Свята-Ушэсцеўская царква (Мілаславічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Ушэсцеўская царква
53°41′13,5″ пн. ш. 32°15′18,59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Мілаславічы
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Клімавіцкае
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі
Архітэктар Пётр Георгіевіч Камбураў
Дата пабудовы 1887 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000471шыфр 513Г000471
Стан дзейнічае
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Ушэсцеўская царква[1] — праваслаўны храм у аграгарадку Мілаславічах Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размяшчаецца ў цэнтры вёскі, на плошчы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Драўляная ўніяцкая царква ў Мілаславічах, вядомая з 1737 года, і пазней пераробленая ў праваслаўную, згарэла ў пажары 1884 года[2]. У тым жа годзе дзяржава вылучыла грошы на пабудову цаглянага храма, асвячонага ў 1887 годзе ў гонар Узнясення Гасподняга[3].

Першым святаром царквы быў айцец Іаан Ліяранцэвіч. Пры ім у храме захоўваўся абраз Хрыста Збавіцеля, падараваны імператарам Аляксандрам III. Гэты абраз асабліва шанаваўся прыхаджанамі, аднак быў страчаны ў савецкія часы, і пра яго існаванне вядома толькі з архіўных дакументаў[4].

У 1898 годзе епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл наведаў прыход, па выніках чаго надрукаваў свае ўражанні ў «Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях»[5]:

" Храм, пабудаваны ў 1887 годзе на сродкі дзяржавы, каменны, двухпрастольны, добрапрыстойны звонку, а ўнутры — бруднаваты, з каменнай званіцай і агароджай. Начынне і рызніца дастатковыя; бібліятэка невялікая, у ёй усяго 40 асобнікаў кніг. Хор пеўчых добры, ёсць і агульныя царкоўныя спевы. Царкоўнай сумы 1900 руб. 95 кап. Царкоўнапрыходскае папячыцельства адкрыта ў 1883 годзе, але пра яго дзеянні нічога не вядома. Прыхаджан 4494 душы абодвух палоў; яны пражываюць у 22 вёсках, якія аддалены ад сяла ў 2, 4, 7, 8, 10, 11 і 12 вёрстах. Прычт з 3-х чалавек — святара і двух псаломшчыкаў з гадавым дараваннем у 788 рублёў на траіх. Зямлі пры царкве сенакоснай, ворнай, пад ліставымі лясамі і зараснікамі 84 дзесяціны; пад балотамі, рэчкамі і нязручнай зямлі — 45 дзесяцін. Святар і дыякан-псаломшчык маюць уласныя дамы для жылля, іншы псаломшчык жыве на кватэры, якую наймае на свае сродкі.

У сяле ёсць народнае вучылішча, у 1885 годзе адкрыта тут царкоўнапрыходскае двухкласнае вучылішча з аддзяленнямі ў вёсках, а ў 1889 г. адкрыты тры школы для дзяўчынак. Звыш гэтага ў вёсках гэтага прыходу маецца 11 школ граматы. У 10 школах навучаліся 279 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Колькі навучалася ў 11-й школе, не пазначана ў ведамасці. Ёсць яшчэ асобная жаночая школа ў в. Старым Стане, дзе навучаліся 12 дзяўчынак. Прычт добранадзейны. Мясцовы святар і благачынны Л. вельмі распарадчы і выканаўчы. Дакументы царкоўныя ў парадку. Там маецца благачынная бібліятэка, у якой 59 асобнікаў кніг толькі.

"
Выгляд царквы ў 1943 годзе.

У пачатку XX стагоддзя ў храме служыў айцец Міхаіл Арлоў. Па прыходзе савецкай улады, у 1934 годзе, царква была разрабавана і зачынена.

Будынак значна пацярпеў у часы Другой сусветнай вайны, калі ў Мілаславічах ішлі баі паміж савецкімі і нямецкімі войскамі. Нацысты ператварылі званіцу царквы ў агнявую кропку, размясціўшы на ёй кулямёты. Будынак абстрэльвалі, і ў выніку вежа была разбурана, а сцены моцна пашкоджаны[4].

Тым не менш, у гады вайны прыхаджане адрамантавалі царкву і працягнулі набажэнствы. Па вяртанні Чырвонай арміі царкоўны прыход на чале са святаром Рыгорам Дашурай ахвяраваў у фонд Перамогі 4000 рублёў і тканіну[4].

Пасля вайны, у пачатку 1960-х гадоў, будынак зноў адабралі ў вернікаў і ўладкавалі ў ім склад калгаса «Мілаславіцкі».

У 1990-я гады пачалося аднаўленне храма. Грошы на рэканструкцыю ахвяраваў нямецкі пратэстант Адам Троер. Новы іканастас быў выкананы ў Мазыры, а абразы прывезены з Украіны. 23 мая 2004 года адбылося асвячэнне царквы ў гонар Ушэсця Гасподняга[6]. Настаяцель храма — іерэй Мікалай Вячорка[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак былой плябаніі XIX стагоддзя.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічную чатырохчасткавую кампазіцыю фарміруюць прытвор, трапезная, малітоўная зала, пяцігранная апсіда. Бакавыя гранёныя рызніцы прылягаюць да бакавых прыбудоў. Над сяродкрыжжам надбудаваны светлавы барабан-чацвярык. Бабінец і прытвор з боку галоўнага ўвахода размешчаны на падоўжанай восі. Усе часткі будынка накрыты пакатымі дахамі. Галоўны ўваход аформлены ганкам-рундуком, бакавыя — прамавугольнымі парталамі з фігурнымі трохпялёсткавымі франтонамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі, на светлавым чацверыку — трохчасткавыя. Асноўны дэкаратыўны матыў фасадаў — абрамленне акон у выглядзе трохпялёсткавых арачак. Аб’ёмы апяразаны прафіляванымі карнізамі.

У інтэр’еры ўсе дапаможныя памяшканні адкрываюцца ў цэнтральную двухсветлавую прастору арачнымі праёмамі. Арыгінальная аздоба інтэр’ераў не захавалася.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Прыходы Клімавіцкага благачыння. (руск.) — Магілёўская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы
  2. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 592 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0440-2. — С. 116
  3. Мілаславіцкая Пакроўская царква : [у Клімавіцкім раёне] // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / галоўны рэдактар В. В. Калістратава. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2014. — Т. 5. — С. 496 : фота.
  4. а б в Дзмітрыева, М. Храм на ўзвышшы, альбо аб вечным надзенна : [пра Мілаславіцкую царкву] / Марына Дзмітрыева // Родная ніва. — 1996. — 31 ліпеня. — С. 2.
  5. Памяць: Клімавіцкі раен: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / Рэд.-уклад. Напрэеў Г. Л.; Рэдкал.: Баршчоў І. А. і інш — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645,[1] с. : іл. ISBN 985-09-0068-7. — С. 88
  6. Данілаў, В. Праваслаўную царкву ў Мілаславічах дапамог аднавіць нямецкі пратэстант / В. Данілаў // Звязда. — 2005. — 21 лістапада. — С. 2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]