Міхаіл Забэйда-Суміцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міхаіл Забэйда-Суміцкі
Дата нараджэння 14 чэрвеня 1900(1900-06-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 снежня 1981(1981-12-21) (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявак
Пеўчы голас тэнар
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Міхаіл (Міхась) Забэйда-Суміцкі (14 чэрвеня 1900, в. Несцеравічы, Ваўкавыскі павет — 21 снежня 1981, Прага) — беларускі спявак, педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Месца нараджэння Забейды-Суміцкага. Вёска Шэйпічы Пружанскага раёна

Нарадзіўся спявак 14 чэрвеня 1900 года, як сам расказваў, у адной з трох вёсак — Шэйпічы (цяпер Пружанскі раён), Падароск ці Несцеравічы (цяпер Ваўкавыскі раён).

Двайное прозвішча (узяў ужо ў сталым веку) у яго ад бацькі (па мячы) — Івана (Яна) Андрэевіча Забейды з вёскі Несцяровічы, і маці (па кудзелі) — Аляксандры Феліксаўны Суміцкай з вёскі Шэйпічы. Дзяцей у сям'і было сямёра, але выжыў толькі Міхась, брат Валодзя памёр ад сухотаў у 22 гады. Калі Міхалу было паўтара года, памёр яго бацька. Паводле расказаў вяскоўцаў, Іван Андрэевіч добра спяваў.

Гадоў з 8—9 Міхась пачаў працаваць у панскім маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднакласую школу, потым двухкласую царкоўна-прыхадскую вучылішча ў Галоўчыцах, якую скончыў у 1914 годзе.

У тым жа 1914 годзе ён паступае ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Праз год, калі набліжаўся фронт першай сусветнай вайны, семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, куды пераехаў таксама Міхась Забейда. Скончыў семінарыю ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сібір, куды эвакуіравалі маці.

Сібір, Манчжурыя[правіць | правіць зыходнік]

19181920 гг. — праца настаўнікам у сяле Усць-Калманскае, што каля Барнаулу. Ствараў хоры і драматычныя гурткі.

У 1920 годзе ў выніку грамадзянскае вайны Забейда-Суміцкі апынуўся ў Харбіне, на станцыі Вейшахэ Кітайскай усходняй чыгункі, потым — у Вейшахэ. У Харбіне ён пачаў вучыцца музыцы. Яго настаўніцай была Ю. К. Платніцкая, былая супрацоўніца Шаляпіна, добрая артыстка і педагог. У 1929 годзе паспяхова скончыў юрыдычны факультэт Харбінскага расійскага ўніверсітэта. Аднак жыць без спеваў не змог і замест прапанаванага месца ў асістэнтуры зрабіўся салістам Харбінскай оперы. У гэты час у яго ўжо ёсць вопыт і пяяння ў дзіцячых хорах, і самастойнага авалодвання музычнымі інструментамі (скрыпка, гітара, мандаліна, балалайка, губны гармонік). Дэбютаваў у ролі Ленскага ў оперы «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага. За тры гады, аддадзеных Харбінскай оперы, ён выканаў 15 партый: Фаўста ў «Фаўсце» Ш. Гуно, Альфрэда ў «Травіяце», Герцага ў «Рыгалета», Уладзіміра ў «Князі Ігары» А. Барадзіна і іншых, — а ўсяго падрыхтаваў пятнаццаць партый, прычым нязменна спяваў на мове арыгіналу. Пры гэтым яшчэ працаваў у школе. Крытыка добра прыняла маладога спевака, ён паверыў у сябе, захацеў удасканаліць свае здольнасці і з'ехаў у Мілан.

Італія[правіць | правіць зыходнік]

У 1932 годзе, атрымаўшы візу, пераехаў у Італію. Вучыўся ў маэстра Фернанда Карпі, які раней канкураваў з Каруза і іншымі славутымі спевакамі. Тут Міхась Забейда-Суміцкі ўпершыню пачуў Ф. Шаляпіна, пазнаёміўся з Леанідам Собінавым. Паспяхова выступаў у Міланскай оперы, спяваў на 16-ці мовах. Канцэртуе ў Міланскай кансерваторыі, гастралюе па Італіі, выконвае тэнаровыя партыі ў операх «Травіята», «Рыгалета», «Севільскі цырульнік» на сцэне «Ла Скала». Яму прадказвалі вялікую артыстычную будучыню.

Польшча[правіць | правіць зыходнік]

Але ў гэты час спявак атрымаў з Шэйпіч вестку, што яго маці, з якой ён не бачыўся 16 гадоў, моцна хварэе і хоча яго бачыць. Так у 1935 годзе Міхал Іванавіч пераяжджае ў Заходнюю Беларусь. Цягам 1935—1936 гадоў М. Забейда-Суміцкі выступае ў беларускіх гарадох (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Брэст, Гродна), па ўсёй Польшчы (Варшава, Познань) і далей, шырэй — Літва, Латвія, Чэхаславакія. Яго першы канцэрт з нагоды прыезду на бацькаўшчыну адбыўся ў Ружанах, блізкіх з Шэйпічамі, роднай вёскай спевака. У канцэрце сярод класічных твораў прагучала і беларуская калыханка, якую калісьці спявала яго маці.

На 19351936 гады заключыў кантракт з пазнаньскім оперным тэатрам. Там спяваў усё па-польску. Пашырыў свой рэпертуар новымі операмі: «Выкраданне з Сераля» В. Моцарта, «Юлій Цэзар» Г. Ф. Гендля, «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага і інш. Хаця на працягу сезона ён блішчэў у галоўных партыях опер «Галька» С. Манюшкі, «Яўген Анегін» П. І. Чайкоўскага і іншых, адносіны дырэктара оперы з Міхасём Іванавічам былі не лепшыя. Канфлікт паўстаў на глебе нацыянальнага пытання: Міхась Забейда-Суміцкі ніяк не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно права — звацца беларускім. На яго ролі часцей сталі ставіць палякаў. З гэтае прычыны на другі год спявак ад далейшага супрацоўніцтва з тэатрам адмовіўся і пераехаў у Варшаву.

У 1936 годзе прэзентацыі класічнага беларускага рэпертуара адбыліся ў культурнай сталіцы края — Вільні — на запрашэнне Рыгора Раманавіча Шырмы. Тут Забейда-Суміцкі пазнаёміўся з Максімам Танкам. Сумесныя канцэрты М. Забейды і хору Р. Шырмы адбыліся: першы — у рамках вечара беларускай паэзіі і песні 15 сакавіка, другі — на свяце «Дня беларускай культуры» 13 снежня. «Віленскія гастролі» Забейды адбыліся і ў 1937 годзе.

З 1937 працаваў салістам на Варшаўскім радыё. Займаўся актыўнай канцэртнай дзейнасцю, гастраляваў па гарадах Польшчы (у тым ліку Заходняй Беларусі), Латвіі, Эстоніі. Акрамя класічнага рэпертуара М. Забейда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленне народныя песні і вакальныя творы беларускіх кампазітараў. Польскае радыё не жадала прапускаць беларускія песні менавіта як беларускія, яны маглі гучаць толькі пад назвай «палескія», «рэгіянальныя», «людовыя». Цэнзураванне рэпертуара выдатнага спевака не аднойчы прыводзіла да выкрэслівання з канцэртных праграм «Лявоніхі», «Маладога дубочку» і іншых, часцяком не пакідаючы ніводнай беларускай песні.

1938 год стаў вельмі плённым на шматлікія радыёканцэрты, гастрольныя туры (Баранавічы, Беласток, Брэст, Гродна, Вільня, Ліда, Камянец, Сасноўка). Беларуская частка канцэртаў складалася з рамансаў і песень Манюшкі, Туранкова, Чуркіна, Аладава, Галкоўскага, Грачанінава, Казуры. Радыёвыступы Забейды-Суміцкага трансляваліся ў Парыжы, Празе, Нью-Ёрку, Лондане і іншых гарадох.

Менавіта ў гэты перыяд спеваку ўдалося наладзіць у польскім аддзяленні фірмы «Odeon» запіс першай з шэрагу грампласцінак з апрацоўкамі беларускіх народных песень «Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Ляціць сарока», «Конь бяжыць, зямля дрыжыць», «Шчука, рыба ў моры», «Ой, рана-рана куры запелі», «Рабіна-рабіначка», «Як памёрла матулька», «Ой, у лесе, лесе», «Лявоніха». Аднак ужо з канца 1938 года яго нацыянальна-асветніцкая дзейнасць усё болей і болей абмяжоўвалася польскімі ўладамі. У снежні быў забаронены канцэрт спевака ў Вільні. Выступленне ўдалося арганізаваць ва ўніверсітэцкай «Зале Снядэцкіх» толькі з дапамогаю Беларускага студэнцкага саюза Універсітэту імя Стэфана Баторы, які скарыстаў права «экстэрытарыяльнасці» віленскага ўніверсітэта. Напярэдадні Другой сусветнай вайны канцэртная дзейнасць М. Забейды-Суміцкага на тэрыторыі польскай дзяржавы спынілася.

У 1939 планавалася турнэ спевака па Еўропе і Амерыцы, але перашкодзіў пачатак ваенных дзеянняў, якія пачаліся з бамбёжак у першую чаргу Варшавы. Падчас бамбардавання гітлераўцамі Варшавы Міхась Забейда быў кантужаны. Стрыечны брат спевака Язэп Урбановіч з адным са сваіх таварышаў прабраўся праз акружэнне і спрабаваў вывесці Забейду-Суміцкага з Варшавы, але той быў настолькі хворы, што не здолеў ісці з імі. Там ён пражыў да мая 1940 года.

Вясной, атрымаўшы запросіны ад Народнага тэатра з Прагі, пераехаў туды.

Чэхія[правіць | правіць зыходнік]

З мая 1940 года і да канца жыцця родным горадам для яго воляю лёсу стала Прага. М. Забейду-Суміцкага запрашаюць на сталую працу ў Нацыянальны тэатр. 12 кастрычніка 1940 года адбыўся першы канцэрт беларускага спевака ў Празе. Ён вымушаны быў выступаць, не маючы сродкаў да жыцця. Пазней яшчэ выкладаў спеў у музычнай акадэміі.

А рэпертуар М. Забейды-Суміцкага на той час ужо складала і сусветная класіка (Моцарт, Шуберт, Бетховен, Чайкоўскі, Манюшка), і творы чэшскіх кампазітараў (Дворжак, Новак, Сметана), і сваіх суайчыннікаў (Мікалай Аладаў, Канстанцін Галкоўскі, Рыгор Пукст, Аляксей Туранкоў, Мікалай Чуркін), і беларускі і ўкраінскі фальклор. Ён спяваў на 16 мовах, а на працягу аднаго канцэрту нярэдка выконваў песні на дзесяці мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць у тэксты.

Але Берлін глядзеў на трыумф М. Забейды інакш. Спеваку прапанавалі як беларусу ўзначаліць беларускія радыёперадачы з Берліну на Савецкі Саюз (тады Германія ўжо распачала вайну з СССР). Міхаіл Іванавіч адмовіўся.

1944 г. Апошні пад час вайны канцэрт быў у Вільні ў Гарадскім тэатры. Пасля вяртання ў Прагу быў выкліканы ў гестапа па даносе, што Міхал Іванавіч — бальшавіцкі агент. Нават выдалі распараджэнне выселіць спевака з Прагі як непажаданую асобу. Але здароўе спевака моцна пагоршылася, з дапамогаю дактароў ён трапіў у шпіталь, хоць гестапаўцы забралі яго і адтуль. Сядзеў у Печкавым палацы — «гняздзе гестапа», у Панкрацкай турме, урэшце апынуўся ў Бенешаве. Абвінавачваўся ў тым, што спяваў рускія і беларускія творы. Быў вызвалены адтуль у 1945 з прыходам Чырвонай арміі. І адразу ж КДБ распачаў на яго палітычную справу, абвінавачваючы ў супрацы з фашыстамі. Абвінавачанне было афіцыйна скасаванае толькі ў 1950 г.

Пасля вайны славуты геній сцэны застаецца жыць у Чэхаславакіі, выступае з канцэртамі, запісваецца ў студыях, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Толькі адзін раз, падчас хрушчоўскай адлігі ў 1963, яго запрасілі ў Савецкую Беларусь. Яго апекуны клапаціліся, каб у касах практычна не было квіткоў, і тады ў паўпустыя залі прыводзілі салдатаў тэрміновай службы. І ўсё-ткі гэта быў проста фурор: аншлагавыя канцэрты ў Мінску, Гродна, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілеве, Гомелі.

У кастрычніку 1965 года мастак ездзіў на Беласточчыну па запрашэнні Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы з мэтай правядзення канцэртаў у беларускім асяроддзі. Спявак прыехаў са сваім акампаніятарам чэхам Здэнкам Кожынам. У канцэртнай залі Варшаўскай філармоніі з спецыялістамі «Польскіх награнь» і акампанементам славутай лодзінскай капэлы мандаліністаў пад кіраўніцтвам Эдуарда Цюкшы запісвалі грампласцінку беларускіх народных песень у выкананні Забейды па заказе ГП БГКТ.

Цяжка і доўга хварэў. У Празе яго наведвалі: Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, А. Гарадзіцкі, Сяргей Грахоўскі. Ён ліставаўся з Янкам Брылём, Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам. І ўвесь час марыў пра Беларусь, хацеў дажыць век на роднай зямлі. Не дазволілі.

Памёр у Празе 21 снежня 1981 года. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках побач з Пётрам Крэчэўскім і Васілём Захаркам — прэзідэнтамі Беларускай Народнай Рэспублікі. На магіле помнік з надпісам на чэшскай і беларускай мовах.

Свой багаты архіў ён разам з бібліятэкаю паводле запавету пакінуў Беларусі. Цяпер некалькі тысяч дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю Забэйды, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Вялікая калекцыя грампластынак і магнітафонных запісаў з песнямі, рамансамі, арыямі ў выкананні Забэйды-Суміцкага на беларускай, рускай, чэшскай, украінскай, польскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, фінскай і англійскай мовах захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву кінафотафонадакументаў (БДАКФФД)[1].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У гонар Забэйды-Суміцкага названа вуліца ў Маладзечне[2], дзе будучы спявак скончыў настаўніцкую семінарыю.

Зноскі

  1. Алена Паляшчук. «…Ніколі не разлучуся з беларускай песняй» // Звязда. — 15 чэрвеня 2005. — № 109, 25441.
  2. «Рэгіянальная газета», 4 лютага 2000 г., № 5 (250), стар. 5

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]