Шклоўская ратуша
Ратуша | |
Шклоўская ратуша | |
---|---|
54°12′00,26″ пн. ш. 30°18′00,75″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Шклоў |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Будаўніцтва | 1770—1772 гады |
Асноўныя даты | |
2000-я — адноўлена |
|
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000565 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Шклоўская ратуша — помнік архітэктуры класіцызму ў горадзе Шклове.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вялікага пажару ў 1769 г. уладальнік Шклова князь Чартарыйскі прыняў рашэнне перанесці горад на новае месца, паміж высокім правым берагам Дняпра і левым берагам р. Шклавянка, на 2,5 км на поўнач ад старога Шклова. Будаўніцтва новага горада, паводле пісьмовых крыніц, вялося з 1769 па 1778 г. На працягу 1770–1772 гг. быў пабудаваны новы рынак з ратушай і гандлёвымі радамі. Ратуша з галоўнымі магазінамі размяшчалася ў цэнтры гэтага гандлёвага комплексу. З чатырох вуглоў комплексу знаходзіліся свірны, а пасярэдзіне верхняга рада – гарадскія вагі. Сістэма крам (палова выходзіла разам з ратушай на дзядзінец, а палова на рыначныя вуліцы) дазволіла сканцэнтраваць вялікую колькасць (120) гандлёвых пляцовак на адносна невялікай плошчы.
У даваенны перыяд будынкі знаходзіліся ў здавальняючым стане і выкарыстоўваліся, праўда, можна адзначыць пэўныя страты, знешнія пераробкі і ўнутраныя перапланіроўкі (на галоўным фасадзе ліквідаваны балкон і праём закладзены да аконнага, зменена завяршэнне ратушнай вежы, перапланаваны цэнтральны аб'ём паўночнага крыла крам, мажліва, было страчана ўсходняе крыло крам, закладзены некаторыя аконныя праёмы і г.д.).
У 1999 годзе ратуша адрэстаўравана, а гандлёвыя рады адбудаваныя наноў у 2000 г. У новым будынку размяшчаецца гімназія, а ў самой ратушы - школьны музей.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Ратуша ўяўляе сабой прамавугольны, блізкі да квадрата у плане двухпавярховы будынак, накрыта вальмавым дахам, па цэнтры якога размяшчалаецца двух'ярусная васьмігранная вежа, расчлянёная пілястрамі, і завяршалася яна гранёным купалам з фігурным шпілем. На вежы знаходзіўся гадзіннік, звон і аглядальная пляцоўка. Сцены будынка ратушы таксама расчлянёны пілястрамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Першы паверх і пілястры дэкарыраваны плоскім рустам. У першым ярусе маецца скразны праезд. На другі паверх вяла вуглавая двухмаршавая лесвіца. На першым паверсе знаходзіліся розныя службовыя памяшканні. Асноўная частка памяшканняў групавалася на другім паверсе па баках кароткага калідора. Пад ратушай быў падвал.
З абодвух бакоў да ратушы прымыкаюць аднапавярховыя гандлёвыя рады, якія ствараюць замкнёную кампазіцыю з вялікім унутраным дваром. Крамы былі арыентаваны аркамі ва ўнутраны двор і на вуліцу, што дазволіла на адносна невялікай плошчы сканцэнтраваць да 120 гандлёвых памяшканняў. Ва ўсходнім і заходнім карпусах гандлёвых радоў размяшчаюцца праезды. Паўночны корпус крам уключае па цэнтры аднапавярховы з падваламі будынак падобна ратушы з вежай і скразным праездам. У ім размяшчаліся складскія памяшканні. Па вуглах комплексу размяшчаюцца двухпавярховыя квадратныя ў плане свірны з шатровым пакрыццём. Фасады вуглавых будынкаў расчлянёны руставанымі пілястрамі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шклоўская ратуша
- Шклоўская ратуша на сайце Radzima.org
- Шклоўская ратуша на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Шклоўская ратуша на сайце «Архіварта»