Сілі
Астравы Сілі | |
---|---|
англ. Isles of Scilly | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 145 |
Найбуйнейшы востраў | Востраў Святой Марыі |
Агульная плошча | 16,03 км² |
Насельніцтва | 2 200 чал. (2011) |
Шчыльнасць насельніцтва | 137,24 чал./км² |
Размяшчэнне | |
49°56′10″ пн. ш. 6°19′22″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Астравы Сілі (англ.: Isles of Scilly, корнск.: Enesek Syllan) — невялікі архіпелаг на паўднёвым захадзе ад вострава Вялікабрытанія. Агульная плошча — 16,3 км². Насельніцтва (2011 г.) — 2200 чал.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг складаецца са 145 астравоў і скал. Толькі 5 з іх населены людзьмі. Сфарміраваны гранітнымі плітамі каля 250 млн гадоў таму. Берагі астравоў скалістыя, аднак маюцца белыя кварцавыя пляжы і водмелі з пясчанымі выдмамі.
Клімат марскі ўмераны. Астравы Сілі лічацца самым цёплым месцам у Вялікабрытаніі. Сярэднегадавая тэмпература жніўня 14 — 18 °C, лютага 6 — 9 °C. Халодныя зімы здараюцца рэдка. Гадавая колькасць ападкаў — каля 844 мм. Дзякуючы такім умовам на астравах вырошчваюць субтрапічныя расліны, у тым ліку пальмы.
Для наземнай флоры характэрна разнатраўе. На населеных астравах шмат культурных насаджэнняў. Фаўна прадстаўлена марскімі птушкамі і ластаногімі.
Астравы Сілі маюць статус «зямлі выключнай прыроднай прыгажосці», які прадугледжвае пільную ахову, але не абмяжоўвае турызм.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Астравы былі населены ў каменным веку і выкарыстоўваліся здабытчыкамі і гандлярамі волавам. У старажытнасці тут таксама развівалася земляробства. Той факт, што ў крыніцах рымскага перыяду Сілі ўзгадваецца як адзін востраў, а таксама знаходкі рэштак затопленых пабудоў прывялі да высновы, што раней гэта быў цэласны кавалак сушы. Мяркуецца, што Сілі ператварыліся ў архіпелаг толькі ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н.э.
У эпоху сярэднявечча і пазней астравы Сілі не мелі сталага насельніцтва, аднак часта наведваліся рыбакамі, што давала значныя прыбыткі ўладальнікам і арандатарам. У неспакойныя гады іх выкарыстоўвалі як базу піраты.
Сталае насельніцтва з’явілася толькі ў XVIII ст. Мясцовыя жыхары традыцыйна займаліся ловам рыбы і ламінарыі, гандлем, кантрабандай, суднаходствам.
У 1834—1920 гг. арандатарам Сілі была заможная сям’я Смітаў, якая нават карысталася непрызнаным тытулам «божых уладальнікаў». Да нашых дзён Сміты жывуць на востраве Трэска.
У XX ст. пачалі развівацца турызм і кветкавая гаспадарка.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Сілі ўваходзяць у склад Вялікабрытаніі. Адміністрацыйны цэнтр — Х’ютаўн на востраве Святой Марыі.
Згодна з Законам аб мясцовым самакіраванні 1972 г., дзейнічае Савет Сілі з 21 выбарнага прадстаўніка. Савет мае каля 164 сталых супрацоўнікаў. Такім чынам, каля 10 % працаздольнага насельніцтва так ці інакш звязаны з кіруючымі органамі.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Галоўныя галіны эканомікі — турызм (85 % прыбыткаў), транспартнае абслугоўванне, вырошчванне кветак. Астравы звязаны з Вялікабрытаніяй цеплаходнай і авіяцыйнай лініямі. Порт і аэрапорт маюцца толькі на востраве Святой Марыі. Астатнія астравы з-за іх невялікіх памераў наведваюцца толькі паромам, лодкамі і верталётамі. Прамысловых прадпрыемстваў няма.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]На астравах працуе 1 мясцовая радыёстанцыя, выдаюцца 2 газеты, ёсць 1 музей.
Дзейнічае адзіная дзяржаўная Школа Пяці астравоў (Five Islands School), якая мае прадстаўніцтвы для малодшых школьнікаў на ўсіх населеных астравах. Для атрымання сярэдняй адукацыі мясцовыя жыхары павінны дабірацца да Х’ютаўна. Поўную сярэднюю, тэхнічную і вышэйшую адукацыю магчыма атрымаць толькі за межамі астравоў.
Жыхары Сілі лічацца найбольш актыўнымі аматарамі спорту ў Англіі. Найбольш папулярны спорт — лодачныя рэгаты. У маі праводзіцца міжнародная рэгата. На Сілі ёсць свая футбольная ліга, у склад якой уваходзяць 2 клубы, якія разыгрываюць 2 кубкі.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Востраў Святога Мартына
-
Узбярэжжа ўсходніх астравоў
-
Гранітная скала
-
Лясныя насаджэнні на востраве Святой Марыі
-
Птушкі
-
Рэшткі старой пабудовы
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сілі
- Isles of Scilly Архівавана 11 сакавіка 2013.
- Scilly Online
- History and Archaeology Архівавана 14 кастрычніка 2012.