Перайсці да зместу

Аркадзь Антонавіч Астаповіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аркадзь Антонавіч Астаповіч
Фатаграфія
Аркадзь Астаповіч, 1930-я гг.
Дата нараджэння 18 (30) верасня 1896
Месца нараджэння
Дата смерці 21 жніўня 1941(1941-08-21) (44 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, акварэліст
Жанр пейзаж
Вучоба
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арка́дзь Анто́навіч Астапо́віч (18 (30) верасня 1896, Мінск — 21 жніўня 1941, ваколіцы Рухавай Буды[ru] Унецкага раёна Арлоўскай вобласці, цяпер Бранская вобласць) — беларускі мастак-графік[1]. Брат мастачкі Зінаіды Астаповіч-Бачаровай (1898—1993).

Нарадзіўся ў сям’і выкладчыка Мінскага гарадскога чатырохкласнага вучылішча, тытулярнага саветніка Антона Антонавіча Астаповіча (1864(?)—1914). Аркадзь быў старэйшым з чатырох дзяцей. Маці, Марыя Ільінічна (1874—1954), замалася дамашняй гаспадаркай, лічылася добрай майстрыхай-рукадзельніцай[2]. У 1900 годзе па службовым абавязку бацькі сям’я пераехала ў Рэчыцу, а ў 1906 — у Гродна, куды бацьку мастака, ужо надворнага саветніка, прызначылі інспектарам Пушкінскага гарадскога чатырохкласнага вучылішча[2].

У 1906 годзе Аркадзь паступіў у Гродзенскую мужчынскую гімназію, скончыў яе з залатым медалём у 1914 годзе[2]. Пасля раптоўнай смерці бацькі ў лютым 1914 года сям’я пераехала да сваякоў у Петраград. Аркадзь з сястрой жыў па адрасе Кацярынінскі канал, 12, кв. 29. Неўзабаве стаў студэнтам Політэхнічнага інстытута на аддзяленні караблебудавання.

З 1915 года таксама займаўся на графічным аддзяленні рысавальнай школы Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў, дырэктарам якой быў Мікалай Рэрых. Непасрэднымі настаўнікамі Астаповіча былі Іван Білібін і Альфрэд Эберлінг[ru], вучань Рэпіна[1][2].

Доўгага навучання ў школе не атрымалася, праз паўтара года ён быў мабілізаваны ў армію, прайшоў паскораны курс інжынераў-сапёраў, некаторы час служыў у сапёрным батальёне. У час рэвалюцыі Астаповіч падтрымаў бальшавікоў, апынуўся ў часцях Чырвонай Арміі ў Харкаве[2].

У 2-й палове 1922 года Астаповіч дэмабілізаваны і вярнуўся на радзіму бацькі — у Навасёлкі Менскай губерні, дзе жыў і настаўнічаў каля 7 гадоў. Тут жа, у Навасёлках, у 1924 годзе ўзяў шлюб са сваёй стрыечнай сястрой — дачкой мясцовага святара, вясковай настаўніцай Нінай Рыгораўнай Якубовіч (1889—1963). У іх нарадзіліся сыны Арсень і Валянцін[2]. З 1929 года ў Менску, працаваў настаўнікам малявання, чарчэння і матэматыкі ў 9-й сярэдняй школе, паралельна — у вечаровай сямігодцы № 3[3]. Сябра Менскай філіі Усебеларускага аб’яднання мастакоў з 1927 года. У часе палітычных рэпрэсій, у 1938 годзе арыштаваны органамі НКУС, зняволены ў магілёўскай турме, выпушчаны праз 4 месяцы[3].

За некалькі дзён да акупацыі Мінска немцамі Аркадзь Астаповіч пакінуў жонку і двух сыноў у сям’і былога вучня ў Каралёвым Стане. Прайшоў 300 км на ўсход і далучыўся да часцей Чырвонай Арміі. Два месяцы ваяваў як старшы лейтэнант, камандзір роты 111-га асобнага сапёрнага батальёна 6-й стралковай дывізіі[ru] (АБД «Мемарыял» памылкова дае 1110-ы асапб[4])[2].

У лісце да сваякоў Астаповіча, камандзір 111-га асапб 6-й сд, ваенны камісар Шалудзько, і начальніка штаба Шулякоўскі паведамлялі пра яго гібель 23 верасня 1941 года ў баі каля Рухавай Буды[ru] «пад горадам Арлом»[2]. Паводле ЖДБ 6-й сд, баі па прарыве акружэння каля Рухава і Рухавай Буды адбываліся 20-21 жніўня 1941 года. Звесткі пра гібель Астаповіча каля Сокала Мцэнскага раёна Арлоўскай вобласці, напэўна, з’явіліся праз атаясненне даследчыкамі 6-й стралковай дывізіяй з 6-й гвардзейскай стралковай дывізіяй[ru], якая вераснем 1941 года вяла баі ў тых мясцінах.

Месца пахавання Аркадзя Астаповіча станам на 2021 год не вядома[2]. Магчыма, гэта брацкая магіла ВМЦ 32-909[5] дваццаці трох невядомых байцоў, загінулых 17-21 жніўня 1941 года, на могілках сяла Рухаў, або брацкая магіла ВМЦ 32-873[6] трох невядомых афіцэраў-танкістаў, загінулых вераснем 1943 года, на могілках вёскі Бярэзіна (да 1964 года Зарухава Буда). Пасляваенным часам ў абедзве магілы пераносяць рэшткі невядомых салдат, знойдзеныя ў ваколіцах.

Меў сясцёр Зінаіду (у шлюбе Бачарову; 1898—1993), мастачку, і Зою (1907—1976), гісторыка, дацэнта, намесніцу загадчыка кафедры гісторыі СССР Акадэміі грамадскіх навук у Маскве[7].

У шлюбе з Нінай Рыгораўнай Якубовіч меў двух сыноў, Арсенія (1926—1960) і Валянціна (1932—1993), які стаў архітэктарам[7].

Аркадзь Астаповіч — майстар лірычнага пейзажу ў даваеннай беларускай графіцы. Зрабіў значны ўклад у развіццё графічнага пейзажу. Аўтар графічных работ (пейзажаў, партрэтаў, кампазіцый). Творам Астаповіча ўласцівы лірызм, непасрэднасць, тонкі нацыянальны каларыт («Сакавік», «Ранняя вясна», 1923; «Першы дзень», 1925; «Зімовы дзень», 1940), вострае ўспрыманне новага («Завадскія карпусы», 1926; «Палёт», «Першыя трактары», 1927)[1].

Улюблёная тэхніка — чорная акварэль у спалучэнні з маляўнічай штрыхоўкай чорнай тушшу, а таксама тэхніка лінагравюры.

Творы Астаповіча экспанаваліся на першай, другой, трэцяй, пятай Усебеларускіх выстаўках, выстаўцы «Выяўленчае мастацтва Беларускай ССР» (Масква, 1940).

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца больш за 200 яго твораў, якія яшчэ ў сярэдзіне 1950-х гадоў паступілі ад удавы Аркадзя Астаповіча — Ніны Рыгораўны Астаповіч-Якубовіч[2].

Першая пасмяротная выстава Аркадзя Астаповіча адбылася ў Мінску ў 1960 годзе.

Творчыя дакументы: графічныя работы (пейзажы, партрэты, кампазіцыі, ілюстрацыі да кніг і часопісаў); жывапісныя творы (пейзажы, нацюрморты); дакументы да біяграфіі; фатаграфіі, індывідуальныя і групавыя, заўховаюцца ў БДАМЛіМ (BY БГАМЛИ ф. 395, 156 адз. зах.; 1902—1940, 1950—1958, 1994 гады).

З 29 кастрычніка па 28 лістапада 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працавала персанальная выстаўка станковай графікі Аркадзя Астаповіча, прымеркаваная да 125 гадоў з дня нараджэння мастака[8].

Зноскі