Перайсці да зместу

Сядзібна-паркавы комплекс Рушчыцаў (Багданава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сядзібна-паркавы комплекс
Сядзіба Рушчыцаў
Дом у Багданаве, Фердынанд Рушчыц, 1901
Дом у Багданаве, Фердынанд Рушчыц, 1901
54°10′40,51″ пн. ш. 26°06′56,37″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Багданаў
Архітэктурны стыль класіцызм
Будынкі
кароўнік • лядоўня • парк
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сядзібна-паркавы комплекс Рушчыцаў — рэшткі сядзібы ў Багданаве, Валожынскі раён, Мінская вобласць. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].

Сядзіба вядома з другой паловы XVI стагоддзя. Названа па імі заснавальніка Багдана Сапегі (пам. у 1593 г.), кашталяна берасцейскага і смаленскага. У 1653 г. перайшла да дачкі Казіміра Мікалая Сапегі Барбары Валовіч. Потым сядзібай валодалі Пацы, Даніловічы, Чаховічы.

Пустка
Старое гняздо
Гняздо
Стары дом

Сядзіба Чаховічаў вядома па інвентарам 1697, 1742 і 1776 гг. Пасля смерці Віктара Чаховіча сядзіба перайшла яго сыну Казіміру (пам. у 1834 г). Пасля смерці ўдавы Казіміра сядзіба была прададзена з малатка Фердынанду Рушчыцу (1786—1848) герба Ліс, адвакату, жанатаму на Ганне з Чаховічаў. Потым сядзібай валодалі яго сын Эдвард Фердынанд, жанаты на Альвіне Мюнх, унук Фердынанд, вядомы мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, які нарадзіўся ў сядзібе ў 1870 г. і рэгулярна прыязджаў сюды будучы студэнтам Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, прафесарам Школы выяўленчых мастацтваў у Варшаве, Кракаўскай акадэміі мастацтваў, кафедры жывапісу Віленскага ўніверсітэта. Тут жылі яго сёстры Вольга і Ганна. У сядзібе прайшлі і апошнія чатыры гады яго жыцця, поўныя працы і натхнення. Пейзажы Багданава былі ўвекавечаны на палотнах «Зямля», «Млын», «У свет», «Эмігранты», «Вясна», «Зімняя казка», «Млын ноччу».

Сядзіба займала жывапісна перасечаную тэрыторыю каля вёскі. Цэнтральная ўязная алея працягласцю 240 м вяла да сядзібнага дома на ўзвышэнні. Гэта быў просты стары дом з лістоўніцы, пабудаваны каля 1690 г. У канцы XVIII ст. Казімір Чаховіч пачаў перабудову старой сядзібы ў формах класіцызму. Побач ён пабудаваў новы мураваны двухпавярховы будынак з порцікам на двух калонах. У 1912 г. Фердынандам Рушчыцам была прыбудавана з паўночнага боку веранда, дах якой абапіраўся на шэсць філяраў. У адрозненні ад старога новы дом называўся «мурам», «скарбцам» і стаў новым кампазіцыйным цэнтрам. На партэры, акрамя таго, былі два складскія памяшканні (тыпу скляпоў), пабудаваныя з буйных валуноў і бута. Па часу заснавання і кампазіцыйна яны былі звязаны з старым сядзібным домам. Адначасова вялася рэканструкцыя рэгулярных паркавых закладанняў з шпалерамі ў пейзажным стылі. Новы мураваны дом быў халодным. Зімой, каб пазбегнуць вільгаці, час ад часу палілі ў галандках. У кабінетах, залах (зялёнай і жоўтай), сталовай размяшчаліся мастацкія зборы, мастацкая майстэрня, бібліятэка, архіў і другія фамільныя каштоўнасці, таму дом называўся скарбцам. Будынак натхніў мастака на карціну «Пустка» (1901). Жылым быў цёплы стары дом XVII ст. Летам, асабліва ў час канікул, ён перапаўняўся гасцямі, сваякамі, вучнямі мастака. Многія наведвальнікі размяшчаліся ў новым доме — «муры». У доме меліся кафляныя печы, каміны, люстры, мэбля першай паловы ХІХ ст. Асаблівую каштоўнасць прадстаўлялі сямейныя партрэты Рушчыцаў, Чаховічаў, Мунхаў, карціны Фердынанда Рушчыца і яго вучняў (за 1904—1907 гг.). Мелася таксама скульптура. У бібліятэцы налічвалася каля пяці тысяч тамоў, сярод іх старажытныя выданні на пергаменце XVI ст., кнігі на лацінскай, французскай, нямецкай, польскай і іншых мовах, у асноўным па праву, гісторыі і літаратуры. Кнігі з'яўляліся зборам Юзафа Карчэўскага. У кніжным зборы Фердынанда Рушчыца пераважвалі выданні па культуры і гісторыі мастацтва. Сярод іх былі кнігі, атрыманыя мастаком у якасці ўзнагароды за вучобу ў мінскай гімназіі. Матэрыялы ўключалі архівы Ю. Карчэўскага, Чаховічаў, Рушчыцаў і вялікую карэспандэнцыю Фердынанда Рушчыца.

У афармленні параднай часткі парка, уязной алеі выкарыстана бяроза. З двух бакоў алеі размяшчаліся баскеты з садамі (цяпер тэрыторыя забудавана). Перпендыкулярна к заезду перад парадным дваром уздоўж садоў стаяць два вялікіх гаспадарчых будынка (служаць кароўнікамі). З старых будынкаў сядзібы захаваўся толькі свіран і фундамент былой сыраварні. Другі, заходні заезд у сядзібу аформлены кляновай алеяй, а перад сядзібным домам — ядлоўцам. Акцэнтам перспектывы па шляху абедзвюх алей быў невялікі касцёл Святога Міхаіла з прыгожай чатырохграннай шатровай вежай на асноўным аб'ёме і гонтавым дахам, пабудаваны ў 1894 г. у формах народнага драўлянага мастацтва на краю сядзібы. Уяўленне пра яго дае фотаздымак 1927 г. На яго месцы раней стаяў касцёл, пабудаваны ў 1690 годзе Пятром Міхалам Пацам, уладальнікам багданаўскага двара.

Уезд у парк, пачатак XX ст.

Пейзажны парк плошчай каля 4 га размяшчаўся вакол дома і ўздоўж ручая, прытока Альшанкі. Меўся штучны вадаём з востравам, на якім мастак нярэдка бываў з мальбертам, і высокай якасці дрэвастой, размешчаны ў выглядзе невялікіх груп і адзіночных дрэў на перасечаных тэрасах ручая.

Рэшткі сядзібы Рушчыцаў

Сядзібныя пабудовы згарэлі ў ліпені 1944 г. Праслежваецца толькі падмурак былога «мура», завалены друзам.

Зноскі