Іаган Крыштоф Глаўбіц
Іаган Крыштоф Глаўбіц | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | каля 1700 |
Месца нараджэння | Сілезія |
Дата смерці | 30 сакавіка 1767 |
Месца смерці | Вільня |
Грамадзянства | Рэч Паспалітая |
Працы і дасягненні | |
Працаваў у гарадах | Вільня, Полацк |
Архітэктурны стыль | барока |
Найважнейшыя пабудовы |
Касцёл Святой Кацярыны Полацкі Сафійскі сабор Касцёл Св. Пятра і Паўла і кляштар базыльян у Беразвеччы |
Рэстаўрацыя помнікаў | Касцёл Святых Янаў |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іаган (Ян) Крыштоф Глаўбіц (літ.: Jonas Kristupas Glaubicas, польск.: Jan Krzysztof Glaubitz; каля 1700, Свідніца — 30 сакавіка 1767, Вільня) — стваральнік і найбуйнейшы прадстаўнік віленскага барока, адзін з найбольш запатрабаваных архітэктараў Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVIII стагоддзя[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Верагодна, нарадзіўся ў Сілезіі, хоць выказваліся здагадкі аб тым, што ён быў выхадцам Вільні. Мяркуючы па формах і арнаменту яго ранніх твораў, якія нагадваюць ранняе нямецкае ракако, архітэктуру вывучаў у Паўднёвай Германіі.
Спусташальныя пажары 1737, 1748 і 1749 гадоў нанеслі глыбокія пашкоджанні кварталам Старога горада Вільні. Глаўбіц удзельнічаў у работах па аднаўленні, рэканструкцыі і будаўніцтве ансамбляў і асобных будынкаў — у першую чаргу дома па вуліцы Швянта Мікалаяус(Švento Mikalojaus g.), у якім ён сам жыў са сваёй сям’ёй да 1749 года. У 1749 годзе Глаўбіц арандаваў у абшчыны евангелікаў-лютэран вялікі кутні дом, адбудаваў яго і жыў у ім да апошняга дня.
Да 1737 года Глаўбіц быў членам савета і архітэктарам абшчыны евангелікаў-лютэран. У 1737—1744 гадах ён адбудаваў і рэканструяваў ў формах позняга барока храм евангелікаў-лютэран і прылеглыя будынка абшчыны. Па яго праекце і пры яго ўдзеле ў 1741—1742 гадах ў храме быў збудаваны пышны барочны алтар.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Па яго праектах у Вільні пабудаваныя ці рэканструяваныя храмы розных канфесій:
- Евангеліка-лютэранскі касцёл (і абсталяваны яго інтэр’ер у стылі ракако) (1738—1744).
- Галоўны заходні фасад і ўсходні франтон касцёла Святых Янаў (1738—1748), у інтэр’еры збудаваны унікальны ансамбль з 23 алтароў у стылі барока (захавалася 10 алтароў); касцёл і званіца, доўгі час заставалася самым высокім збудаваннем у Вільні (звыш 60 м, дадзеныя вагаюцца ад 63 м[2] да 68 м з крыжам[3]) вызначылі панаванне барока ў ансамблі ўніверсітэта і сталі архітэктурнай дамінантай барочнай панарамы Вільнюса.
- Франтон і верхнія ярусы двух званіц касцёла Святой Кацярыны (1741—1743), у 1746 годзе рэканструяваў капэлу Провіду ў гэтым касцёле.
- Інтэр’ер праваслаўнай царквы Святога Духа (1749—1753), што пацярпела пры пажары 1749 года.
- Рэстаўраваў віленскую ратушу, пацярпелую пры пажары 1749 года, адбудаваўшы пры гэтым яе вежу (1749—1753)[4].
- У сярэдзіне XVIII стагоддзя стварыў барочны інтэр’ер Вялікі сінагогі (пацярпела падчас Другой сусветнай вайны і не захавалася).
- У 1749—1751 і 1759—1762 гадах адбудоўваў і дэкараваў капліцу на евангеліцка-лютэранскіх могілках. Глаўбіц, акрамя таго, надбудаваў вежы касцёла місіянераў (1750—1756).
- Ім жа ўзведзены ў стылі позняга барока вароты базыльянскага манастыра Святой Тройцы (1761); мяркуецца таксама, што Глаўбіц ў 1750 годзе ўзвёў дзве грацыёзныя бакавыя вежы пры ўсходнім фасадзе царквы Святой Тройцы і ў 1760—1763 гадах на ранейшым падмурку пабудаваў будынкі манастыра, аднавіў капліцу Скуміных.
- Яму таксама прыпісваецца аўтарства касцёла Здабыцця Святога Крыжа (Кальварыйскага) у Вільні.
Па праектах Глаўбіц рэканструяваліся жылыя дамы ў Літве, будаваліся палацы і касцёлы ў Беларусі. Сярод адноўленых і рэканструяваных ім будынкаў у Вільні — дом Салтаноўскага (1739), Мюлера (1741—1742 і 1749—1749).
У 1762 годзе ён падрыхтаваў план рэканструкцыі палаца Алізараў (Лапацінскага) у Вільні. М. Лапацінскі набыў будынак на ўчастку ля скрыжавання цяперашніх вуліц Шылтадаржа і Бярнардзіну ў Старым горадзе і праект рэканструкцыі заказаў у Глаўбіца. Работы выконваліся спачатку архітэктарам Андрысам (памёр у 1765), затым Фрэзерам[5]. Гісторык архітэктуры Юльюш Клос адзначаў цікавыя архітэктурныя матывы, характэрныя для пераходнай эпохі ад ракако да класіцызму[6].
У 1748—1765 гадах Глаўбіц працаваў над рэканструкцыяй базыльянскага кафедральнага сабора Святой Сафіі і ўзвядзеннем кляштарнага корпуса ў Полацку[1]; верагодна, самы высокі і самы вялікі па сваіх памерах барочны будынак у Беларусі. У лік галоўных яго прац ставіцца таксама касцёла кармелітаў у Глыбокім. У 1748—1749 ён спраектаваў і пабудаваў двухпавярховы палац мітрапаліта Ф. Грабніцкага каля Полацка. Як лічыць беларускі даследчык А. Ярашэвіч, па праекце Глаўбіца мог быць пабудаваны касцёл Святога Міхала Арханёла ў Івянцы[7].
Сярод іншых работ на Беларусі: перапрацоўка праекта Свята-Аляксандра-Неўская царква ў в. Сталавічы (Баранавіцкі раён) 1743-46, рэканструкцыя касцёла кармелітаў у Мсціславе (1746-50), архірэйскі палац у Магілёве (1762-85)[1].
Часта сярод пабудоў архітэктара згадваецца[1] трохнефны Крыжаўзвіжанскі касцёл у Лідзе, аднак польскі даследчык К. Пызель лічыць, што ні час узвядзення храма, ні яго стылістычныя асаблівасці не дазваляюць казаць пра аўтарства Глаўбіца[8].
Яго пабудовам уласцівы арыгінальныя рысы віленскага барока, які адрозніваецца вытанчанасцю формаў і дэкаратыўнасцю. Яркая асаблівасць створанага Глаўбіцам стылю — дзве, як правіла, высокія і лёгкія вежы галоўнага фасада з ярусамі, па-рознаму ўпрыгожанымі.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імем Глаўбіц названа адна з вуліц (Jono Glaubico gatvė) у раёне Вільнюса Пашылайчай[9].
Зноскі
- ↑ а б в г Глаубиц Иоган (Ян) Кристоф // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148. — 737 с.
- ↑ Antanas Rimvydas Čaplikas. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. Vilnius: Charibdė, 2005. ISBN 9986-745-89-6. P. 201. (літ.)
- ↑ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 542 (літ.)
- ↑ Vladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991. ISBN 5-415-00366-5. P. 146. (літ.)
- ↑ Lietuvos architektūros istorija. T. II: Nuo XVII a. pradžios iki XIX a. vidurio. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1994. P. 167. (польск.)
- ↑ Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie popraione po zgonie autora. Wilno, 1937. S. 145. (польск.)
- ↑ Ярашэвіч А. А. Івянецкія касцёлы // Ave Maria: Часопіс Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. № 2 (69), 2001. — С. 13 — 15 (польск.)
- ↑ Pyzel, K. Kościół parafialny P. W. Podwyższenia Krzyża Św. w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie gawnego wojewódstwa wileńskiego / redakcja naukowa: Maria Kalamajska-Saeed; Międzynarodowe Centrum Kultury w Krakowie. — Krakow: MCK, 2005—2008. T. 2. 2008. — 244 s., [218] s. il.: il. (польск.)
- ↑ Jono Glaubico gatvė Vilniuje (літ.). Vilniaus katalogas. Праверана 2 лютага 2014.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іаган Крыштоф Глаўбіц
- Lorents St. Jan Krzysztof Glaubitz — architekt wileński XVIII wieku: Materiały do biografii i twórczości. Warszawa, 1937.
- Lietuvos architektūros istorija. T. II: Nuo XVII a. pradžios iki XIX a. vidurio. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1994. ISBN 5-420-00583-3. С. 50—52.
- Литва. Краткая энциклопедия. Вильнюс: Главная редакция энциклопедий, 1989. С. 212—213.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).