Царква Святой Тройцы (Блонь)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Царква Святой Тройцы
53°31′40,40″ пн. ш. 28°14′58,50″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Блонь
Канфесія праваслаўная
Епархія Барысаўская
Тып будынка драўляны
Архітэктурны стыль класіцызм
Першае згадванне 1820 г.
Дата пабудовы 1826 г.
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква Святой Тройцы — драўляны праваслаўны храм у аграгарадку Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры класіцызма[1].

Уваходзіць у 1-ую Пухавіцкую благачынную акругу[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква была пабудавана ў 1826 годзе з драўлянага бруса на месцы згарэлага ў 1820 г. храма. Капітальна адраманавана ў 1873 г. на сродкі прыхаджан і казны (5975 руб.)[1].

У 1930-х гадах у царкве служыў святар Аляксандр Шылай, які нарадзіўся ў 1879 годзе ў Слуцку. Калі ў жніўні 1935 года царкву зачыніла савецкая ўлада, і пачалі здымаць званы, святар застаўся жыць у Блоні, працягваў сваю службу па хатах у вернікаў. Пад час Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў 1937 годзе арганізаваў збор подпісаў за адраджэнне царквы. 6 жніўня 1937 года Аляксандра Шылая арыштавалі і расстралялі, абвінаваціўшы ў антысавецкай агітацыі. Сям'ю святара выслалі. Аляксандр Шылай быў пасмяротна прызнаны свяшчэннамучанікам[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

З’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Будынак сіметрычна прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай. Кампазіцыя будынка заснавана на чаргаванні рознавысокіх аб’ёмаў. Званіца з высокім шпілем над бабінцам (васьмярык на чацверыку), васьмігранны светлавы барабан са шлемападобным купалам над сяродкрыжжам. Галоўны і бакавыя фасады маюць высокую цэнтральную частку і фланкіруючыя нізкія аб'ёмы. Трохвугольны франтон галоўнага фасада падтрымліваюць чатыры мураваныя калоны, утвараючыя манументальны ўваходны порцік. Гарызантальна ашаляваныя сцены завершаны карнізам с поясам «сухарыкаў», разным фрызам геаметрычнай арнаменцікі, а таксама прарэзаны прамавугольнымі і васьміграннымі аконнымі праёмамі. У барабане аконныя праёмы паўцыркульныя.

Асноўная частка інтэр’еру раздзелена 2-ма радамі невысокіх калон з цэглы на тры нефы. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за цэнтральны. Над бабінцам на такіх жа калонах размешчаны хоры. Столь падшыўная, плоская, у барабане — пірамідальная, гранёная[4]

Зноскі

  1. а б Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Храм святой Живоначальной Троицы в д. Блонь (руск.). Белорусская Православная Церковь, Борисовская епархия, Пуховичское благочиние. Праверана 02.06.2019.
  3. Троицкая церковь в Блони (руск.). Planetabelarus.by. Праверана 02.06.2019.
  4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, зтнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1987,— 308 с.: іл., с.125

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]