Беларусы ў Польшчы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Музей беларускай культуры, Гайнаўка

Беларусы ў Польшчы з'яўляюцца адной з найбуйнейшых нацыянальных меншасцяў. Згодна з перапісам 2002 года, у Польшчы пражывае 50 тысяч беларусаў, пераважна ў Падляскім ваяводстве (96,6 %; найбольш у Беластоку — 7,5 тысяч). У той самы час паводле падлікаў Пятра Эбергарта ў 1992 іх колькасць складала 215 тысяч чалавек, а згодна з Маркам Галушкам колькасць беларусаў дасягае 230 тысяч.

На думку польскага даследчыка К.Падляскага, у канцы 1980-х у Польшчы жыло ад 250 да 400 тысяч беларусаў, паводле звестак Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — 290 тысяч (1/3 ейных вернікаў). Паводле ж статыстыкі выбараў у сойм у 1989 на Беласточчыне беларусы складалі 30 % насельніцтва (206,8 тысяч чалавек), у тым ліку ў Беластоку 25 % (65,5 тыс. чал.), Бельску Падляскім і Гайнаўцы па 65 % (адпаведна 17,2 і 15,1 тысяч чалавек). Паводле перапісу беларускую мову ў штодзённых зносінах ужывае толькі 40,6 тысяч чалавек.

Абароне правоў і інтарэсаў беларускай дыяспары ў Польшчы спрыяюць Дэкларацыя аб беларуска-польскіх адносінах (кастрычнік 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам народнай адукацыі Польшчы (сакавік 1992), беларуска-польская Дамова аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992.

Тэрыторыя найшчыльнейшага пражыцця[правіць | правіць зыходнік]

Удзельная вага беларусаў у насельніцтве Падляскага ваяводства, паводле перапісу насельніцтва Польшчы 2002

Беларусы ёсць аўтахтонным насельніцтвам Падляскага ваяводства, тэрыторыя якога была перададзеная ў 1944 Польшчы. Беларусы афіцыйна пераважаюць колькасна ў чатырох гмінах ваяводства, адрозніваючыся такім чынам ад іншых нацыянальных меншасцяў Польшчы (апроч іх адно літоўцы ствараюць абсалютную большасць насельніцтва ў Пунскай гміне). У 12 гмінах ваяводства (у тым ліку ў гарадах Бельску Падляскім і Гайнаўцы) беларусы складаюць больш за 20 % насельніцтва, што, згодна з законам ад 6 студзеня 2005, дало ім права на ўжыванне двухмоўных назваў геаграфічных аб’ектаў і выкарыстанне беларускай мовы ў кантактах з урадам. 21 чэрвеня 2007 беларуская мова стала афіцыйнай у Гайнаўцы. Адпаведную ўхвалу на ўнёсак Беларуска-народнай фракцыі прыняла гарадская Рада.[1]

Колькасць беларускага насельніцтва ў 16 гмінах Падляскага ваяводства %
Гміна Чыжы 81,81
Гміна Дубічы Цэркеўнэ 81,33
Гміна Орля 68,93
Гміна Гайнаўка 64,91
Гміна Нараў 49,23
Гміна Бельск Падляскі 46,68
Гміна Нарэўка 47,27
Гміна Кляшчэле 41,83
Гміна Чарэмха 28,71
Гайнаўка 26,41
Гміна Грудак 23,07
Бельск Падляскі 20,66
Гміна Нужац-Стацыя 16,36
Гміна Міхалова 14,17
Гміна Міляйчыцы 13,09
Гміна Белавежа 11,54

Праведзенае ў 1992 г. анкетнае даследванне абапіралася на выяўленні і параўнанні колькасці прадстаўнікоў меншасцяў у Польшчы паводле афіцыйных дадзеных, паводле меркавання гмінных уладаў і паводле меркавання прадстаўнікоў арганізацый меншасцяў. Паводле афіцыйных дадзеных (1976 г.) лічба беларусаў акрэслівалася ў 180 тыс. асоб, паводле ацэнак гмінных уладаў (1992 г.) колькасць беларусаў складала 76 тыс., а паводле ацэнак беларускіх арганізацый (1992 г.) — 400 тыс. асоб. Разам з тым даследчык Люцыян Адамчык падкрэслівае, што дадзеныя анкетных даследванняў не абапіраліся на самадэкларацыі грамадзян, а афіцыйныя звесткі былі часцякам значна скажоныя па палітычных прычынах. Так, колькасць нямецкай меншасці была ацэнена ў 3 тыс. асоб, у той час як гмінныя ўлады ацэньвалі яе колькаснасць у 260 тыс., а ўласна арганізацыі нямецкай меншасці — у 250—300 тыс. Такім чынам, колькасць немцаў Польшчы была заніжана, як мінімум, у 83 разы[2].

Польская даследчыца Андрыяна Скарупска падкрэслівала пэўныя цяжкасці з дакладным вызначэннем колькасці беларусаў у Польшчы, што было абумоўлена недасканаласцю методык падліку (адсутнічала прамое пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці), а таксама тым фактам, што колькасць беларусаў вызначалася толькі праз статыстыку, якая фактычна датычылася толькі праваслаўных. Спецяліст таксама адзначала феномен падвоенай, няпэўнай альбо рэгіянальнай самасвядомасці сярод шэрагу жыхароў беларуска-польскага памежжа[3].

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва Польшчы 2011 г. беларускае насельніцтва склала 43 878 чалавекі, паменшыўшыся ў параўнанні з перапісам 2001 г. прыблізна на 4 тыс. (у 2001 г. — 47 640). Найбольшую долю беларусы складалі ў чатырох паўднева-усходніх паветах Беластоцкага ваяводства: 39,2 % — у Гайнаўскім павеце, 19,8 % — у Бельскім, 3,46 % — у Семятыцкім, 3,2 % — у Беластоцкім. У 12 гмінах ваяводства доля беларусаў перавышала 20 %, а ў чатырох гмінах (81 % у гміне Чыжы Гайнаўскага павета, 81 % у гміне Дубічы Царкоўныя Гайнаўскага павета, 68 % у гміне Орля Бельскага павета, 84 % у гміне Гайнаўка Гайнаўскага павета) доля беларускага насельніцтва была большай за 50 %. Паводле афіцыфных падлікаў беларуская меншасць з’яўляецца другой найбуйнейшай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы пасля нямецкай меншасці (144 236 асоб)[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Беларуска-польскія кантакты вядомыя ад часоў ранняга Сярэднявечча (гандлёвыя стасункі, дынастычныя шлюбы, ваенныя сутыкненні і інш.). Беларуская прысутнасць у Польшчы і абмен насельніцтвам пачаліся ў часы ВКЛ. Ранейшыя беларусы траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Прыкладам, калі ў 1325 вялікі князь літоўскі Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакетка, з Польшчы былі вернутая пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў Польшчу былі накіраваныя выхадцы з ВКЛ. Лічыцца, што ў сярэдзіне ХІV ст. у Польшчы жыло каля 40 тыс. беларусаў. У 1386, ажаніўшыся з польскай каралевай Ядзвігай, каралём Польшчы стаў вялікі князь ВКЛ Ягайла, які паклаў пачатак польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца XVIII ст. апынуліся ў складзе адзінай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Расійскай імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7 % насельніцтва (каля 30 тыс. чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях.

Пасля Першай сусветнай вайны, калі польская дзяржава была адноўлена, на ейных землях засталася частка этнічных беларусаў. У складзе Польшчы неўзабаве апынулася вялікая частка этнічна беларускіх земляў (г. зв. Заходняя Беларусь), што ўвайшлі ў склад Віленскага, Палескага, Наваградскага, Беластоцкага ваяводстваў. Паводле падлікаў статыстычных органаў СССР у Польшчы жыло 3250 тыс. чал. У верасні 1939 беларускія землі Польшчы ўвайшлі ў склад СССР. Падчас Другой сусветнай вайны беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баёў у 1939, уваходзілі ў склад Арміі Андэрса, Арміі Краёвай і Арміі Людовай.

Напрыканцы Другой сусветнай вайны паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 і 16 жніўня 1945 улады СССР перадалі Польшчы з складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнае рэпатрыяцыі насельніцтваа з Белрусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 19441948 пераехалі больш за 270 тыс.-чалавек (беларусы-каталікі дэкларавалі сябе палякамі). Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор'і (раёны Гданску і Шчэціну), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадох.


Да 1948 улады Польшчы афіцыйна не прызнавалі наяўнасці беларускай нацыянальнай меншасці ў краіне. Арганізаваная нацыянальна-культурная дзейнасць беларусаў, што пачалася напрыканцы 1940-х з аднаўлення беларускага школьніцтва, актывізавалася ў кастрычніку 1956, калі нацыянальныя меншасці атрымалі права арганізоўваць свае аб’яднанні, якія, тым не менш, знаходзіліся пад кантролем і ў фінансавай залежнасці ад Міністэрства ўнутраных спраў[5]. Было створанае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце і інш. У 1956 пачала выдавацца газета «Ніва», у 1957 — «Беларускі каляндар», а ад 1958 дзейнічае літаратурна-мастацкае аб'яднанне «Белавежа», створаныя беларускія ліцэі ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы. Паводле сацыяльнага статусу да канца 1950-х бальшыня беларусаў Польшчы была сялянамі.

У 1976 г. Цэнтральны Камітэт Польскай Аб’яднанай Рабочай партыі прыняў рашэнне аб маральна-палітычным адзінстве польскай нацыі, што мелі негатыўныя наступпствы для дзейнасці аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў[5]. У 1970-я і ў часе ваеннага становішча ў 19811983 праз абмежаванні з боку польскіх уладаў назіраўся спад грамадска-культурнай актыўнасці беларусаў. У 1980-я ўзніклі Беларускае аб'яднанне студэнтаў (1981, зарэгістраванае ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг беларускіх выдавецтваў і пэрыяычных выданняў.

Пасля цяжкіх для беларускага нацыянальнага жыцця ў Польшчы часоў у 1970-1980-я гг. змены грамадска-палітычнай сітуацыі у 1989-1991 гг. дазволілі выправіць становішча да лепшага. На пачатку 1990-х гг. у польскіх школах беларускую мову вывучалі 3 677 чалавек, а ў беларускіх ліцэях у Гайнаўцы і ў Бельску займаліся 630 вучняў. У ліцэі ў Гайнаўцы выкладанне прадметаў вялося на польскай мове, аднак 4 гадзіны на тыдзень адводзілася на вывучэнне беларускай мовы, літаратуры, культуры і гісторыі Беларусі. Беларуская філалогія як спецыяльнасць для славяністаў была ўведзена ў Люблінскім універсітэце, а ў Ягелонскім універсітэце выкладаўся курс беларускай мовы[6].

У 1990-я былі зарэгістраваныя Рада беларускіх арганізацый у Польшчы, Саюз гмінаў усходняе Беласточчыны, Саюз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства (кіраўнік Алег Латышонак), Асацыяцыя беларускіх журналістаў. Створаныя Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, беларускае культурна-асветнае таварыства ў Гданьску «Хатка» (1992), беларускі гурток у Ольштыне. У 1997 у сойм быў абраны кіраўнік БГКТ Ян Сычэўскі.

Грамадска-культурнае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Да галоўных арганізацый беларускай меншасці ў Польшчы належаць Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускі Саюз у РП, Саюз беларускае моладзі, Беларускае літаратурнае таварыства “Белавежа”, Беларускае гістарычнае таварыства, Асацыяцыя беларускіх журналістаў, Згуртаванне беларускіх студэнтаў. Імі выдаюцца штотыдзень газета «Ніва», штомесяц «Czasopis» і раз на паўгады «Białoruskie Zeszyty Historyczne». Да найгалаўнейшых культурных імпрэзаў беларусаў Польшчы належаць Фестываль Беларускай Моладзевай Музыкі «Басовішча», Фестываль «Беларуская Песенька» ў Беластоку, Бельская бардаўская восень, Свята беларускай культуры ў Беластоку, Свята «Купалле» ў Белавежы.

Бальшыня вернікаў належыць Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, што праз сваю дзейнасць спрыяе захаванню нацыянальнай адметнасці беларусаў: выдаецца штомесяц часопіс «Przegląd Prawosławny», дзейічаюць Брацтва Святых Кірыла і Мяфодзія, Моладзевае Праваслаўнае Брацтва.

Гісторыю, культуру, побыт беларускае дыяспары ў Польшчы даследуюць Алена Глагоўская, Яўген Мірановіч, Ян Мірановіч, Юрый Туронак і іншыя польскія гісторыкі беларускага паходжання. Выдаюцца літаратурныя творы А. Барскага (А. Баршчэўскага), М. Гайдука, С. Яновіча, В. Шведа і іншых беларускіх пісьменнікаў Польшчы.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Навучанне беларускай мове ў школах Беласточчыны

Беларуская мова выкладаецца ў 45 пачатковых навучальных установах (у 25 школах, 17 гімназіях, 3 агульнадукацыйных ліцэях – у Гайнаўцы, Бельску-Падляшскім і Беластоку), яе вывучае 8 тысяч дзяцей і падлеткаў беларускай нацыянальнасці. Дзейнічае дзіцячы садок з польскай і беларускай мовамі навучання ў Беластоку і беларускамоўныя групы ў дзіцячым садку №1 у Гайнаўцы[7].

Ад 1997 у Беластоку існуе ўніверсітэт (былы філіял Варшаўскага ўніверсітэта), дзе ёсць кафедра беларускай культуры. Выкладанне беларускай мовы, гісторыі і культуры таксама ажыццяўляецца ў польскіх вышэйшых навучальных установах Варшавы, Беластока і Любліна[7].

Палітычнае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікі беларускай меншасці ўваходзяць у мясцовае кіраўніцтва Падляскага ваяводства. На парламенцкіх выбарах 2001 беларускія арганізацыі здолелі правесці двух паслоў — Аўгена Чыквіна і Аляксандра Чужа — і аднаго сенатара Сяргея Плеву (утрох — прадстаўнікі Саюза Дэмакратычнай Лявіцы-Уніі Працы). У выбарах у Падляскі ваяводскі соймік у 2002 за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 15.544 галосаў (4,11 %). Найбольшую колькасць галасоў атрымалі Сакрат Яновіч (1736), Ян Чыквін (4846) і Яўген Вапа (5134). Такая малая колькасць галасоў звязаная з тым, што паветы з беларускай меншасцю былі злучаныя з этнічна польскімі, дзе моцныя нацыяналістычныя сімпатыі (гэтак Семятыцкі і Бельскі паветы былі злучаныя з Высокамазавецкім і Замброўскім).

На парламенцкіх выбарах 2005 дэпутацкі мандат здолеў атрымаць толькі Яўген Чыквін, набраўшы 14481 голас.

Шырокай падтрымкай падляскіх беларусаў карыстаецца Уладзімеж Цімашэвіч, кандыдат у прэзідэнты Польшчы ў 2005. Найбольш яго падтрымліваюць у Бельскім, Гайнаўскім і Семятыцкім паветах. Для большасці польскіх беларусаў Цімашэвіч быў нацыянальным кандыдатам, хоць ён ніколі не казаў пра свае беларускае паходжанне. Дзякуючы Цімашэвічу вялікай падтрымкай карыстаецца і яго партыя Саюз Дэмакратычнай Лявіцы. У той самы час беларускае паходжанне кандыдата было скарыстана яго супернікамі, якія выкарысталі нелюбоў да беларусаў ці да праваслаўных, што існуе ў некаторых мясцовасцях. Яны таксама акцэнтавалі ўвагу на аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ў самой Беларусі. На выбарах у Падляскі ваяводскі соймік у 2006 за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 7914 галасоў (2.05 %), найбольш — за Яна Чыквіна (2405), Аўгена Вапу (1669) і Аўгена Мірановіча (1119). Хоць БВК не атрымаў аніводнага мандату, у складзе сойміку апынуліся тры беларусы. Аднак прадстаўнікі беларускай меншасці атрымалі шмат месцаў у гарадскіх радах. У Беластоку 4 мандаты атрымалі кандыдаты ад Форуму Меншасці Падляшша, якія супрацоўнічалі з Грамадзянскай платформай. У Бельску Падляскім 7 мандатаў з 21 атрымала Бельская Кааліцыя, што складалася з беларускіх арганізацый. У Гайнаўцы 6 з 21 мандату былі аддадзеныя Беларускаму Выбарчаму Камітэту. На выбарах у Падляскі соймік у 20 мая 2007 Беларускі Выбарчы Камітэт атрымаў 2,19 % галасоў. Разам з беларусамі па спісе БВК праходзілі ўпершыню і прадстаўнікі літоўскай меншасці.

Электронныя СМІ[правіць | правіць зыходнік]

Першая праграма па-беларуску з'явілася на «Радыё Беласток» у 1956 годзе. На радыё існуюць наступныя беларускамоўныя праграмы і перадачы: «Пад знакам Пагоні», «Пажадальная песня», «Духоўныя сустрэчы» і «Перад выхадам у царкву». На TVP3 Białystok штотыдзень ідзе інфармацыйна-публіцыстычная перадача «Беларускі тыдзень», прысвечаная жыццю беларусаў Польшчы. Ад 2002 выходзяць беларускія праграмы і на Радыё Рацыя.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Hajnówka: Obsłużą po polsku i białorusku Gazeta Współczesna 22.06.2007 [1]
  2. Adamczuk, L. Mniejszości narodowe w Polsce w 1992 roku // Białoruś, Czechosłowacja, Litwa, Ukraina: mniejszości narodowe w świetle spisów statystycznych XIX-XX. Liczebność i rozmieszczenie: [materiały z międzynarodowej konferencji Samoidentyfikacja Narodowa i Religijna a Sprawa Mniejszości Narodowych i Religijnych w Europie Środkowo-Wschodniej / red.: J.Skarbek. - Lublin: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 1993] – С. 113 – 122.
  3. Скарупска, А. Беларуская меншасць у Польшчы // Беларусь і Польшча пасля пашырэння Еўрапейскага саюза: [zbiór artykułów / red.: M.Krzysztofowicz. - Warszawa: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 2005] – С. 213 – 221.
  4. Rychlik, J. Realizacja praw mniejszości białoruskiej w Plosce i mniejszości polskiej na Białorusi // Dziedzictwo pogranicza: realizacja praw mniejszości polskiej na Litwie, Białorusi, Ukrainie i w Czechach oraz mniejszości białoruskiej, litewskiej, ukraińskiej i czeskiej w Polsce: [zbiór artykułów / red.: D.Górecki. — Łódź: Wydawnictwo Łódzkiego Uniwersytetu, 2013] — С. 113—140.
  5. 5,0 5,1 Adamczuk, L. Mniejszości narodowe w Polsce w 1992 roku // Białoruś, Czechosłowacja, Litwa, Ukraina: mniejszości narodowe w świetle spisów statystycznych XIX-XX. Liczebność i rozmieszczenie: [materiały z międzynarodowej konferencji Samoidentyfikacja Narodowa i Religijna a Sprawa Mniejszości Narodowych i Religijnych w Europie Środkowo-Wschodniej / red.: J.Skarbek. - Lublin: Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 1993] – С. 113 – 122.
  6. Кавалевіч, М. Беларускае школьніцтва ў Польшчы і польскае на Берасцейшчыне // Беларуска-польскае ўзаемадзеянне ў галіне культуры: [матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэд.: В. Лашук і інш. - Брэст: Талер, 1993] – С. 7 – 10.
  7. 7,0 7,1 Беларускія аўтары падаравалі кнігі школьнікам з Бельску-Падляшскага. Новы Час (12 верасня 2018). Праверана 14 сакавіка 2019.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]