Язэп Паўлавіч Урбановіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Язэп Урбановіч)
Язэп Паўлавіч Урбановіч
Дата нараджэння 21 сакавіка (3 красавіка) 1907
Месца нараджэння
Дата смерці 20 ліпеня 1944(1944-07-20) (37 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
  • Міхалін[d]
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Айчыннай вайны I ступені

Язэ́п Па́ўлавіч Урбано́віч (21 сакавіка (3 красавіка) 1907, Шэйпічы, цяпер Пружанскі раён — 20 ліпеня 1944, Варанілавічы, Пружанскі раён; Псеўданімы: Максім) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў савецкага падполля і партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці ў Другую сусветную вайну. Стрыечны брат Міхася Забэйды-Суміцкага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У час Першай сусветнай вайны сям’я была эвакуіравана ў Сімбірскую губерню. Старэйшы брат Іван узначаліў там партызанскі атрад падчас Грамадзянскай вайны, Язэп (Юзік) Урбановіч стаў там сувязным.

Пасля сканчэння вайны вяртаецца ў Шэйпічы. У 1923 годзе закладае моладзевую суполку «Удар». У 1924 годзе паступае ў Віленскую беларускую гімназію. Удзельнічае ў драматычным і танцавальным гуртках, ездзіць з пастаноўкамі па Заходняй Беларусі. Удзельнічае ў арганізацыі дэманстрацый, вывешвае ўлёткі. Сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) з 1928 года. 1 верасня 1928 года з нагоды Міжнароднага юнацкага дня з камсамольцамі Віленскай гімназіі па ўсім горадзе раскідвае ўлёткі і далучаецца да дэманстрацыі моладзі на вуліцы Святой Ганны. Паводле данясення з Віленскай ваяводскай управы пра таемны камсамольскі сход:

Яго распачаў Урбановіч Язэп і заклікаў прысутных да арганізацыі, падкрэсліваючы, што школьная моладзь, якая належыць да СКМ (Саюз камуністычнай моладзі), мусіць адыгрываць галоўную ролю ў беларускім жыцці і павінна змагацца за адрыў усходніх ваяводстваў Польшчы і далучэння іх да савецкай Расіі.[1]

19 снежня 1928 года ў ліку 17 вучняў быў выключаны з гімназіі. Пасля гэтага вяртаецца ў Шэйпічы, быў прызваны ў польскае войска і накіраваны ў 76-ы пяхотны полк, але хутка быў дэмабілізаваны праз хваробу (сухоты).

У 1929 годзе вучыцца ў партыйнай школе ў Менску (БССР). 3 1930 года сакратар Баранавіцкага і Брэсцкага акруговых камітэтаў КПЗБ. Пасля вывешвання чырвоных сцягоў на вуліцах Брэста 1 мая 1930 года быў арыштаваны. 21 кастрычніка асуджаны да 6 гадоў турэмнага зняволення. Спачатку адбываў пакаранне ў Сядлецкай турме ў камеры-адзіночцы, пасля галадоўкі пераведзены ў агульную камеру. Пераведзены ў катаржную турму «Вронкі», дзе стан яго здароўя пагоршыўся, і дзякуючы намаганням адваката 14 ліпеня 1934 быў вызвалены «як безнадзейна хворы». Пасля лячэння ў санаторыі пад Варшавай пры спробе пераходу мяжы з СССР быў затрыманы і зняволены ў віленскай турме Лукішкі. У 1936 годзе вызвалены паводле амністыі. Уладкаваўся качагарам на фабрыцы «Сідаль». Быў адным з арганізатараў Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве.

У выніку Заходняга паходу Чырвонай Арміі Заходняя Беларусь далучаная да БССР. З 1939 года старшыня выканкама Ружанскага пассавета.

У Другую сусветную вайну са жніўня 1941 года ў тыле нямецкіх войскаў: адзін з арганізатараў раённых антыфашысцкіх арганізацый, сакратар Ружанскага раённага антыфашысцкага камітэта. З 1942 года сакратар Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі». У жніўні 1942 атрад савецкіх партызан пад яго кіраўніцтвам разграміў гарнізон у Косаве. У чэрвені—ліпені 1943 года камандзір партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі (дзейнічала на тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага, Пружанскага, Ружанскага і Слонімскага раёнаў). Са снежня 1943 і па ліпень 1944 года выпускаў газету «За Радзіму», усяго было выдадзена 48 нумароў.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Загінуў 20 ліпеня 1944 года, паводле афіцыйнай версіі «пры выкананні службовых абавязкаў».

Існуе таксама версія брата Васіля Сёмухі Яўгена, які быў сведкам гібелі Урбановіча. Пасля адыходу немцаў у вёску Варанілавічы 10 ліпеня прыйшлі бандыты (паводле некаторых звестак, гэта былі партызаны[2]), якія заняліся рабаўніцтвам: забіралі скаціну, дамашні скарб, рабавалі царкву. Праз некалькі гадзін у вёсцы з’явіўся Урбановіч з невялікай групай суправаджэння, які запатрабаваў спыніць гвалт. За гэта ён быў застрэлены памочнікам камандзіра аддзелу рабаўнікоў. Пазней абодва былі пакараныя: Л. (мясцовыя жыхары дагэтуль так называюць кіраўніка бандытаў) павешаны, а ягоны памочнік расстраляны[3].

Даследчык Сяргей Кнырэвіч адшукаў дакументы (НАРБ, ф. 1401, воп. 1, спр. 2, арк. 78-79), якія пацвярджаюць версію Яўгена Сёмухі. Рабаўнікамі аказаліся байцы кавалерыйскага эскадрона 2-й партызанскай брыгады на чале з Рыгорам Гульковым і яго ардынарцам Уладзімірам Гурманам.

Гурман на ветлівы зварот да яго Урбановіча паставіў на баявы ўзвод аўтамат і пацэліў на яго, але не стрэліў, а пайшоў да Урбановіча і нанёс яму два ўдары кулаком па галаве, пасля чаго таксама падышоў Гулькоў і проста ва ўпор стрэліў з пісталета ў галаву Урбановіча, які адразу ж упаў з каня і быў забіты на месцы. Такім чынам, ад рукі злачынцаў загінуў Урбановіч Язэп Паўлавіч.

Пасля забойства партызаны брыгады імя Панамарэнкі абяззброілі марадзёраў, Гулькова павесілі, а Гурмана расстралялі.

Пахаваны ва ўрочышчы Гута-Міхалін, за 13 км ад вёскі Верашкі Івацэвіцкага раёна на брацкіх могілках савецкіх партызан і савецкіх воінаў.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Імя Урбановіча носяць вуліцы ў Косаве, Пружанах, Ружанах і Варанілавічах.

У 1967 годзе на будынку Ружанскага выканкама пасялковага Савета ўстаноўлена мемарыяльная дошка[4]. 15 снежня 1968 года ў скверы па вуліцы Савецкай ў Ружанах яму ўрачыста адкрыты помнік (скульптар Аркадзь Сурскі)[4].

Зноскі

  1. Герасімчык Васіль. Ад рук бандытаў ці партызанаў: як загінуў Язэп Урбановіч // Arche. 2021.#3. С. 9-13.
  2. Яшчэ адна партызанская загадка: як загінуў Язэп Урбановіч?. Наша Ніва (3 красавіка 2012). Праверана 6 жніўня 2018.
  3. Пейган, М., Сінкевіч, М. Гаркавы подых вайны / Мікалай Пейган, Мікалай Сінкевіч // Раённыя будні. — 2012. — № 52 (9498). — 11 ліпеня. — С. 5.
  4. а б Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, БелСЭ. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 417, [4] с. — С. 368, 370—371. — (Свод памятников истории и культуры народов СССР). — ISBN 5-85700-017-3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]