Перайсці да зместу

41-ы батальён дапаможнай паліцыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
41-ы батальён дапаможнай паліцыі
Гады існавання 10 ліпеня 1941—?
Краіна  Трэці рэйх
Уваходзіць у Шуцманшафт (украінская дапаможная паліцыя)
Тып пяхота
Колькасць 1086 чалавек
Дыслакацыя Мінск
Войны Другая сусветная вайна
Вялікая Айчынная вайна
Камандзіры
Вядомыя камандзіры лейтэнант Аляксандар Ялавы

41-ы батальён дапаможнай паліцыі, раней 1-ы батальён дапаможнай паліцыіукраінскае падраздзяленне дапаможнай паліцыі, якое дзейнічала на Беларусі. Складалася таксама і з расейцаў.

Шлях батальёна

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Клепша, улетку 1941 года ў Мінску з ліку вызваленых з палону ваеннапалонных ўкраінскай нацыянальнасці быў сфарміраваны асобны паліцыйны батальён у колькасці 910 чалавек, узятых з лагераў Мінска і ваколіцаў. Батальён характаразаваўся поўнай адсутнасцю надзейных ўкраінскіх камандоўцаў, недастатковай колькасцю камандоўцаў узводаў і аддзяленняў, адсутнасцю аснады, недастатковасцю памяшканняў для размяшчэння. Узімку 1941–1942 гадоў гэты батальён быў падзелены на два ўкраінскія ахоўныя паліцыйныя батальёны (41-ы і 42-і).

Аднак паведамленні Клепша, падвяргаюцца сумненням. Паводле наяўных у НАРБ дакументаў і матэрыялаў, першы дапаможны паліцыйны батальён быў сфармаваны 10 ліпеня 1941 года ў мястэчку Беластоку з вайскоўцаў-украінцаў і тых, хто «жадаючы палегчыць сваё становішча выдаваў сябе за ўкраінцаў».

У жніўні 1941 года батальён у колькасці 481 чалавека прыбыў у Мінск. Ён размяшчаўся ў былой артылерыйскай школе на Камароўцы. Першапачаткова называўся 1-м батальёнам, а некалькі пазней у Мінску быў арганізаваны 2-і батальён, які атрымаў назву «рабочы батальён». Пазней 1-ы быў перайменаваны ў 41-ы, а наваствораны — у 42-і. У абодвух батальёнах было 1086 чалавек. 41-ым батальёнам камандаваў лейтэнант Аляксандр Ялавы, а 42-м — лётнік, лейтэнант Кручкоў.

У кастрычніку 1941 года 1-я рота 41-га батальёна прымала ўдзел у расстрэле габрэяў. Гэта адбылося ў памяшканні былой шостай калоніі НКУС па Танкавай вуліцы, за чыгуначным пераездам. Мінскі падпольнік Рафаэль Бромберг, які у кастрычніку 1942 года прыбыў за лінію фронту, распавёў пра гэта пры апытанні работніку Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР):

Мне вядома са слоў салдата ўкраінскага батальёна. Гэта быў першы масавы разгром. У калонію прывезлі габрэяў з гета на машынах, трымалі суткі ў двары пад падстрэшкам. Затым загадалі зняць з сябе ўсю вопратку і прывялі да краю выкапаных ямаў. Выстраілі ў чаргу 1-ю роту ўкраінскага батальёна паліцыі, якая стаіць у Мінску па Шырокай вуліцы, у будынку казармы 38-га кавпалку, і загадалі салдатам адкрыць агонь. Пасля першай каманды не было ніводнага стрэлу. Падалі другую каманду «Агонь»! - пачуліся 2-3 стрэлы ў паветра. Пасля гэтага немцы адвялі ўкраінцаў, прывезлі дзве бочкі спірту, напаілі іх. Потым другі раз пашыхтавалі ўкраінцаў, за іх спінамі ўсталі нямецкія аўтаматчыкі. Тады ўкраінцы адкрылі агонь... Не ўсе кінутыя ў ямы былі дабітыя. У горад пачалі сцякацца цяжкапараненыя, жанчыны з дзецьмі, звар’яцелыя маці неслі на руках мёртвых дзяцей

За зімні перыяд батальён некалькі разоў ўзбройваўся, а затым раззбройваўся, што тлумачылася няўстойлівым маральна-псіхалагічным станам асабовага складу. Да траўня 1942 года масавых пераходаў да партызанаў не было. Масавы пераход пачаўся з траўня 1942 году. 41-м і 42-м батальёнамі камандаваў Залеўскі — арганізатар ўкраінскіх батальёнаў. Залеўскі — мл. лейтэнант РСЧА, з ім разам дзейнічаў Яшчанка. Узначальваў увесь гарнізон украінец-немец Гумер, які добра размаўляў па-руску.

Да асабістага складу ўжывалі наступныя рэпрэсіі: ў кастрычніку 1941 года 12 чалавек выпілі і пачалі спяваць савецкія песні. Немцы пасадзілі іх на гаўптвахту, а пасля лупцавалі розгамі. Калі нехта своечасова не з’явіцца ў батальён ці не адсалютуе — білі палкамі. Форма ўкраінскіх батальёнаў у асноўным чырвонаармейская, за выключэннем кукарды з жоўтага матэрыялу на пілотках, а пасля асабісты склад 41-га батальёна быў аснаджаны і летувіскімі мундзірамі.

41-ы і 42-і батальёны складаліся з былых ваеннапалонных, а часткова з добраахвотнікаў. Мабілізацыя папаўнення была немагчымая як з-за ненадзейнасьці ўкраінскіх ваеннапалонных, так з-за адсутнасці ўкраінскіх добраахвотнікаў. З гэтае прычыны, Клепш у сваім выступе прамаўляў, што праз некаторы час нямецкія ўлады будуць вымушаныя зліць гэтыя батальёны.

  • Dmitrij A. Żukow, Iwan I. Kowtun, Русские эсэсовцы, 2010