Ян Пазняк

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Янка Пазняк)
Jump to navigation Jump to search
Ян Пазняк
польск.: Jan Poźniak
Jan Poźniak.png
Ян Пазняк каля 1936 года
Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні
з ~1934
Старшыня Прэзідыюма Цэнтральнага камітэта Беларускага народнага аб'яднання
26 студзеня 1936 — ? (не пазней 1940)
Сакратар Прэзідыюма Цэнтральнага камітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
1928 — 26 студзеня 1936
 
Дзейнасць: журналіст
Веравызнанне: каталіцтва
Нараджэнне: 19 лютага 1895(1895-02-19)
Смерць: 1940
Жонка: Марыя Пазняк
Дзеці: Ян, Станіслаў, Галіна і інш.

Ян Аляксандравіч Пазняк, Янка Пазняк, (1887, 19 лютага 1895 або 1897, Суботнікі — пасля 22 красавіка 1940, магчыма Мінск; Псеўданімы: Янка Дудар; Той Самы; Сялянец; Крыптанімы: Я. Д.; Д-р; Я.Д-р; Я. П.; я.п.; Яп.; П-к; п-к; Я.П-к; Рэд. «Б.Кр.») — публіцыст, грамадскі, палітычны і культурны дзеяч беларускага нацыянальнага руху на Віленшчыне і ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы; хрысціянска-дэмакратычны палітык, член кіруючых органаў шэрагу арганізацый; арыштаваны і, напэўна, расстраляны савецкімі органамі дзяржбяспекі ў часе сталінскіх рэпрэсій; дзед Зянона Пазняка.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Супрацоўнікі рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» ў Вільні. Злева направа: Язэп Найдзюк, Уладзіслаў Тарасевіч, Марыян Пяцюкевіч, Ян Пазняк.
Ян Пазняк, яго жонка Марыя і малодшая дачка Галіна ў рэдакцыі «Biełaruskaj krynicy» у Вільні; сярэдзіна 1930-х.
Сям'я і знаёмыя Яна Пазняка. У цэнтры першага шэрагу жонка Марыя, справа стаіць сястра Вікторыя.

Нарадзіўся ў 1887[1][2] або 19 лютага 1895[3] або ў 1897 годзе[4] у мястэчку Стоўбцы Ашмянскага павета Віленскай губерніі Расійскай імперыі[1], ў сялянскай сям'і беларусаў-каталікоў: бацькі — Аляксандр і Ганна (у дзявоцтве Тучкоўская) Пазнякі[5]. Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю[5]. У маладосці далучыўся да беларускага руху. У 1909—1912 гадах удзельнічаў у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх суполак. У 1918—1920 гадах Я. Пазняк служыў арганістам у касцёле ў Лаварышках каля Вільні, пасля у касцёле Святых Янаў у Вільні. Сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці з моманту яе заснавання ў маі 1917 годзе ў Петраградзе.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім хрысціянска-дэмакратычным руху, асабліва пасля пераносу ў 1921 годзе яго цэнтра ў Вільню. У 1928—1936 гадах рэдагаваў газету «Biełaruskaja krynica». З 1928 года — сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, з 1936 — старшыня Прэзідыума Беларускага народнага аб'яднання. Арганізатар беларускіх сялянскіх мастацкіх калектываў і стваральнік беларускіх вясковых школ. З пачатку 1930-х — старшыня Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта.

Прэса і публіцыстыка[правіць | правіць зыходнік]

У 1913—1915 гадах Ян Пазняк у Вільні разам з А. Бычкоўскім, Ядвігіным Ш., Б. Пачопкам і інш. выдаваў каталіцкую газету «Biełarus»[1]. З 15 сакавіка 1928 года[4] быў рэдактарам органу БХД — газеты «Biełaruskaja krynica». Гэтая дзейнасць сустрэла негатыўную рэакцыю з боку польскіх уладаў. На Пазняка была заведзена больш за 30 судовых спраў[1][2](паводле іншай крыніцы, у 1936 годзе ён меў 35 спраў)[6]. На яго накладаліся грашовыя штрафы, быў арыштаваны і правёў у зняволенні некалькі месяцаў[2]. У 1936 годзе тыраж газеты «Biełaruskaja krynica» 11 разоў канфіскоўвалі[1]. У лістападзе 1936 года на кватэры Пазняка паліцыя зрабіла вобшук. Каб зберагчы часопіс ад закрыцця, Пазняк адмовіўся ад пасады рэдактара. Аднак, у красавіку 1937 года «Biełaruskaja krynica» была закрыта ўладамі[6]. З 1938 года Ян Пазняк рэдагаваў часопіс «Хрысціянская думка», дапамагаў выдаваць грамадскі часопіс «Самапомач». Выступаў у друку з артыкуламі, у якіх між іншага каментаваў бягучыя палітычныя падзеі, аналізаваў грамадскую, рэлігійную і культурную сітуацыю беларускай меншасці ў Польшчы, акрэсліваў кірункі яе дзейнасці для абароны сваіх правоў, тлумачыў ідэалагічныя падставы хрысціянскага дэмакратызму[1]. Між іншага напісаў працу «Самаўрад вясковых гмін», выдадзеную ў Вільні ў 1929 годзе[2].

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пачатку 2-й сусветнай вайны, у кастрычніку 1939 года Ян Пазняк быў арыштаваны НКУС і вывезены з Вільні[1]. Затым, магчыма ён, 22 красавіка 1940 года быў перавезены канвоем 226-га палка 15-й брыгады НКУС з Чэрвеня ў Мінск[3]. Далейшы лёс дакладна невядомы[1]. Паводле даследавання Польска-расійскага цэнтру дыялогу і паразумення, праз параўнанне пералікаў польскіх грамадзян зніклых на тэрыторыях Польшчы занятых СССР ў 1939 годзе з канвойнымі спісамі войскаў НКУС, Ян Пазняк мог быць расстраляны НКУС паводле рашэння Палітбюро ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года. Даследчыкі Цэнтру лічаць, што супадзенне тэрмінаў рашэння Палітбюро з часам транспарціроўкі Пазняка з Чэрвеня ў Мінск, а таксама адсутнасць інфармацыі пра яго далейшы лёс, з вялікай доляй пэўнасці (graniczy wręcz z pewnością) сведчаць за верагоднасць іх гіпотэзы . Паводле гэтай гіпотэзы, Ян Пазняк мог быць ахвярай сталінскіх рэпрэсій супраць грамадзян былой міжваеннай Польскай рэспублікі і таму ўключаецца даследчыкамі Цэнтра ў г.зв. «Беларускі катынскі спіс», месцам смерці Пазняка з вялікай верагоднасцю з'яўляецца Мінск[3]. Беларускі даследчык Леанід Маракоў таксама зазначае, што Ян Пазняк, верагодна, быў расстраляны НКУС ў Мінску[2].

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Жыццё і дзейнасць Яна Пазняка вельмі станоўча ацаніў яго ўнук Зянон. Паводле яго слоў, Ян — адзін з найбольш глыбокіх, выніковых лідэраў і арганізатараў беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы, ён узначальваў ня толькі кірунак, ня толькі арганізацыю, але і цэлую плынь у беларускім руху, якая аказалася найбольш жыцьцястойкай. На яго погляд, Ян Пазняк — чалавек нешматслоўны, добразычлівы і пазбаўлены славалюбства. (…) працу (…) ён цягнуў, як вол, быў добрым арганізатарам, тактыкам і прадбачлівым палітыкам[6].

Спробы фальсіфікацыі біяграфіі[правіць | правіць зыходнік]

Біяграфія Яна Пазняка стала аб'ектам шматлікіх фальсіфікацый з боку камуністычных, прасавецкіх і прарасійскіх палітычных колаў Беларусі. Звычайна, гэта рабілася ў мэтах кампраметацыі яго ўнука — Зянона Пазняка — аднаго з галоўных апазіцыйных і незалежніцкіх дзеячаў у Беларусі 1990-х гадоў.

У 1990—1991 гадах на тэрыторыі Беларускай ССР распаўсюджваліся лістоўкі з несапраўднай біяграфіяй Зянона Пазняка і яго продкаў. У іх змяшчалася інфармацыя, што Ян Пазняк быў агентам міжваенных польскіх спецслужбаў (г.зв. «двуйкі»), выдаваў ім беларускіх патрыётаў, выступаў за адарванне Беларусі ад Расіі. Паводле Зянона Пазняка, гэтыя матэрыялы рыхтаваліся КДБ і мелі на мэце ствараць уражанне голасу нізоў[7]. У 2008 годзе у часопісе «Коммунист Белоруссии» (органе КПБ) і расійскай газеце «Новое дело» з'явіліся артыкулы, аўтары якіх заяўлялі аб прыналежнасці Яна Пазняка ў 1930-х гадах да Нацыянал-сацыялістычнай партыі Беларусі, а таксама ў рэдагаванні ў часы вайны калабарацыйнага часопісу «Раніца»[8][9]. Аднак, гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці — першы нумар газеты «Раніца» выйшаў у Берліне 3 снежня 1939 г.[10], т.б. ужо пасля арышту Я. Пазняка ў Вільні.

Зянон Пазняк пракаментаваў гэтыя дзеянні[6]:

" Вобраз дзеда Яна (Яся, як называла яго бабуля) я ўяўляў з дзяцінства. Ён мне здаваўся сьвятым. За ўсё жыцьцё я ня чуў, каб хто кінуў камень у гэты вобраз. Забойцы маўчалі, каб ня выявіць сваё злачынства. І вось жа прыйшоў час, і запеніліся наступнікі забойцаў. Яны думаюць, што не адказныя за тваю сьмерць, дзед Ясь. Ды й пеняцца ж на мяне, хоць і ўспамінаюць тваё імя. Як яны падобныя на тых, як падобныя… Да дробязяў падобныя. "

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 Энцыклапедыя… том 5. — С. 377.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Пазняк Янка // Рэпрэсаваныя… том II.
  3. 3,0 3,1 3,2 Fragment rekonstrukcji białoruskiej listy katyńskiej. — Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення.
  4. 4,0 4,1 Развагі... — С. 12.
  5. 5,0 5,1 Пазняк Янка // Беларускія рэлігійныя…
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 Развагі.... — С. 14.
  7. Развагі... — С. 230.
  8. Кожевников В. БНР: история…
  9. Андрюхин В. Секрет Президента…
  10. Раніца № 1…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]