Якаў Іванавіч Трашчанок

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Якаў Іванавіч Трашчанок
Дата нараджэння 15 лістапада 1931(1931-11-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 жніўня 2011(2011-08-14) (79 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці вучоны
Навуковая сфера гісторыя Беларусі
Месца працы
Альма-матар
Вядомыя вучні Аляксандр Лукашэнка
Узнагароды і прэміі
Ордэн Пашаны, Беларусь

Якаў Іванавіч Трашчанок (Трашчонак; 15 лістапада 1931, Мінск14 жніўня 2011[1], Магілёў) — педагог і гісторык[2], дацэнт (1995 — 2004). Вучань Л. Абецэдарскага[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і ваеннаслужачага. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць. У 1947, па заканчэнні сямігодкі, паступіў у Растоўскае падрыхтоўчае артылерыйскае вучылішча, адкуль у 1949 быў накіраваны ў Калінінградскае гвардзейскай артылерыйскае вучылішча. Скончыўшы яго, праходзіў службу на афіцэрскіх пасадах ва Узброеных Сілах СССР, у тым ліку і за мяжой. У 1956 быў звольнены з арміі.

У 1963 годзе скончыў гістарычна-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Паступіў у аспірантуру БДУ (1964). Аднак дысертацыю не абараніў[2]. Рукапіс кандыдацкай дысертацыі (1971) на тэму «Документальные материалы ЦГАОР БССР как источник по истории рабочего класса Белоруссии в период первой пятилетки (1928—1932)» захоўваецца ў НББ, а аўтарэферат — у чытальнай залы бібліятэкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

З 1967 працаваў выкладчыкам кафедры гісторыі СССР Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова, дацэнт кафедры расійскай і савецкай гісторыі (1995 – 2004), потым на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка навукова–даследчага сектара універсітэта.

Выкладаў гісторыю ў А. Лукашэнкі[4].

Заклікаў А. Лукашэнку паводле прыкладу Сталіна ўзяць пад свой кантроль выданне падручнікаў па гісторыі, што апошні зрабіў у 2002 годзе. Пасля гэтага атрымаў ад кіраўніка дзяржавы заказ напісаць падручнік: «Напиши учебник в таком стиле, как ты у нас преподавал историю»[3]. Быў уведзены ў склад дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў у гуманітарна–грамадазнаўчай сферы.

У 2004 годзе ўказам А. Лукашэнкі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны.

Погляды і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Стаяў на крайніх пазіцыях заходнерусізму і праваслаўнага фанатызму[5]. Не прымаў беларусаў як самастойны народ і разглядаў Беларусь як частку Расіі. Аднак у адрозненні ад ідэолага «заходнерусізму» М. Каяловіча не прызнаваў гістарычнай адметнасці беларусаў[6]. Імкнуўся сцвердзіць велізарную праваслаўную імперыю, праваслаўную дзяржаву з панаваннем Расіі[5].

З 2002 па заданню А. Лукашэнкі распрацоўваў новую канцэпцыю гістарычнай адукацыі ў Беларусі, якая неўзабаве была ўхвалена і пачала рэалізоўвацца праз вучэбныя праграмы і дапаможнікі. Аўтараў папярэдняй канцэпцыі называў «нацыянал-радыкаламі», або «нацыяналістамі». Цвердзіў, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая ніякім чынам не могуць звязвацца з нацыянальнай беларускай гісторыяй, таму што «гэта дзяржавы каталіцкія», і яны «праводзілі дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да беларусаў». Шляхта паводле Трашчанка таксама не мае ніякіх адносін да нацыянальнай гісторыі Беларусі, таму што яна «здрадзіла праваслаўю», а хто не здрадзіў праваслаўю, мусіў быў «ісці на Усход да цара маскоўскага прасіць паратунку». Змешваючы ўсё такім чынам, аўтар канцэпцыі заклікаў увесці праваслаўе як факультатыў у школах. Скрайне негатыўна ацэньваў усякія народныя паўстанні, інтэрпрэтаваў іх яшчэ горш, чым было ў савецкія часы.

Лічыў, што гістарычная адукацыя ў Беларусі мусіць будавацца на трох курсах: першы курс — нацыянальная гісторыя, другі — рэгіянальная, трэці — усеагульная. Але парадокс у тым, што галоўнай з'яўляецца менавіта рэгіянальная гісторыя, а нацыянальная — гэта кароценькі курс гісторыі беларускіх праваслаўных земляў. Рэгіянальная — гэта гісторыя, як пісаў Трашчанок, «восточных славян, России и СССР» — ільвіная доля ўсёй нагрузкі на вучняў. Усеагульная — сціслая гісторыя Захаду. Гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай мусіць вывучацца, паводле Трашчанка, у курсе ўсеагульнай гісторыі — не проста адмежавана ад Беларусі, але як чужая. Такую схему планаваў прыкласці як для школьнай адукацыі, гэтак і для вышэйшай.

На думку Трашчанка, пры выкладанні гісторыі мусіла дамінаваць руская мова, пры гэтым ён лічыў, што найлепшым варыянтам, увогуле, з'яўляўся пераход на карыстанне расійскімі падручнікамі[7]. Беларускай мовай не валодаў[8].

Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]

Пісаў выключна на рускай мове.

Аўтар універсітэцкага вучэбнага дапаможніка «История Беларуси. В 2-х частях» (2003), які выйшаў пад грыфам «Дапушчана Міністэрствам адукацыі» і пачаў узмоцнена насаджацца ва ўсе звёны гістарычнай адукацыі[9]. У ім Трашчанок даў прынцыпова іншую ацэнку вузлавых пытанняў гісторыі Беларусі, чым у выдадзеных у першай палове 1990-х гадоў у 2 частках «Нарысах гісторыі Беларусі», падрыхтаваных групай гісторыкаў пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытута гісторыі НАНБ М. П. Касцюка. Гісторыя старажытнай Беларусі выкладзена з пазіцый «усходнееўрапейскай праваслаўнай цывілізацыі», падкрэсліваецца асаблівы характар гістарычных сувязяў Беларусі з Расіяй, існуючых на працягу яе гісторыі.

У 2008 годзе пад яго рэдактурай выйшаў падручнік па гісторыі Беларусі для 10-га класа сярэдняй школы, які змяшчае адмысловы параграф «Гістарыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага»[8]. Паказаў кіраўніка паўстання наступным чынам: «Па этнічнай самаідэнтыфікацыі, ён быў, безумоўна, палякам і ніколі не называў сябе беларусам. Ніякіх аб'ектыўных падстаў ператвараць К. Каліноўскага ў «нацыянальнага героя беларускага народа» не існуе» (руск.) .

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Трашчанка абвінавачвалі ў нячыстасці метадаў дзеля ачарнення апанентаў. У прыватнасці, у 1965 годзе ён даслаў у газету «Советская Белоруссия» палітычны данос на беларускага літаратара Міколу Прашковіча, у якім падтасаваў факты і прыпісаў М. Прашковічу тое, што той насамрэч не сцвярджаў[6].

Беларускія гісторыкі паказваюць на тое, што ў падручніках Трашчанка змяшчаецца цэлы шэраг фальсіфікацый і падтасовак[10]. Апроч таго, у іх выказваюцца адкрытыя абразы ў бок апанентаў і, увогуле, прысутнічае распальванне міжнацыянальнай варожасці[6].

Доктар гістарычных навук А. Смалянчук паказвае на тое, што пісаць звычайную навуковую рэцэнзію на падручнікі Я. Трашчанка проста немагчыма[10], а яго канцэпцыі з'яўляецца антынавуковымі[5]. Гісторык Г. Сагановіч характарызуе падручнікі Трашчанка як цынічную насмешку з беларускай гістарычнай навукі[6].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Философия образования и проблема человека: Учеб. пособие / М. И. Вишневский, В. А. Костенич, Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 1997. — 68 с.
  • Трещенок, Я. И. Введение в методологию исторического познания / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 1999. — 34 с.
  • Трещенок, Я. И. История Беларуси. В 2-х ч. Ч. 1 : Досоветский период / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2004. — 294 с.
  • Трещенок, Я. И. О сущностных характеристиках советского общества / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2003. — 17 с.
  • История Беларуси. В 2-х ч. Ч. 2. / Я. И. Трещенок [и др.]; под ред. Я. И. Трещенка. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2005. — 310 с.
  • Трещенок, Я. И. Государственная идеология и национальная идея Республики Беларусь / Я. И. Трещенок. — Могилев : МГУ имени А. Кулешова, 2006. — 134 с.
  • Хрестоматия по истории Беларуси : В 2 ч. Ч. 1. С древнейших времен до 1917 г. / сост.: Я. И. Трещенок [и др.]; под науч. ред. К. М. Бондаренко. — Минск : Издательский центр БГУ, 2008. — 623 с.
  • История Беларуси с древнейших времён до октября 1917 года : учебное пособие для 10-го класса общеобразовательных школ с русским языком обучения / В. В. Волженков, Я. И. Трещенок, А. А. Воробьев. — Минск : Адукацыя і выхаванне, 2008. — 255 с.
  • История Беларуси (октябрь 1917 — начало XXI в.) : учебное пособие для 11-го класса общеобразовательных учреждений с русским языком обучения / Я. И. Трещенок, А. А. Воробьев, М. Н. Железняк; под редакцией Я. И. Трещенка. — Минск : Народная асвета, 2009. — 181 с.

Зноскі

  1. Памёр ідэолаг лукашэнкаўскай гісторыі Беларусі — магілёўскі выкладчык Якаў Трашчанок. Наша Ніва. Праверана 27 жніўня 2011.
  2. 2,0 2,1 В центре внимания: Яков Трещенок // «Первый национальный канал», 14.08.2011.
  3. 3,0 3,1 Саганович, Г. Советизация, западнорусизм, что дальше? // Деды: дайджест публикаций о белорусской истории. Выпуск 8. — Мн., 2011. С. 112.
  4. Іна Студзінская Лукашэнкіяна ў падручніках. Радыё Свабода. Праверана 15 жніўня 2011.
  5. 5,0 5,1 5,2 Алесь Смалянчук: Не думаю, што імя Якава Трашчанка захаваецца надоўга. Еўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 27 жніўня 2011.</ref
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 Цынічная насьмешка з гісторыі. Наша Ніва. Праверана 15 жніўня 2011.
  7. Канцэпцыя а ля Мураўёў // «Новы Час» № 2(7), 30.01—12.02.2003.
  8. 8,0 8,1 Жыццё і смерць міфаў: Кастусь Каліноўскі // «Радыё Свабода», 30 ліпеня 2009.
  9. Алесь Краўцэвіч: «Каб не Вялікае Княства Літоўскае, не было б і прэзідэнта Лукашэнкі» // Радыё Свабода, 7 снежня 2005.
  10. 10,0 10,1 Алесь Смалянчук. Ад Абецадарскага да Трашчанка або эвалюцыя беларускай «дырэктыўнай гістарыяграфіі» (История Беларуси. В 2-х частях. Ч. 2. Под ред. Я. И. Трещенка. Могилев: МГУ, 2005. — 310 с.) // Pепрессивная политика советской власти в Беларуси (вып. 3)