Ляхавіцкі строй
Ляхавіцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у ХІХ — пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Ляхавіцкага, Нясвіжскага і Клецкага раёнаў.
Жаночае адзенне
Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарызантальныя шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначалася суладдзем сакавітых разнаколерных (у вясёлкавай гаме) гарызантальных шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерам фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геаметрычнымі ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне.
Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай разнаколернай паперай, сабранай у веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасёмкі, стужкі, абразкі.
Мужчынскае адзенне
Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.
Літаратура
- Ляхавіцкі строй // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 436.