ФК Гарадзея
Гарадзея | |||
---|---|---|---|
Поўная назва | УФКіС «Футбольны клуб „Гарадзея“» | ||
Мянушкі | цукровыя | ||
Заснаваны | 2002 | ||
Расфарміраваны | 2021 | ||
Горад | Гарадзея, Беларусь | ||
Стадыён |
«Гарадзея» Умяшчальнасць: 1000 |
||
2020 | 13 месца ў Вышэйшай лізе | ||
|
«Гарадзея» — беларускі футбольны клуб з гарадскога пасёлка Гарадзея, які існаваў у 2002—2021 гадах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Спачатку быў міні-футбольным клубам, пасля клуб перайшоў на звычайны футбол. У 2008 клуб заявіўся ў Другую лігу і праз два гады выйграў яе.
Дэбютны сезон у Першай лізе прынёс клубу трэцяе месца.
2012
[правіць | правіць зыходнік]У сезоне 2012 клуб вёў барацьбу за выхад у Вышэйшую лігу. Заняўшы другое месца, клуб атрымаў права на стыкавыя матчы з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ», якое заняла апошняе месца ў Вышэйшай лізе. У першым матчы «Гарадзея» перамагла з лікам 1:0. Але ў другім саступіла 0:4 і засталася ў першай лізе.
2013
[правіць | правіць зыходнік]У сезоне 2013 «Гарадзея» дзякуючы выдатнаму старту (7 перамог у першых 7 турах) упэўнена забралася на першае месца. Але потым справы пайшлі горш, каманда стала атрымоўваць нічыі і паражэнні. Пасля паражэння ў 21-м туры ад «Смалявічаў-СТІ» (0:4) «Гарадзея» саступіла першы радок «Слуцку» і ў далейшым ужо не здолела на яго вярнуцца.
У выніку клуб зноў заняў другое месца. У стыкавых матчах «Гарадзея» саступіла магілёўскаму «Дняпру» па суме дзвюх сустрэч (1:3, 0:0) і зноў згубіла магчымасць выйсці ў Вышэйшую лігу.
2014
[правіць | правіць зыходнік]Сезон 2014 «Гарадзея» пачала няўдала, хутка апынуўшыся ўнізе табліцы. У выніку ўжо ў маі 2014 года быў звольнены галоўны трэнер Андрэй Кіпра, на месца якога быў запрошаны Сяргей Яромка. З новым трэнерам каманда стала выступаць больш паспяхова, і першы круг «Гарадзея» скончыла на трэцім радку. У пачатку другога круга «Гарадзея» захоўвала трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў Вышэйшай лізе. Але ў кастрычніку каманда выдала няўдалую серыю (6 матчаў без перамог), з-за якой ужо за некалькі тураў страціла ўсе шанцы на павышэнне.
2015
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак сезона 2015 у «Гарадзеі» ізноў не атрымаўся і яна апынулася ў ніжняй частцы табліцы. Тым не менш, кіраўніцтва клуба пакінула Сяргея Яромку на пасадзе галоўнага трэнера. Хутка становішча стала выпраўляцца, і першы круг каманда скончыла на чацвёртым месцы. Другую палову чэмпіянату «Гарадзея» правяла яшчэ больш паспяхова, і праз некаторы час узначаліла турнірную табліцу. На фінішы «цукровыя» прапусцілі на першае месца «Іслач», але другога месца было дастаткова, каб забяспечыць месца ў Вышэйшай лізе.
У Вышэйшай лізе
[правіць | правіць зыходнік]У дэбютным сезоне ў Вышэйшай лізе «Гарадзея» здолела захаваць сваіх лідараў, умацаваўшы склад вопытнымі беларускімі ігракамі. Пасля няўдалага старту каманда стала набіраць ачкі, у сярэдзіне сезона 2016 знаходзілася ў верхняй палове табліцы, але няўдалы фініш адкінуў «цукровых» на дзявяты радок.
У сезоне 2017 «Гарадзея» заставалася адным з сераднякоў Вышэйшай лігі. Аднак, пасля хатняга паражэння ў першым туры ад «Шахцёра» (0:1), гарадзейскі клуб болей не саступаў на сваім полі. 2017 год «Гарадзея» таксама скончыла на 9-м месцы.
Сезон 2018 пачаўся для гарадзейцаў няўдала, каманда хутка апынулася ў канцы турнірнай табліцы. Першая перамога была атрымана толькі ў 10-м туры, калі дзякуючы голу на апошніх хвілінах «Гарадзея» сенсацыйна ўзяла верх над БАТЭ (2:1), аднак гэтая перамога засталася адзінай у першай палове чэмпіянату. У другой палове сезона «Гарадзея» стала выступаць значна лепей, шэраг перамог дазволіў камандзе пакінуць падвал табліцы і скончыць сезон трэці раз запар на дзявятым радку.
У сезоне 2019 «Гарадзея» таксама спачатку знаходзілася ўнізе табліцы, але неўзабаве вынікі наладзіліся, каманда ўпэўнена замацавалася ў сярэдзіне табліцы, пазней нават мела магчымасць змагацца за высокія месцы, аднак у выніку фінішавала сёмай.
У сезоне 2020 у «Гарадзеі» меліся фінансавыя праблемы, звязаныя з затрыманнем у межах «цукровай справы» дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча, які аказваў значную дапамогу камандзе. У выніку клуб стаў рабіць большую стаўку на маладых выканаўцаў. Няглядзячы на праблемы, «Гарадзея» здолела пазбегнуць вылету, стаўшы трынаццатай.
У студзені 2021 года клуб пакінуў увесь трэнерскі штаб[1]. Неўзабаве стала вядома, што клуб адмаўляецца ад удзелу ў Вышэйшай лізе ў сезоне 2021. Ігракі каманды разышліся па іншых клубах, пераважна ў Вышэйшай лізе, а «Гарадзея» спыніла існаванне[2].
Папярэднія назвы
[правіць | правіць зыходнік]- 2002—2007: «Цуккамбінат»
- з 2008: «Гарадзея»
Дасягненні
[правіць | правіць зыходнік]- Пераможца чэмпіянату Мінскай вобласці: 2006
- Пераможца Другой лігі чэмпіянату Беларусі: 2010
- Найлепшае дасягненне ў Вышэйшай лізе — 7 месца (2019)
Статыстыка выступленняў
[правіць | правіць зыходнік]Чэмпіянат і Кубак Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Сезон | Ліга | М | Г | В | Н | П | Галы | Ачкі | Кубак | Заўвагі |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2007 | Чэмпіянат Мінскай вобласці, гр.Б (Д4) | 2 | 18 | 11 | 4 | 3 | 57–21 | 37 | 1/32 фіналу | |
2008 | Другая (Д3) | 7 | 30 | 12 | 8 | 10 | 43–39 | 44 | 1/32 фіналу | |
2009 | Другая (Д3) | 2 | 26 | 16 | 4 | 6 | 42–23 | 52 | 1/16 фіналу | |
2010 | Другая (Д3) | 1 | 34 | 27 | 3 | 4 | 112–29 | 84 | 1/8 фіналу | Выхад у Першую лігу |
2011 | Першая (Д2) | 3 | 30 | 16 | 7 | 7 | 51–31 | 55 | 1/16 фіналу | |
2012 | Першая (Д2) | 2 | 28 | 18 | 6 | 4 | 49–21 | 60 | 1/8 фіналу | |
Пераходныя матчы1 | 2 | 1 | 0 | 1 | 1–4 | |||||
2013 | Першая (Д2) | 2 | 30 | 18 | 6 | 6 | 68–32 | 60 | Чвэрцьфінал | |
Пераходныя матчы2 | 2 | 0 | 1 | 1 | 1–3 | |||||
2014 | Першая (Д2) | 6 | 30 | 11 | 12 | 7 | 42–26 | 45 | 1/8 фіналу | |
2015 | Першая (Д2) | 2 | 30 | 21 | 5 | 4 | 73–25 | 68 | 1/16 фіналу | Выхад у Вышэйшую лігу |
2016 | Вышэйшая (Д1) | 9 | 30 | 8 | 14 | 8 | 36–39 | 38 | 1/8 фіналу | |
2017 | Вышэйшая (Д1) | 9 | 30 | 8 | 14 | 8 | 37–35 | 38 | 1/8 фіналу | |
2018 | Вышэйшая (Д1) | 9 | 30 | 9 | 7 | 14 | 31–33 | 34 | 1/8 фіналу | |
2019 | Вышэйшая (Д1) | 7 | 30 | 12 | 8 | 10 | 31–29 | 44 | 1/16 фіналу | |
2020 | Вышэйшая (Д1) | 13 | 30 | 8 | 7 | 15 | 30–48 | 31 | 1/8 фіналу | Спыненне існавання |
- 1 Пераходныя матчы за месца ў Вышэйшай лізе супраць «Тарпеда-БелАЗ», апошняй каманды Вышэйшай лігі 2012.
- 2 Пераходныя матчы за месца ў Вышэйшай лізе супраць «Дняпра», перадапошняй каманды Вышэйшай лігі 2013.
Галоўныя трэнеры
[правіць | правіць зыходнік]- Георгій Барадулін (2004 — 2006)
- Андрэй Мікалаевіч (2006 — студзень 2012)
- Алег Кузьмянок (студзень 2012 — студзень 2013)
- Андрэй Кіпра (студзень 2013 — май 2014)
- Сяргей Яромка (май 2014 — чэрвень 2019)
- Алег Радушка (чэрвень 2019 — студзень 2021)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Весь тренерский штаб «Городеи» покинул клуб (руск.). Tribuna.com Беларусь у Facebook (16 студзеня 2021). Праверана 18 студзеня 2021.
- ↑ Александр Марченко: «На примере «Городеи» видим развитие регионального футбола. Поменялись люди и вырубили футбол на корню. Чтобы даже ростков не пустил» (руск.). by.tribuna.com (23 лютага 2021). Праверана 12 сакавіка 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Профіль на сайце weltfussballarchiv.com (англ.)
- Профіль на сайце wildstat.ru (руск.)
- Профіль на сайце teams.by (руск.)