Уладзімір Спірыдовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Уладзімір Спірыдовіч
Дата нараджэння 22 сакавіка 1952(1952-03-22)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 30 студзеня 2013(2013-01-30)[1] (60 гадоў)
Месца смерці
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі гітарыст
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Уладзі́мір Спірыдо́віч (22 сакавіка 1952, Мінск, БССР30 студзеня 2013, Мінск, Беларусь) ― беларускі рок-музыкант. Лідар гуртоў «Funny Foxes» і «Арганаўты», удзельнік першага і другога мінскіх біт-фестываляў, аўтар «хіпоўскіх» песен і беларускі першапраходец ў галіне арт-рока.[3]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 22 сакавіка 1952 года. У дзяцінстве жыў на вуліцы Чырвонаармейскай, каля ЦК КПБ. Сур’ёзна займаўся футболам і пра музыку спачатку не думаў. Першую гітару 6-гадоваму Валодзю падарылі суседзі, ён аддаў яе сябру — Яўгену Канавалаву, будучаму лідар-гітарысту ВІА «Алгарытмы». Пазней, дзякуючы «The Beatles» і «Алгарытмам», Валодзя далучыўся да электрагітары і Канавалава называў сваім настаўнікам.

Першы ансамбль на чале са Спірыдовічам утварыўся ў 1967 годзе. У склад патрапілі хлопцы з аднаго двара: Андрэй Святаславаў (бас), Уладзімір Пад’ельскі (гітара), Сяргей Дзевяткоў (бубны) і сам Спірыдовіч (гітара). Усе чацвёра спявалі, Спірыдовіч сам пісаў песні. Гурт меў назву «Funny Foxes» і базаваўся ў ДК Камвольнага камбіната, граў там жа і ў школе на танцах. Рэпертуар «Funny Foxes» з большага складаўся з кавераў на творы замежных гуртоў.

На Першым фестывалі біт-ансамбляў Мінска ў 1968 годзе «Funny Foxes» здзівілі журы сваім юным узростам і неардынарным знешнім выглядам. У сваім конкурсным сэце «Funny Foxes» прадставілі аўтарскую песню Спірыдовіча, апрацоўку беларускага фальклору і песню гурта «Czerwone Gitary[pl]».[4]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Наступны калектыў Уладзімір Спірыдовіч стварыў на фізфаку БДУ. Гурт меў назву «Арганаўты» і побач з аўтарскімі песнямі Спірыдовіча і каверамі выконваў беларускія народныя спевы ў сваёй адаптацыі. Касцяк ансамбля склалі: Лявон Кладухін (бас), Вячаслаў Ярэй (бубны), Эдуард Петрашкевіч (скрыпка) і сам Уладзімір Спірыдовіч (гітара, лідар-вакал), адзіны з квартэту без аніякай музычнай адукацыі. Да асобных выступаў запрашаліся сола-гітарысты — Яўген Канавалаў, Сяргей Молеў, Уладзімір Угольнік. Спецыялісты з кансерваторыі адзначалі надзвычай моцныя, «пастаўленыя» галасы «Арганаўтаў». Спірыдовіч тлумачыў гэтую ўласцівасць тым, што ўдзельнікі гурта пілі віно і спявалі па пяць гадзін штодзень, а рэпетыцыі праводзілі, седзячы на дрэвах у Купалаўскім скверы, збіраючы вакол сябе масу народу.

На Другім біт-фестывалі 1971 года «Арганаўты» атрымалі першае месца, узмоцненае тым, што другога не далі нікому. Заля пляскала пераможцам стоячы. Сваю ролю ў перамозе адыгралі аўтарскі матэрыял, шлягер «Каб любіць Беларусь…», кавер на «Bee Gees[en]», рок-версія шубертаўскай «Ave Maria[en]» і струнная секцыя дзяўчат з музвучэльні. Ніхто ў межах СССР на той момант не праводзіў такіх арт-рокавых экспэрыментаў, артыкул пра гурт быў надрукаваны ў газеце «Беларускі ўніверсітэт» у 1971 годзе.

Другі біт-фестываль завяршыўся скандалам: публіка ў рок-н-рольным экстазе пачала ламаць крэслы. У выніку студэнта Спірыдовіча сталі пастаянна запрашаць у парткам Белдзяржуніверсітэту на прафілактычныя размовы, на ансамбль пасыпаліся абвінавачванні ў дэпрэсіўных настроях. Музыкі разам з сябрамі былі змушаныя самі цягаць апаратуру ў Палац прафсаюзаў, калі БДУ праводзіў там свае мерапрыемствы, аўтобус адміністрацыя прынцыпова не давала. Выключэннем у адносінах да рок-групы з стала святкаванне 50-годдзя БДУ ў Маскве, дзе «Арганаўтам» дазволілі выступіць.

У 1971 годзе «Арганаўты» спынілі дзейнасць. Гурт паспеў запісацца ў студыі Белрадыё, але гукасэсіі не захавалася. Уладзімір Мулявін запрашаў Спірыдовіча на праслухоўванне ў «Песняры». Таксама была прапанова паўдзельнічаць ва Ўсесаюзным конкурсе «Алло, мы ищем таланты![ru]», якую Спірыдовіч адхіліў з-за жадання працягваць адукацыю. У першай палове 1970-х гадоў Спірыдовіч граў на танцах, што ладзіліся ў перыферыйных клубах. Разам з Уладзімірам Кандрусевічам адпрацаваў сезон у карчмах Сочы. Спірыдовіч, Кандрусевіч і Канавалаў выступалі ў жывым тэлеэфіры з песняй на верш Янкі Купалы «Лірнік», застаўся фотаздымак з трансляцыі. Спірыдовіч удзельнічаў у нелегальных хіпоўскіх летніках на Нарачы.

Створаны Спірыдовічам у 1976 годзе гурт «Время» рэзанансу, як папярэднія, не меў. Ансамбль існаваў да Алімпіяды-1980 пры Міжнародным моладзевым цэнтры «Юнацтва» на Мінскім моры. У 1990-х і 2000-х гадах выкладаў фізіку, займаўся хатнім гуказапісам — пісаў новыя і рэканструяваў старыя песніі з рэпертуару «Арганаўтаў». Засвоіў праграмы для гуказапісу і музпраграмавання, да супрацы далучаў экс-«арганаўта» Эдуарда Петрашкевіча і экс-«песняроў» Віктара Маўчанава і Барыса Бэрнштэйна. У сукупнасці напісаў амаль дзве сотні песен і ў выглядзе самвыдату выпусціў каля дзясятку альбомаў.

Апошні альбом Спірыдовчіа датуецца 2009 годам. Займацца музыкай далей не дала хвароба, памёр 30 студзеня 2013 года.[5]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 https://tuzin.by/article/1463/out-zalatoje-runo-uladzimiera-spirydovica-fota-12.html
  2. (unspecified title) Праверана 6 снежня 2021.
  3. Сямашка, Віктар. !OUT: Залатое руно Ўладзімера Сьпірыдовіча (Фота + 12 абраных трэкаў). Тузін Гітоў (24 лістапада 2014). Праверана 21 жніўня 2021.
  4. КУДРЭЙКА, Надзея. Вярнуць згубленыя саўндтрэкі эпохі. Культура (№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г). Праверана 21 жніўня 2021.
  5. Будкін, Сяргей. 60 год беларускага рок-н-рола. Лекцыя Сяргея Будкіна. Onliner.by (15 октября 2020 в 8:00). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021. Праверана 21 жніўня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]