Перайсці да зместу

Малекулярная генетыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 15:09, 26 сакавіка 2023, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (выпраўленне перасылак)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)

Малекуля́рная гене́тыка — навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі.

Даныя малекулярнай генетыкі выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біялагічных навук.

Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 стагоддзя ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фізічных і хімічных метадаў даследаванняў.

У развіццё малекулярнай генетыкі вялікі ўклад зрабілі амерыканскія вучоныя А. Д. Хершы, Дж. Ледэрберг, Дж. Уотсан, А. Корнберг, М. Нірэнберг, Х. Г. Карана, Д. Балтымар, французскія вучоныя Ф. Жакоб, Ж. Мано, англійскі вучоны Ф. Крык, савецкія вучоныя А. А. Баеў, А. С. Спірын, Г. К. Скрабін і іншыя.

Вывучаны механізмы функцыявання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў.

Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амерыканскі вучоны П. Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генетычным карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома.

Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.

У 1997 годзе англійскія вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.

На Беларусі праблемы малекулярнай генетыкі распрацоўваюцца з канца 1960-х гадоў.

Значны ўклад у развіццё малекулярнай генетыкі зрабілі Р. Р. Ганчарэнка, М. А. Картэль, Г. І. Лазюк, У. А. Пракулевіч, Ю. К. Фамічоў і іншыя.

Даследаванні вядуцца ў інстытутах Нацыянальнай АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтральным батанічным садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў.

Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генетычная трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы.

Высвятляюцца генетычная арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генетычнай рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы.

Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.