Беларускі народны роспіс на шкле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Відзік з Лунінецкага раёна (Заходняе Палессе). Невядомы аўтар.

Белару́скі наро́дны ро́спіс на шкле́, таксама відзік[1], мн. л. відзікі[2] — від народнага дэкаратыўнага роспісу, распаўсюджаны ў Беларусі з канца XIX стагоддзя да 1980-х гадоў[3], карціны напісаныя фарбай на шкле. Народны роспіс на шкле створаны і распаўсюджваўся ў вясковым асяроддзі. Часта адносіцца да наіўнага мастацтва, мае прыкметы кічу, але некаторыя творы напісаныя на больш высокім мастацкім узроўні[4]. Паводле прызначэння карціны падзяляюцца на тры віды: абразы, інтэр’ерныя карціны розных жанраў, карціны-рамкі для фатаграфій[5]. Абразоў сярод твораў народнага роспісу на шкле найменшая колькасць, пераважаюць выявы Божай Маці з сынам. Інтэр’ерныя карціны маюць вялікую разнастайнасць паводле сюжэтаў: выявы кветкавых букетаў, галубоў і іншых птушак над кветкамі, катоў, прыгожых жанчын, закаханых пар, копіі сюжэтаў вядомых карцін (напрыклад, «Асілкі» Віктара Васняцова) і г.д. Карціны-рамкі для фатаграфій маюць пустыя ад фарбы акенцы, у якія з адваротнага боку шкла ўстаўлены фотаздымкі.

Мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская паводле стылістыкі і тэхнікі выканання дзеліць роспіс на дзве групы: набліжаныя да народнай дэкаратыўнай традыцыі і індывідуальныя паводле манеры выканання карціны, і ўніфікаваныя паводле кампазіцыі і абагуленыя паводле малюнку карціны, у сюжэтах і вобразах якіх ёсць кічавая плынь і капіравальны характар выканання[4].

Вядомымі майстрамі беларускага народнага роспісу на шкле ёсць[6][7][4]: Алена Васілеўская (в. Здзітава, Бярозаўскі раён), Алена Макоўчык (в. Совіна, Бярозаўскі раён), В. Жуковіч (в. Спорава, Бярозаўскі раён), Лідзія Доўгер (вядомая найперш расфарбоўваннем куфраў, в. Агова, Іванаўскі раён), Валянціна Вакульчык (в. Касцюкі, Бярозаўскі раён), Васіль Калінін (в. Дубіца, Брэсцкі раён), Іосіф Мысліцкі (в. Сейлавічы, Нясвіжскі раён), Аляксандра Кутняя (в. Дамарацкія, Клецкі раён).

Творы беларускага народнага роспісу на шкле захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Вілейскім краязнаўчым музеі, Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», фондах аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»[2].

20 сакавіка 2023 года традыцыйнаму роспісу на шкле ў горадзе Бярозе, аграгарадку Спораве, аграгарадку Стрыгінь Бярозаўскага раёна і горадзе Пружаны, вёсцы Слабудка, вёсцы Новыя Засімавічы Пружанскага раёна быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі[3].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Для назвы народнага роспісу на шкле ў асобных рэгіёнах распаўсюджана слова «відзік». Паходзіць ад польскага слова widok (від, перспектыва, пейзажны малюнак), пры гэтым суфікс -ok заменены на беларускі -ік (з памяншальна-ласкальным адценнем)[1]. Інфарматары з Вілейскага і Пружанскага раёнаў называюць «відзікі», «відочкі» ў шырэйшым сэнсе, суадносяць з кожнай карцінкай намаляванай на шкле[крыніца?].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]