Перайсці да зместу

Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска
Дата(ы) 1214 красавіка
Месца(ы) правядзення Мінск
Жанр(ы) рок-музыка, блюз-рок, рытм-н-блюз

Пе́ршы фестыва́ль біт-анса́мбляў Мі́нска (руск.: Первый фестиваль бит-ансамблей Минска) — беларускі рок-фестываль[en], які адбыўся 1214 красавіка 1968 года ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута[1]. Афіцыйнай мэтай фестывалю з’яўлялася папулярызацыя сучаснай эстраднай музыкі, лепшых яе выканаўцаў і эстэтычнае выхаванне моладзі. Паводле меркавання музычнага журналіста Віктара Сямашкі, мерапрыемства з’яўлялася першым рок-фестывалем у СССР[2]. Музычны крытык Сяргей Будкін лічыць 12 красавіка 1968 года днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі[3].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з 1965 года ў сталіцы Беларусі ўтварылася крытычная маса гуртоў, якія гралі блюз, рок-н-рол і самы модны тады напрамак — біг-біт[en]. Амаль кожны інстытут[ru], школа, прадпрыемства, установа мелі як мінімум адзін свой вакальна-інструментальны ансамбль[ru]. Тыповы склад такога музычнага калектыву: барабаны, клавішы і тры гітары. Разам з тым мінскія біт-утварэнні розніліся па рэпертуары, манеры грання, мелі сваё аблічча. У такіх варунках правядзенне тэматычнага форуму стала непазбежным. У той час ужо пачалі праходзіць рэгулярныя вечарыны ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце, дзе гралі пачынаючыя гітарныя ансамблі. Паслухаць іх прыходзілі знакамітыя музыканты, сярод якіх былі Уладзімір Мулявін, Юрый Антонаў, удзельнікі вакальна-інструментальнага ансамбля «Поющие гитары[ru]». Студэнты інстытута самі распрацоўвалі арыгінальныя схемы, збіралі электрагітарныя ўзмацняльнікі, прыдумлялі гукавыя эфекты[4]. Паводле меркавання сведкі тых падзей Пятра Вярлыгі, рытм-гітарыста інстытуцкага ансамбля «Алгарытмы», гэта была ініцыятыва «знізу». Музыканты самастойна выйшлі на кіраўніцтва Мінскага радыётэхнічнага інстытута, не гледзячы на тое, што па тых часінах такое смелае мерапрыемства было амаль не магчымым. Ініцыятараў натхніла і падбадзёрыла навіна пра тое, што падобны[hu] біт-фестываль ужо прайшоў па ініцыятыве Цэнтральнага камітэта[ru] камсамола Венгрыі[5]. Але ў СССР на такое яшчэ не вырашаліся. У савецкай краіне праводзіліся шматлікія агляды самадзейнасці, спаборніцтвы ў эстрадным жанры, конкурсы ВІА, але каб выносіць у назву фестывалю «капіталістычнае» англійскае слова «beat» і збіраць у межах фестывалю гурты выключна аднаго гэтага напрамку — такое здарылася ўпершыню. І, да таго ж, менавіта ў сталічным горадзе, у афіцыйнай актавай залі буйнога інстытута[6].

Нечаканым фактам сталася тое, што з партыйных кругоў ніхто не быў супраць правядзення мерапрыемства. Да арганізацыі фестывалю падключыўся рэктарат Мінскага радыётэхнічнага інстытута сумесна з рэдакцыяй насценнай газеты «Кибернетик», прафкам інстытута, камітэт камсамола і гарадскія ўлады[7]. На пытанне чаму так здарылася, лідар-гітарыст «Алгарытмаў» Яўген Канавалаў сведчыў, што такая музыка карысталася поспехам у моладзі і падабалася самім кіраўнікам. Маладыя ансамблі гралі на вяселлях, у тым ліку і партыйных функцыянераў. Фестываль афіцыйна быў прысвечаны 50-годдзю Савецкай Беларусі і 50-годдзю УЛКСМ. Заяўкі на ўдзел і анкеты аргкамітэтам пад кіраўніцтвам Сяргея Мароза прымаліся да 15 сакавіка 1968 года[8]. У выніку ўсё было зладжана з размахам: пачынаючы ад надрукаваных па заказе ў тыпаграфіі білетаў і картак з эмблемай фестывалю ў выглядзе графічнага прамяністага сонца, заканчваючы запрашэннем у журы Барыса Райскага, кіраўніка эстраднага аркестра Белтэлерадыё. Валерый Дайнэка аб тым, чаму ў журы была запрошана афіцыёзная фігура такога маштабу, меркаваў, што Райскі быў калекцыянерам, шыкоўным музыкантам і «шанхайцам», з той рускай кампаніі музыкантаў, разам з Алегам Лундстрэмам[ru] і іншымі, якая калісьці жыла там у эміграцыі і калі дазволілі ўлады ― вярнулася[9].

Былі праведзены тры конкурсныя канцэрты цягам трох дзён, выступленні гуртоў праходзілі пры поўных аншлагах і масавым ажыятажы. Паводле гітарыста «Алгарытмаў», атмасфера на фестывалі была ўзрыўная, папулярнасць калектываў неверагодная. Нават фіксаваліся выпадкі таго, што людзі прабіраліся ў залю інстытута праз вокны прыбіральні на другім паверсе, па вадасцёкавай трубе ― не хапала білетаў на ўсіх жадаючых трапіць на фестываль[10].

Гурт «2+2» быў уключаны ў спіс удзельнікаў у апошні момант і адзначыўся на фестывалі тым, што выканаў дзве свежыя песні «The Beatles» запар без паўзы. Удзельнік мінскага квартэту Генадзь Старыкаў сведчыў, што гурт упершыню выконваў канцэптуальную музыку «The Beatles» ― «Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band[en]» і «With a Little Help from My Friends[en]» ― злітна, як і самі «The Beatles». І гэта было нязвыкла для публікі, бо раней пасля кожнай песні былі апладысменты, паклоны, кветкі. Удзельнік фестывалю Уладзімір Спірыдовіч сведчыць пра тое выкананне, што ў гурта была музычная партытура ўсяго «Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band». Гэта літаральна праз 3―4 месяцы пасля таго, як пласцінка выйшла ў Англіі. Акрамя таго, музыканты з «2+2» выглядалі падкрэслена неахайна. Яўген Адстаўноў зазначаў, што арганізатары загадалі, каб усе хлопцы былі падстрыжаныя, але музыканты калектыву падстрыгліся сімвалічна, прынцыпова не змяніўшы прычоскі. Назва «2+2» з’явілася таму, што гурт складаўся з двух студэнтаў Мінскага радыётэхнічнага інстытута і двух з іншай установы. Але ўтварэнне гурта адбылося, калі Яўген Адстаўноў вучыўся ў школе і пазнаёміўся там з Уладзімірам Бяляевым. Той навучыў Яўгена, які кінуў скрыпку, граць на гітары. Потым разам паступілі на вячэрняе аддзяленне інстытута, да іх далучыўся студэнт «палітэха» Старыкаў. Згодна з рэгламентам фестывалю кожны ансамбль павінен быў зайграць, у тым ліку, сваю ўласную інструментальную кампазіцыю, якой у «2+2» не было. Паколькі ніхто з удзельнікаў пісаць музыку не ўмеў, Старыкаў узяў на сябе адказнасць і сам з нуля напісаў яе. Пасля плёнку з гэтай музычнай тэмай каля паўгода круцілі па інстытуцкім радыё[2].

Пётр Вярлыга з гурта «Алгарытмы» ўзгадваў, што ў той час былі цяжкасці з апаратурай і з інструментамі. Таму тыя гурты, у якіх не было сваіх інструментаў, гралі на гітарах і апаратуры «Алгарытмаў». Самымі маладымі на фестывалі аказаліся школьнікі «Funny Foxes» ― юнакі з аднаго двара на чале з Уладзімірам Спірыдовічам. Рэпертуар «Funny Foxes» па ўспамінах Спірыдовіча камплектаваўся з большага з кавер-версій, гралі «The Hollies[en]», «The Monkees[en]», «The Animals[en]», «The Rolling Stones», «The Beatles». Спірыдовіч сур’ёзна захапляўся футболам да тае пары, пакуль не знайшоў «саракапятку» «The Beatles» «A Hard Day’s Night[en]» з песняй «Girl[en]». Сваім настаўнікам па валоданню гітарай ён лічыць Яўгена Канавалава. На фестывалі «Funny Foxes» выступалі ў экстравагантных строях[2].

За тыдзень да пачатку біт-фестывалю ў ЗША быў забіты пратэстанцкі святар, праваабаронца Марцін Лютэр Кінг. Біт-каманда «Пінгвіны» выканала ў межах фестывалю песню Пола Робсана[en], якую прысвяціла памяці загінулага, прызнанага потым каталіцкім касцёлам пакутнікам, які аддаў жыццё за веру. Ансамбль прадстаўляў Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук. Вакаліст Юрый Ражаў спяваў уразлівым басам. За струнныя партыі адказвалі Аляксандр Няхайчык, Аляксандр Валодзькін і Андрэй Плясанаў[be-x-old], які расказваў, што гурт пачаў граць пад канец 1965 года, а на біт-фестывалі ўвайшоў у пяцёрку лепшых. Не патрапілі ў пяцёрку прадстаўнікі Беларускага політэхнічнага інстытута. У прыватнасці, ансамблі «Ювента» і «Сінія гітары». Апошнім моцна не ставала Анатоля Кулагіна. Ён, адзін з першых рок-н-рольных гітарыстаў у Мінску, на выступленнях у Беларускім політэхнічным інстытуце віртуозна выконваў «Месячную санату[de]» Бетховена. Але напярэдадні фестывалю Анатоль Кулагін сышоў з ансамбля. У «Сінія гітары» ўваходзіў Лявон Канавалаў, цёзка па прозвішчы вядомага Яўгена[2].

Гітарыст і скрыпач Аляксандр Сільвановіч, які ў той час прыехаў з Гродна ў Мінск вучыцца, прадставіў на фестывалі свой новы ансамбль «Ды́сканты» з Валерыем Холадавым на бас-гітары. Вакалістам быў спадар Лучыцкі, якога ўсе ведалі выключна па мянушцы «Крыс» і які гаварыў, што меў цэлую плёнку запісаў выступу гурта на фестывалі на даволі высокім узроўні, але яна была згублена. Удзельнічаў у біт-фестывалі і ансамбль каляджазавага кірунку пад кіраўніцтвам Гамаюнава. Ён прадстаўляў «Дзіпрасельбуд». У пяцёрку найлепшых, акрамя «Пінгвінаў», трапілі «Грыфы» ад ЦУМа. Крытыкі адзначылі тэмперамент і артыстызм, а Алега Герасіменку прызналі найлепшым рытм-гітарыстам фестывалю. З нацыянальных спеваў у версіі гурта прагучаў «Нёман». Таксама вылучыла «Грыфаў» тое, што амаль усю праграму яны склалі з уласных песень. Пазней Андрэй Плясанаў падчас аднаго з пасяджэнняў «Старклуба» ўзгадваў самую папулярную з іх — песню Змітра Хлопава[2].

«Рэфлексы» з Медыцынскага інстытута скарылі журы сваім імпэтам і гарэзлівасцю. Райскі адзначыў асабістую абаяльнасць басіста Гваздзёва. Менавіта «Рэфлексы» прадставілі на фестывалі ў біг-біт апрацоўках самыя нечаканыя творы: французскую мелодыю Алімпіяды-68, якая прагучала з тэлеэкранаў падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Грэноблі; песню індыйскага госця з оперы Рымскага-Корсакава «Садко[ru]». Чым забяспечылі сабе ганаровае трэцяе месца[2].

Прэтэндэнтамі на галоўны прыз для журы сталі ансамблі «Алгарытмы» і «Зодчие[be-x-old]» (бел.: Дойліды) — прадстаўнікі СКБ завода імя Серго Арджанікідзэ, сярод іншага выканалі вядомую «Перапёлачку[uk]». На фестывалі ў біг-бітавым аранжыраванні прагучаў і такі народны спеў як «Чаму ж мне не пець». Бас-гітарыст Мурат Смольскі распавядаў, што тады беларускіх народных песень у эфіры было вельмі многа ў розным выглядзе, а любым музычным калектывам для таго, каб іх выпусцілі на сцэну, абавязкова трэба было ўключаць у рэпертуар фальклорныя творы. Тым не менш, нацыянальная тэма стала на фестывалі слабым месцам. Толькі «Зодчие» пад кіраўніцтвам Сямёна Гафштэйна прадэманстравалі кампетэнтнасць у беларускім фальклоры. Пра ўзнікненне гурта Мурат Смольскі адзначыў, што калектыў узнік са студэнтаў у 1968 годзе ў Політэхнічным інстытуце фактычна пасля таго, як было абвешчана пра першы конкурс біт-ансамбляў у Мінску. Сам Смольскі з’явіўся ў калектыве толькі ў 1969 годзе. «Зодчие» стварыліся вельмі аператыўна, прычым ніхто з музыкантаў папярэдне не меў ансамблевага канцэртнага вопыту, затое была базавая музычная граматнасць. Музыканты добра спявалі ў чатыры галасы, а ігру на гітарах спрабавалі «падцягваць» да ўзроўню вакалу. На англійскай мове «Зодчие» заспявалі вельмі цяжкую для выканання песню «The Beatles» «Help![en]», са шматгалоссем і падпеўкай у тры галасы. Шматгалоссе ў аматарскіх ансамблях тады лічылася за рэдкасць, як адзначыў Барыс Герстан, лірызм, прастата і непасрэднасць прынеслі «Зодчим» малы прыз фестывалю — Крыштальную вазу[2].

Галоўным пераможцам Першага фестывалю біт-ансамбляў у Мінску і ўладальнікам прызавой Бурштынавай гітары сталі «Алгарытмы» з Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Па словах Герстана, галоўная адметная рыса «Алгарытмаў» — уласная думка. Менавіта ў «Алгарытмах», як выявілася падчас конкурсу, гралі найлепшы арганіст — Вячаслаў Ксяндзоў, ён выступаў з тамбурынам на шыі, найлепшы бубнач — Міхал Голат і найлепшая салістка — Ларыса Лаўрышкова, студэнтка БПІ, якая на той момант ужо паспела з’ездзіць з ансамблем на сібірскія гастролі. Ларыса Лаўрышкова выканала на фестывалі, у тым ліку, песню «Shaking Feeling» з рэпертуару брытанскага гурта «The Swinging Blue Jeans[en]». Падчас выступу «Алгарытмаў» людзі не маглі стрымліваць сваіх эмоцый: ускоквалі з месцаў, крычалі, рабілі працяглыя авацыі. Барыс Райскі прызнаваўся пасля, што рэакцыя ў залі амаль заўсёды супадала з журы. Клавішнік Ксяндзоў і гітарыст Канавалаў па чарзе выдавалі віртуозныя экспрэсіі. Як узгадвае Пётр Вярлыга, у Яўгена парвалася струна, але ён, як Паганіні, імправізаваў на хаду і працягваў выступленне, ніхто з журы не заўважыў нечаканай сітуацыі. Публіка папросту не хацела адпускаць «Алгарытмаў» са сцэны, таму ансамбль значна перабраў адведзены ліміт. Райскі адзначаў, што «Ансамбль „Алгарытмы“ гучаў настолькі зладжана, што мог бы паспяхова канкурыраваць са многімі прафесійнымі калектывамі. Асабліва хочацца вызначыць выканаўцу на сола-гітары Яўгена Канавалава, не спрабуючы падаць сябе знешнімі эфектамі, ён прыкоўвае да сябе ўвагу сваёй яскравай музыкальнасцю. Яго „13 маршрут“ — найлепшы з твораў, напісаных удзельнікамі фестывалю». Названую кампазіцыю Яўген Канавалаў прысвяціў рэальнаму аўтобуснаму маршруту, які хадзіў па Ленінскім праспекце[11].

Наступныя падзеі

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць з 12 удзельнікаў фестывалю хутка зніклі з поля зроку. «Пінгвіны» таксама распаліся, Андрэй Плясанаў[be-x-old] пайшоў працаваць артыстам эстрады ў Белдзяржфілармонію. Як і Уладзімір Арлоў з «Грыфаў». Шмат каго з музыкантаў забралі ў войска. Плясанаў таксама паўдзельнічаў у такіх гуртах як «Пралескі» і «Славяне», граў з Валерыем Жырнасекавым у БПІ (1971—1975), граў з другімі музыкантамі ў рэстаранах, на вяселлях, прэзентацыях (1975—1980). Удзельнік гурта «Пінгвіны» Юрый Ражаў зрабіў кар’еру ў Міністэрстве ўнутраных спраў, у прыватнасці, узначальваў прэсавы цэнтр. Уладзімір Спірыдовіч з гурта «Funny Foxes» паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і заняўся больш сур’ёзным і спелым праектам «Арганаўты». Да «Сініх гітараў» з «палітэху» далучыўся будучы «Пясняр» Анатоль Кашапараў, а да «Дыскантаў» — знакавая постаць у музычным падполлі Ігар Карастылёў. Ён умеў выдатна спяваць рок-н-рол, акампануючы сабе ж на ўдарнай устаноўцы. Яго гурт быў прафесійны і тады ў Мінску даволі вядомы, граў у клубах. Разам музыканты выправіліся ў Ялту, як сведчыць Карастылёў: «Рок-гурт прыехаў з гітарамі, з апаратурай, мы выйшлі. Тут адразу ж мясцовыя жыхары пытаюцца адкуль мы. З Прыбалтыкі? Не, з Мінска. А-а, з Мінска, з Беларусі… Што там можа быць? Прыбалтыка „гудзела“ тады. Потым, калі мы заігралі, ажыятаж быў. Тысячы ці дзясяткі тысяч людзей, бітком забітыя веранды, яны пачалі біцца за нас. Памятаю, прыходзіў і Мулявін з хлопцамі да нас, як да зорак. Сапраўды, прадставілі годна Беларусь». Аляксандр Сільвановіч здолеў аб’ездзіць СССР у складзе зборнай каманды з вялікай праграмай, разлічанай на 3—4 месяцы, якая ўяўляла сінтэз сімфанічнага аркестру і новых сучасных выканаўцаў з розных рэспублік. Праехалі ад Далёкага Усходу да Сярэдняй паласы[ru], выконвалі, у тым ліку, «Александрыну»[2].

«Алгарытмы» на творчым уздыме пасля фестывалю таксама выправіліся на поўдзень, у горад Бакурыяні. Там ім прапанавалі працу ў міжнародным лагеры «Спадарожнік». Па завядзёнцы выступалі без ганарараў, за харчаванне і экскурсійную абслугу. Выконвалі што хочаш — нават грузінскія мелодыі. Як сцвярджае Пётр Вярлыга, па Грузіі пайшла гаворка, што ў Бакурыяні можна паслухаць цікавы гурт. Спецыяльна дзеля гэтага з Тбілісі прыязджалі людзі з музычных колаў, кампазітары. У складзе нямецкай дэлегацыі ў Грузіі быў Гюнтэр Вольфударнік, які працаваў з Манфрэдам Кругам[de], які граў разам і з гуртом Вярлыгі. Трагедыя прыйшла нечакана: клавішнік «Алгарытмаў» Вячаслаў Ксяндзоў паехаў у Мінск здаваць іспыты і там скончыў жыццё самагубствам. Пётр Вярлыга меркаваў, што Ксяндзоў у той час «як раз быў на вяршыні, як Джымі Смітс нумар два» і што «ён „выціскаў“ з „Юности“ тое, што словамі не перадаць, моцны імправізатар і гэта было вельмі вялікай стратай». Хутка рытм-гітарыст Вярлыга сышоў з ансамбля, Пётр стаў супрацоўнічаць з тэатрам ценяў у БРТІ, у складзе зборнай КВЗ «Мінск» стаў чэмпіёнам СССР, а ў сярэдзіне 1970-х гадоў разам з эксперыментальным тэатрам пачаў ствараць нешта накшталт рок-опер. Перастаў граць у «Алгарытмах» і бубнач, ён жа дырэктар калектыву Міхал Голад, бо вырашыў сур’ёзна заняцца дыпломам. Але нават у такой сітуацыі ансамбль не спыніў існаванне. «2+2» таксама працягвалі граць. Як сведчыць Яўген Канавалаў, гралі ў чатыры гітары і на два галасы паліфанію, рытм-н-блюзы, свае песні. Сапраўдны фурор новыя «Алгарытмы» выклікалі ў 1969 годзе ў горадзе Іванава. Захаваўся запіс таго выступу, дзе выстаўляецца ўвесь новы склад: на гітары Яўген Канавалаў, рытм-гітара — Уладзімір Бяляеў, бас-гітара — Яўген Адстаўноў, ударныя інструменты і кіраўнік ансамблю — Ігар Крупеня, другая сола-гітара — Генадзь Старыкаў. У плане папулярызацыі з усіх удзельнікаў першага біт-фестывалю найбольш пашанцавала «Зодчим». Яны сталі лаўрэатамі Усесаюзнага конкурсу «Алло, мы ищем таланты![ru]» і цягам трох гадоў гастралявалі па СССР[2].

Жывы гук фестывалю запісваўся на аўдыястужку, ад якой захаваліся толькі фрагменты. Усе тры конкурсныя канцэрты здымала кінахроніка «Беларусьфільма»[12], але вынікам стаў 10-хвілінны фільм «Маршрут 13»[13]. Яго некалькі разоў патрабавала перарабіць камісія. Так і не прынятая стужка лягла «на паліцу» і з усімі рабочымі матэрыяламі па акце была знішчана ў 1977 годзе[14]. Дзякуючы сцэнарысту і аператару Эдуарду Гайдуку, які таемна захаваў плёнку, адбылася дэманстрацыя фільма ў Доме кіно ў 1987 годзе[15].

У 1971 годзе быў праведзены Другі фестываль, але на яго арганізатараў і ўдзельнікаў адбыліся ганенні, выкліканыя палітычнай сітуацыяй. На Другім біт-фестывалі ганаровае першае месца атрымаў гурт Уладзіміра Спірыдовіча «Арганаўты»[16].

12 красавіка 2008 года ў той жа актавай зале БДУІР адбыўся вечар-трыб’ют фестывалю. У ім прынялі ўдзел гурты «Madera Hard Blues», «Князь Мышкин», «White Night Blues», «Пане-браце», «Сузор’е», «Песняры», а таксама заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка і маладыя выканаўцы[17]. Адкрыў вечарыну Генадзь Старыкаў, адзін з удзельнікаў гістарычнага фестывалю, на сцэне таксама выступілі іншыя прадстаўнікі ансамбляў-удзельнікаў.[18] У холе актавай залы БДУІР была арганізавана выстаўка мінскай залы музычнай славы «Hall of fame» пры падтрымцы музея Уладзіміра Мулявіна[19].

Гурт «Алгарытмы» падчас выступлення на фестывальнай сцэне.

У фестывалі біг-біту мог прыняць удзел любы непрафесійны электрагітарны ансамбль. Перад галоўнай падзеяй прайшлі адборачныя конкурсы. На заказ у тыпаграфіі былі надрукаваныя запрашальнікі і карткі з эмблемай фестывалю. Удзел у фестывалі прынялі 12 калектываў,[20] агульная колькасць удзельнікаў — 89 чалавек, сярэдні ўзрост удзельніка — 20 гадоў. Спіс удзельнікаў:

  • «Алгарытмы»[21] (Радыётэхнічны інстытут)
  • «2+2» (Радыётэхнічны інстытут)
  • «Зодчие» (СКБ завода імя С. Арджанікідзэ)
  • «Рэфлексы» (Медычны інстытут)
  • «Пінгвіны» (Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук)
  • «Грыфы» (Цэнтральны ўніверсальны магазін)
  • «Funny Foxes» (школьны ансамбль)
  • «Дысканты» (Політэхнічны інстытут)
  • «Ювента» (Політэхнічны інстытут)
  • «Сінія гітары» (Політэхнічны інстытут)
  • «Скіфы» (Інстытут фізкультуры)
  • ансамбль Б. Гамаюнава (Белдзіпрасельбуд)

Кожны ансамбль выконваў сем песень, чатыры з якіх прадугледжваліся «Палажэннем аб фестывалі біт-ансамбляў горада Мінска». Агульны час выступлення не павінен быў перавышаць 45 хвілін, на ўстаноўку апаратуры давалася 15 хвілін. У рэпертуары музыкантаў былі творы савецкіх і замежных кампазітараў, а таксама беларускія народныя песні, апрацаваныя ў стылі біг-біту[22]. Абавязковым было ўключэнне ў праграму ўласнага твора і інструментальнай п’есы. Пры вызначэнні пераможцы журы ўлічвала мастацкую сталасць, тэхніку і культуру выканання, арыгінальнасць аранжыроўкі. Акрамя асноўных прызоў былі ўручаны спецыяльныя: найлепшы спявак, найлепшы гітарыст фестывалю і іншыя. Узнагароды журы размеркавала наступным чынам:

Узнагарода Ансамбль
Першы прыз («Бурштынавая гітара») «Алгарытмы»
Другі прыз («Крыштальная ваза») «Зодчие» (таксама атрымалі прыз за найлепшую апрацоўку беларускай тэмы)[23]
Трэці прыз «Рэфлексы»

Граматы таксама атрымалі: найлепшы рытм-гітарыст фестывалю — Алег Герасіменка («Грыфы»), найлепшы сола-гітарыст фестывалю — Яўген Канавалаў («Алгарытмы»),[24] найлепшы арганіст фестывалю — Вячаслаў Ксяндзоў («Алгарытмы»), найлепшы ўдарнік фестывалю — Міхаіл Голад («Алгарытмы»), найлепшая салістка фестывалю — Ларыса Лаўрышкова («Алгарытмы»), найлепшы саліст — Юрый Ражаў («Пінгвіны»), за найлепшы ўласны твор — Яўген Канавалаў (за твор «Трынаццаты маршрут»). Белдзяржфілармонія прадаставіла найлепшым біт-ансамблям эстрады сталічных кінатэатраў, кафэ, рэстаранаў. Пасля фестывалю ансамбль «Алгарытмы» чакаў тур па Сібіры, на працягу трох тыдняў музыканты выступалі перад нафтавікамі, збіралі поўныя залы[25].

Склад журы, якое ацэньвала музыкантаў, быў наступным:

Статус Прозвішча, пасада
Старшыня журы галоўны дырыжор дзяржаўнага эстрадна-сімфанічнага аркестра Барыс Райскі
Член журы дырэктар Белдзяржфілармоніі Георгій Загародні
Член журы маладыя кампазітары Ігар Лучанок і Яўген Грышман
Член журы першы сакратар Мінскага гаркама ЛКСМБ Вячаслаў Радамскі
Вонкавыя выявы
Палажэнне аб фестывалі біт-ансамбляў горада Мінска

Паводле меркавання музычнага журналіста і даследчыка гісторыі беларускага рока Віктара Сямашкі, мінскі фестываль з’яўляўся першым такога роду мерапрыемствам у СССР[2]. Музычны крытык і публіцыст Сяргей Будкін лічыць 12 красавіка 1968 года днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі, а сам фестываль ставіць побач з такімі вызначальнымі для беларускай музычнай культуры падзеямі, як утварэнне ансамбля «Песняры», арганізацыя рок-клуба «Няміга», дэманстрацыя хіпі ў Гродне[3]. Беларускі гітарыст і музыкант гурта «Роза ветров» Сяргей Занімонец лічыў пераможцаў фестываля гурт «Алгарытмы» найлепшым ансамблем рэспублікі таго часу, а іх гітарыста Яўгена Канавалава ― найлепшым майстрам імправізацыі.[26]

Ансамблі, якія ўдзельнічалі ў фестывалі, з’яўляліся пераважна маладымі, узрост самога старога не перавышаў двух гадоў з моманту заснавання[27]. Журналісты і карэспандэнты адзначылі істотны ўплыў творчасці гурта «The Beatles» практычна на ўсіх удзельнікаў фестывалю. Гэта выяўлялася і па рэпертуары, і па манеры трымацца на сцэне. Таксама адзначалася, што агульны ўзровень беларускіх біт-ансамбляў пакуль ніжэйшы за ўзровень прафесійных ансамбляў кшталту маскоўскага «Электрон» і ленінградскага «Поющие гитары[ru]». Праблемай амаль усіх ансамбляў з’яўлялася адсутнасць заводскай стандартнай апаратуры, і музыканты былі вымушаны рабіць яе сваімі рукамі, што адмоўна адбілася на якасці гучання[28].

Будучы Народны артыст Беларусі кампазітар Ігар Лучанок скардзіўся на перавагу «заходняга[en]» рэпертуару над савецкім у праграмах удзельнікаў фестывалю.

Першы дзень фестывалю не абышоўся без гарачых дыскусій як між гледачамі, так і на сустрэчах канкурсантаў з журы. Старшыня журы Барыс Райскі вельмі скардзіўся на тое, што з-за моцнага акампанементу дрэнна чуў вакалістаў. «Рот адкрывае… Ведаеш, як бывае ў нас, на жаль, у нашых вёсках, і маўчыць. Вось так і мы, прасядзелі ўвесь фестываль і бачылі адкрытыя раты салістаў, а аб чым ён там спяваў… Паўтараю, за рэдкім выключэннем. Біг-біт — гэта жыццё, гэта тэмп, гэта рытм, гэта ўсё з напружаннем такім!»[29]. Свае парады даваў і Ігар Лучанок: «Хацелася б, каб у вашым рэпертуары ўсёж-такі было менш перайманняў, каб больш было нашага, савецкага рэпертуару». У выніку, каб пасля фестывалю паказацца на тэлебачанні «Дыскантам» прыйшлося вывучыць адну з песень Лучанка, як сведчыў Лучыцкі: «„Красные звёзды, калёные клинки…“. Гэта ў Лучанка. Мы разумелі, што нам гэта не вельмі хочацца, страшна не хочацца. Але прыйшлося, дзеля таго, каб паказаць сябе, вывучыць і заспяваць гэтую песню па тэлебачанні».

У цэлым адзначалася добрая арганізацыя фестывалю і асаблівы маладзёжны фестывальны дух. Выступленні гуртоў адрозніваліся разнастайнасцю. Ансамбль «Funny Foxes», які меў досыць прымітыўны музычны ўзровень, кампенсаваў адсутнасць свайго творчага аблічча экзатычным знешнім выглядам выканаўцаў. Музычны крытык Барыс Герстан пісаў пра іх выступ: «Уявіце сабе чырвоныя камзолы, ці то з плюшу, ці то з аксаміту, з жоўтымі манжэтамі, гузікамі армейскага ўзору і металічнымі ланцужкамі праз грудзі. Нешта сярэдняе паміж уніформай уланаў 2-га Праабражэнскага палка і членаў палаты лордаў англійскага парламента». Таксама менавіта знешні бляск вылучаў выступленне гурта інстытута фізкультуры «Скіфы». Найбольш гарэзліва і азартна на сцэне выступілі «Рэфлексы», яны, у тым ліку, выканалі папулярную ў тыя часы французскую алімпійскую мелодыю. Выступленне ансамбля «Зодчие» было простым і непасрэдным, але вылучалася лірызмам. Барыс Райскі потым пісаў: «Калі ў „Алгарытмаў“ пераважаў інструментальны пачатак, то ў „Дойлідаў“ — вакальны. Іх выступ адрозніваўся вялікай музыкальнасцю, добрай нюансіроўкай, цікавым падборам рэпертуару. Беларускія матывы ў іх выкананні былі прызнаныя найлепшай апрацоўкай беларускіх тэм». Характэрна, што ўдзельнікі гурта «Грыфы» амаль усю сваю праграму склалі з уласных твораў[2].

Па аднадушнай думцы журы і гледачоў Вялікі прыз фестывалю быў прысуджаны ансамблю «Алгарытмы»[30], які вылучала дакладнае віртуознае гранне. Старшыня журы адзначыў, што яны граюць на ўзроўні прафесіяналаў, маюць тонкае пачуццё мелодыі, рытму, скрупулёзна працуюць над кожным творам.

Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска шырока абмяркоўваўся ў рэспубліканскай прэсе. «Чырвоная змена» пісала: «Кожны ансамбль адчувае ў сваёй рабоце не малыя цяжкасці. Па-першае, у нас не вырабляюць пакуль што неабходныя інструменты, а самаробная апаратура не дазваляе дабіцца высокай якасці гучання. Па-другое, кампазітары-прафесіяналы амаль не пішуць музыку ў стылі біг-біт»[8]. Газета «Знамя юности» (бел.: Сцяг юнацтва): «У рэспубліканскім доме народнай творчасці няма літаральна нічога, што адносілася б да электрагітарных ансамбляў. Няма вучэбных дапаможнікаў, няма ніякіх твораў. Аднак жа гітара стала сапраўдным народным інструментам і ігнараваць гэта ніяк нельга. Было шчыра шкада энтузіястаў жанру, якія на свае сродкі, рознымі шляхамі набывалі інструменты»[5]. Адзначала «Літаратура і мастацтва»: «Хлопцам даводзіцца рабіць апаратуру сваімі рукамі. Дарэчы гэту праблему з цяжкасцю вырашаюць і прафесійныя ансамблі. Можа Мінскаму радыёзаводу варта было б падумаць над выпускам такой прадукцыі. Попыт ёсць»[23]. А «Голас Радзімы» паведамляў, што Белдзяржфілармонія прапанавала найлепшым біт-ансамблям эстрады сталічных устаноў культуры і адпачынку[22]. Тады была ўпэўненасць, што гэта толькі пачатак, праблемы будуць вырашацца, пройдуць наступныя фестывалі, з’явяцца клубы. Але пачалася Пражская вясна і ў савецкія танкі, якія ўступілі ў Чэхаславакію, бутэлькі з кактэйлем Молатава кідалі менавіта студэнты, бітнікі, хіпі ― фанаты «The Rolling Stones» і «The Beatles». Улады тэрмінова «закруцілі гайкі», музыканты вярнуліся ў андэрграўнд[31].

  1. Минский рок есть! И ему 40 (руск.). Белорусский государственный университет информатики и радиоэлектроники. Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2020. Праверана 9 лютага 2021.
  2. а б в г д е ё ж з і к Беларускі Underground 1960–1970-ых, частка 3: Біт-фэст. Праграма «Новая зямля» (17 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2020. Праверана 9 лютага 2021.
  3. а б 60 год беларускага рок-н-рола. Лекцыя Сяргея Будкіна. Onliner.by (15 октября 2020 в 8:00). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021. Праверана 21 лютага 2021.
  4. У Мінску прайшла вечарына, прысвечаная 40-годдзю першага ў Беларусі біт-фестывалю. БелаПАН (14 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2020. Праверана 20 лістапада 2017.
  5. а б Даніловіч Н. 1968, с. 1.
  6. Сямашка, Віктар. !OUT: Залатое руно Ўладзімера Сьпірыдовіча (Фота + 12 абраных трэкаў). Тузін Гітоў (24 лістапада 2014). Праверана 21 жніўня 2021.
  7. 40-летие первого в Беларуси бит-фестиваля отметили в Минске (руск.). Naviny.by (14 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2020. Праверана 30 верасня 2017.
  8. а б Азёрны Ф. 1968, с. 1.
  9. Кудрэйка, Надзея. Вярнуць згубленыя саўндтрэкі эпохі(недаступная спасылка). Культура (№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2021. Праверана 21 жніўня 2021.
  10. Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол* (аўдыё, відэа). Тузін Гітоў (21 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2021. Праверана 17 лістапада 2017.
  11. Белохвостик, Надежда (2018-04-13). "Минский бит прикрыл чиновник из ЦК партии, опустив занавес посреди концерта"(руск.). КП у Беларусі. Праверана 2022-02-25.
  12. Маршрут 13 — Первый фестиваль бит-ансамблей в СССР (Минск, 1968) (руск.). d3 (24 кастрычніка 2013). Праверана 23 лістапада 2017.
  13. Видео ВИА и групп. Раздел видео-материалов (руск.). «Вокально-инструментальные ансамбли СССР». Праверана 18 лютага 2021.
  14. К. И. Ремишевский 2018, с. 12—20.
  15. Первый фестиваль бит-ансамблей Минска (руск.). Жывы журнал (9 снежня 2010). Праверана 1 кастрычніка 2017.
  16. У Мінску памёр пачынальнік арт-року ў Беларусі. Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 студзеня 2013). Праверана 30 верасня 2017.
  17. Старыя хіпаны ў БДУІР. Наша Ніва (9 красавіка 2008). Праверана 20 лістапада 2017.
  18. Трефилов, Сергей. «Я очень рад, что жил в эпоху перемен»: белорусский рок-н-ролльщик 1960-х о том, как менялась страна и о рецептах оптимизма во время коронавируса (руск.). КП у Беларусі (11 чэрвеня 2020). Праверана 21 чэрвеня 2022.
  19. Сямашка, Віктар. !OUT: «Альгарытмы» на белрадыё (Рарытэт 1969 году). Тузін Гітоў (30 верасня 2014). Праверана 15 чэрвеня 2021.
  20. Где и как отдыхали минчане в 1960-е годы? (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (25 лістапада 2013). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2017. Праверана 30 верасня 2017.
  21. The Sіlіcon: Танцы, сонца, рок-н-рол з беларускім акцэнта(недаступная спасылка). Будзьма беларусамі! (1 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2017. Праверана 1 кастрычніка 2017.
  22. а б Затурэнскі М. 1968, с. 1.
  23. а б Барыс Герстан 1968, с. 1.
  24. Яўген Канавалаў: жыццё сціплага генія (+фота). Experty.by (12 красавіка 2011). Праверана 20 лістапада 2017.
  25. Где в Минске зарождался белорусский рок-н-ролл? (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (14 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2020. Праверана 20 лістапада 2017.
  26. Писарев, Владимир. Пионеры белорусской рок-музыки. Как все начиналось (руск.)(недаступная спасылка). Минск-Новости (3 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2021. Праверана 21 чэрвеня 2022.
  27. Музыкальное «сражение» 1968, с. 1.
  28. Сямашка, Віктар. !OUT: «Альгарытмы» на гастролях (+Рэдкія фота й запісы 1969—1971 гадоў). Тузін Гітоў (10 студзеня 2019). Праверана 15 чэрвеня 2021.
  29. "Первая съемка бит-групп в СССР выжила чудом. 1968 год"(руск.). Яндэкс. 2020-08-31. Праверана 2021-02-18.
  30. "На каких фестах тусовались минчане с 1968 года и по наши дни"(руск.). TUT.BY. 6 июня 2016 в 15:28. Архівавана з арыгінала 26 кастрычніка 2017. Праверана 2021-02-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  31. Максім Осіпаў.. Хиппи, рокеры и панки. Как в СССР пытались подстричь молодежь под одну гребенку (руск.). СБ. Беларусь сегодня (20 лютага 2015). Праверана 23 ліпеня 2018.