Сядзіба Леяў (Дамашэвічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзіба Леяў
Сядзіба ў пачатку XX ст.
Сядзіба ў пачатку XX ст.
53°11′07″ пн. ш. 25°57′51″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Сядзіба Леяў — колішні сядзібна-паркавы комплекс у Дамашэвічах Баранавіцкага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вайскоўцы на ганку сядзібы. 1915—1918
Сядзіба ў 1916 годзе

Двор Дамашэвічы вядомы з канца XV стагоддзя. Належаў Фёдару Песляковічу, Стэцку Рагозічу, Івану Бранцу[1]. У першай палове XIX стагоддзя маёнтак быў спадчынай роду Корбутаў герба «Корчак», які меў неафіцыйнае імя Карафа з урочышча Седлішча[2]. У 1846 годзе паводле купчай Дамашэвічы перайшлі ад М. Корбута да І. Нейгоф-Лея[1]. У 1851 годзе ён атрымаў сведчанне пра законнае валоданне маёнткам, адсутнасці прыватных і казённых даўгоў, іскаў і забарон[3].

У 1876 годзе маёнтак належаў яго сыну Івану Іосіфавічу Нейгоф-Лею, у 1888 годзе ўладальніцай стала Надзея Сцяпанаўна Паўлава, у 1911 — Аляксандр фон Молер[4]. Зямельныя ўладанні складалі 831 дзесяціну[3].

У 1930-х гадах, маёнтак усё яшчэ існаваў, бо згадваецца імя яго ўладальніка — старшыні «Рускага народнага аб’яднання» (РНА), аднаго з арганізатараў «Рускага таварыства моладзі» (РТМ) у Польшчы, былога афіцэра лейб-гвардыі Атаманскага казацкага палка Георгія Аляксандравіча Молера[d] (1889—1944)[5], члена Перадсаборнага сходу па арганізацыі Усяпольскага Памеснага сабора, на якім праславіўся сваімі яскравымі выкрывальнымі прамовамі ў адрас польскіх улад за іх ганенні супраць праваслаўных і рускіх у Польшчы[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

У першай палове XIX ст. у Дамашэвічах ужо існаваў стары аднапавярховы палац. У архітэктурным плане гэта быў прамавугольны будынак з высокім і гладкім чатырохсхільным дахам, накрытым гонтай, з чатырма сіметрычна размешчанымі комінамі. З боку пад’езда быў прыбудаваны масіўны порцік на дзвюх парах калон з трохвугольным невялікім шчытком. Унутраны выгляд палаца невядомы[6].

Сядзібна-паркавы комплекс размяшчаўся на азёрнай тэрасе, якая плаўна спускалася ў кірунку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Перапады вышынь — 186—195 м над узроўнем мора. Сядзібны дом (не захаваўся) размяшчаўся ў паўночна-заходняй частцы ансамбля — у наш час на яго месцы размяшчаецца прыватная забудова[7]. Перад палацам размяшчаўся газон, абкружаны падстрыжанай жывой агароджай. Двор з усіх бакоў ахінаў вялікі парк, перасечаны па восі працяглай уязной алеяй[6] (захавалася часткова), якая вяла да сядзібнага дома праз вёску[7].

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Застаўся парк плошчай каля 5 га[6]. Фонавым дрэвастоем парку з’яўляецца ліпа сэрцападобная ў цеснакустовых пасадках па тры — пяць асобнікаў. Паводле меркавання А. Т. Федарука, гэта стала следствам высечкі дрэвастою ў перыяд Першай сусветнай вайны і наступнага адрастання парасніка[7].

У парку маецца добра выяўленая сетка сцежак. З паўночнага боку ансамбля знаходзіцца рэкультываваны пясчаны кар’ер. У ім раней адзначаліся знаходкі горных парод з адбіткамі вымерлых арганізмаў. У наш час тэрыторыя ансамбля ўваходзіць у склад зямель запасу[7].

Біяразнастайнасць[правіць | правіць зыходнік]

Усяго ў парку зафіксаваны 98 відаў раслін, з іх 71 від — травяністыя расліны, 1 — кусцікі (чабор звычайны) і 26 — дрэвы і кусты. Па разнастайнасці відаў сярод вывучаных экасістэм парк Дамашэвічы займае чацвёртае месца ў раёне па разнастайнасці відаў раслін. Пераважнай драўнянай пародай у парку з’яўляецца ліпа сэрцападобная. Самкнутасць дрэвастою 60—70 %. Адзіночна растуць белая акацыя, таполя белая, рабіна звычайная, бяроза павіслая. У падлеску сустракаюцца глог пёрыстанадрэзаны, крушына ломкая, бузіна чырвоная і бузіна чорная, чаромха звычайная. Пасадкі рабінніку рабіналістага ад цэнтра парку даходзяць да паўночнай ускраіны. Уздоўж сцежкі, якая праходзіць каля возера, хмызняковы ярус прадстаўлены бэзам звычайнай і жасмінам танкалістым. Сярод травяністых раслін па колькасці відаў дамінуюць сямейства складанакветных (9 відаў) і злакі (8 відаў)[7].

У парку зафіксаваны 178 відаў жывёл, з іх 141 від беспазваночных і 37 відаў пазваночных. Сярод беспазваночных па колькасці відаў дамінуюць насякомыя — 133 віды. Найбольш шматлікімі сярод іх з’яўляюцца цвердакрылыя і паўцвердакрылыя (72 і 16 відаў адпаведна). Лідыруе па колькасці відаў сярод жукоў сямейства Стафілініды (Staphylinidae) — 29 відаў. Мае цікавасць знаходжанне ў парку двух рэдкіх відаў насякомых: клапа Polymerus nigrita з сямейства Слепнякі (Miridae) і жука Oedemera laticollis з сямейства Вузкакрылкі (Oedemeridae), якія на тэрыторыі Беларусі вядомыя толькі па адзінкавых знаходках. У гняздзе берасцянкі быў зафіксаваны рэдкі від жука-стафіліна Aleochara sparsa[7].

Сярод пазваночных, як і ў іншых парках, па колькасці відаў лідыруюць птушкі (31 від), з якіх на гнездаванні адзначана 19 відаў. У парку адзначаны таксама 5 відаў сысуноў і 1 від земнаводных[7].

У Дамашэвіцкім парку зафіксаваны 3 віды жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: Жужаль рашэцісты (Carabus cancellatus), пяючы самец палявога конiка (Anthus campestris) і пустальга звычайная (Falco tinnunculus), якая неаднаразова адзначалася ў момант палявання[7].

Зноскі

  1. а б Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
  2. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresah rzeczypospolitej : [? т.] / R. Aftanazy. — Wroclaw ; Warszawa ; Krakow, 1992. — T. 2.— 720 s
  3. а б в Усадьба Леев
  4. Верагодна, Аляксандр Аляксандравіч фон Молер (1860—1928)
  5. Верагодна, брат Аляксандра
  6. а б в Дамашэвічы // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 64. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
  7. а б в г д е ё ж Старинные парки Барановичского района: резерваты биоразнообразия и объекты экотуризма [Текст] : монография / С. К. Рындевич, А. Г. Рындевич, В. Н. Зуев. — Барановичи : РИО БарГУ, 2008. — 239[5] с. — 120 экз. — ISBN 978-985-498-101-7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]