Чэмехуэві
Чэмехуэві (Nüwüwü ) | |
Фота каля 1900 г.
| |
Агульная колькасць | 1201 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | Нумійская мова Каларада |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства, танец духу |
Блізкія этнічныя групы | паўднёвыя паютэ |
Чэмехуэві (саманазва: Nüwüwü ; англ.: Chemehuevi) — індзейскі народ, карэнныя жыхары Арызоны і Каліфорніі. Агульная колькасць у 2010 г. — 1 201 чал.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Чэмехуэві адносяцца да нумійскіх народаў, якія першапачаткова фарміраваліся ў рэгіёне Вялікі Басейн. Фактычна яны з’яўляюцца адной з найбольш паўднёвых груп паўднёвых паютэ. У перыяд паміж XVI ст. XIX ст. яны перасяліліся да паўднёвай плыні ракі Каларада і ў пустыню Махавэ. Назва чэмехуэві была дадзена ім суседзямі індзейцамі-махавэ і значыла рыбакоў. Самі яны называюць сябе Nüwüwü ("народ").
У першай палове XIX ст. чэмехуэві былі саслаблены ваеннымі сутычкамі з махавэ. У 1858 - 1859 гг. спроба амерыканскіх лесарубаў пачаць эканамічную дзейнасць на іх землях прывяла да працяглага ўзброенага канфлікта. Ён скончыўся толькі ў 1867 г. пасля чарговай сутычкі з махавэ. Але чэмехуэві адмовіліся ад перасялення ў рэзервацыю і атрымання дапамогі з боку ўрада ЗША. Частка гэтага народа была вымушана перасяліцца на тэрыторыі іншых індзейцаў. Астатнія занялі некалькі аазісаў, дзе пакутвалі ад нястачы вады і воспы.
У 1907 г. была створана асобная рэзервацыя чэмехуэві ў пустыні Махавэ. Акрамя таго, прадстаўнікі гэтага народа апынуліся ў іншых індзейскіх рэзервацыях Каліфорніі і Арызоны. У 1970 г. чэмехуэві дамагліся вяртання часткі традыцыйных зямель і кампенсацыі за згубленыя.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўнымі заняткамі чэмехуэві здаўна з’яўляліся збіральніцтва і паляванне. Рэсурсы населеннай імі пустыні Махавэ былі вельмі абмежаванымі. Асноўны харч складалі агававыя, насенне кактусаў, казуркі. З агававых выраблялі муку. Кактусы выкарыстоўвалі як ежу і наркотык. Увосень наведвалі горную мясцовасць для збору хваёвых арэхаў.
Палявалі пераважна на дробную дзічыну — трусоў, пацукоў, суслікаў, птушак і г. д. Месцы для палявання на аленяў былі рэдкімі. Звычайна там палявала абмежаваная колькасць мужчын, прычым такія месцы перадаваліся па спадчыне.
Насуперак назве "рыбакі", што далі ім махавэ, чэмехуэві амаль не ўжывалі рыбы. Ад суседдзяў яны перанялі навыкі земляробства. Вырошчвалі ў аазісах бабовыя, кукурузу, пшаніцу. У нашы дні важнай галіной стала абслугоўванне турыстаў. Адметным рамяством было пляценне. Арнаментаваныя кошыкі абменьваліся на іншыя тавары. Кераміку выраблялі і ўжывалі рэдка.
Вопратка найчасцей уяўляла сабой насцегнавую повязь. Узімку карысталіся трусіным футрам. З хваёвай кары ладзілі сандалі. Мужчыны і жанчыны абавязкова апраналі галаўны ўбор. У жанчын ён быў плеценым, нагадваў кошык. У мужчын галаўны ўбор рабіўся са скуры, упрыгожваўся пер'ем. Чэмехуэві фарбавалі цела для абароны ад сонца. Будавалі аднакамерныя каркасныя жытлы з драўляных жэрдак і трыснягу, разлічаныя на адну нуклеарную сям'ю.
Чэмехуэві жылі вандроўнымі групамі, што ўключалі ад 1 да 20 сем'яў. Кожная з іх эксплуатавала пэўную тэрыторыю. На чале групы стаяў правадыр, улада якога перадавалася па спадчыне, але магла быць аспрэчана. Вылучаліся тры асноўныя правадыры адпаведна найбольшым па колькасці чальцоў групам. Фармальна зямля належала абшчыне. У рэчаіснасці вылучаліся паляўнічыя мясціны, што кантраляваліся пэўнай сям'ёй. Назіралася эканамічнае расслаенне. Найбольш багатым у абшчыне быў правадыр.
Фальклор уключае мноства песень, у тым ліку духоўных, міфалагічных, сямейных, рытуальных.
-
Традыцыйнае жытло. Фота 1924 г.
-
Арнаментаваны кошык
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Да прыняцця хрысціянства чэмехуэві верылі ў шматлікіх духаў і звышнатуральную сілу, якой можа авалодаць кожны чалавек. Шматлікія рытуалы, характэрныя для суседніх народаў, яны замянялі індывідуальным досведам, які набываўся дзякуючы мроям і наркатычнаму трансу. Згодна міфалогіі, сусвет узнік ў выніку сукуплення жанчыны-Каёта і жанчыны-Акіяна.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Чэмехуэві на Вікісховішчы |
- Chemehuevi Indian Tribe Архівавана 22 студзеня 2017.
- Chemehuevi Indians of the Mojave Desert
- PAIUTE AND CHEMEHUEVI Архівавана 17 ліпеня 2019.