1950. — 659 с. (руск.) 
  2. Сага об Эймунде (Прядь об Эймунде Хрингссоне) / перевод с древнеисландского Е. А. Рыдзевской // Джаксон, Т. Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (до середины XI в.) — Москва, 1994. (руск.) 
  3. Алпатов, М. А. Русская историческая мысль и Западная Европа XIIXVII вв. — Москва, 1973. — 284 с. (руск.) 
  4. Войтович, Л. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. — Львів, 2000. (укр.) 
  5. Врублевский, А. Сведения о Руси, встречающиеся в хронике польского летописца Мартина Галла // Университетские известия. — Киев, 1878. — N 9. — Прибавления. С. 41—58. (руск.) 
  6. Грушевський, М. С. Історія України-Руси. Т. 2. — Київ, 1992. — 633 с. (укр.) 
  7. Древняя Русь в свете зарубежных источников / под ред. Е. А. Мельниковой. — Москва: Логос, 1999. (руск.) 
  8. Іоў, А. Святаполк Яраполчыч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2001. — С. 268—269. ISBN 985-11-0214-8.
  9. Карпов, А. Ю. Владимир Святой. — Москва: Молодая гвардия, 1997. (руск.) 
  10. Королюк, В. Д. Западные славяне и Киевская Русь в XXI вв. — Москва, 1964. — С. 73—108. (руск.) 
  11. Костомаров, М. Галерея портретів. ISBN 5-301-01266-5. (укр.) 
  12. Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск, 2004. — 180 с. (руск.) 
  13. Молчанов, A. A. Ещё раз о Таманском бронзовом «брактеате» // Советская археология. — 1982. — N 3. — С. 223—226. (руск.) 
  14. Назаренко, А. В. Древняя Русь на международных путях. — Москва: Языки русской культуры, 2001. (руск.) 
  15. Назаренко, A. B. О датировке Любечской битвы // Летописи и хроники. Сб. ст. — Москва, 1984. — С. 13—19. (руск.) 
  16. Назаренко, A. B. События 1017 г. в немецкой хронике начала XII в. и в русской летописи // Древнейшие государства на территории СССР. Мат. и исслед. — 1980 г. — Москва, 1981. — С. 175—184. (руск.) 
  17. Свердлов, М. Б. Известия о Руси в Хронике Титмара Мерзебургского // Древнейшие государства на территории СССР. Мат. и исслед. — 1975 г. — Москва, 1976. — С. 90—101.
  18. Толстой, И. И. Древнейшие русские монеты Великого княжества Киевского. — СПб., 1882. — С. 47—56. (руск.) 
  19. Толстой, И. И. Древнейшие русские монеты X — XI вв. — СПб., 1893. — 256 с. (руск.) 
  20. Филист, Г. М. История «преступлений» Святополка Окаянного. — Минск: Беларусь, 1990. (руск.) 
  21. Фортинский, Ф. Я. Титмар Мерзебургский и его Хроника. — СПб., 1872. — 238 с. (руск.) 
  22. Шушарин, В. П. Древнерусское государство в западно- и восточноевропейских средневековых памятниках // Древнерусское государство и его международное значение. — Москва, 1965. — С. 420—429. (руск.)