Валянцін Віктаравіч Волкаў
Валянцін Віктаравіч Волкаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 7 (19) красавіка 1881 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 лістапада 1964[1] (83 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Анатоль Валянцінавіч Волкаў |
Род дзейнасці | мастак |
Месца працы | |
Жанр | тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт |
Вучоба | |
Вядомыя працы | «Мінск 3-га ліпеня 1944 года», Выява герба БССР |
Уплыў на | Уладзімір Фёдаравіч Сакалоў, Валянцін Канстанцінавіч Дзежыц, Эдуард Вікенцьевіч Гадлеўскі[d] і Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовіч[3] |
Член у | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Валянцін Віктаравіч Волкаў (7 (19) красавіка 1881, Ялец Арлоўскай губерні Расійскай імперыі — 8 лістапада 1964, Мінск) — беларускі жывапісец. Народны мастак БССР (1955), прафесар (1957). Аўтар выяў герба БССР узораў 1927 і 1938 гадоў[4], мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З сям’і рускіх мастакоў Арлоўскай губерні. Першым прафесійным мастаком быў дзед, прыгонны, якога гаспадар аддаў у вучылішча жывапісу і скульптуры, але за некалькі месяцаў да заканчэння вучэння забраў адтуль, каб не даваць вольную. Бацька таксама быў прафесійным мастаком жанрыстам і партрэтыстам у Яльцы. З дзяцінства Валянцін быў сярод карцін і мастакоў, меў уласны альбом дзе рабіў накіды і копіі. Вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы (1901—1907) у К. А. Савіцкага, А. Ф. Афанасьева , Вышэйшым мастацкім вучылішчы пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў (Санкт-Пецярбург, 1907—1915) у В. Я. Савінскага , П. П. Чысцякова[4]. Браў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 года ў Маскве[4].
З 1919 года жыў у Беларусі[4], з 1929 года ў Мінску. Выкладаў у Веліжскай народнай мастацкай школе і Педагагічным інстытуце (1919—1923), Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1923—1929), кіраваў мастацкай студыяй Саюза архітэктараў БССР (Мінск, 1933—1935), мастацкай студыяй юных талентаў пры Доме народнай творчасці (Мінск, 1935—1941).
Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1947—1949), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1953—1964), з 1961 года — загадчык кафедры малюнка. Прафесар (1957)[4].
Бацька Анатоля Волкава і дзед Сяргея Волкава, таксама мастакоў.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, пісаў пейзажы, нацюрморты. Ствараў сюжэтна-тэматычныя карціны, прысвечаныя гісторыі Беларусі, грамадзянскай вайне ў Расіі, Вялікай Айчыннай вайне, сучаснасці. Творам Волкава ўласцівы рэалізм вобразаў, складанасць кампазіцыйных пабудоў, у якіх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая каляровая гама, дакладнасць дэталяў. У партрэтным жанры працягваў традыцыі псіхалагічнага партрэта рускага рэалістычнага мастацтва 2-й паловы XIX ст. Імкнуўся да глыбокага пранікнення ў характар людзей, адлюстравання іх грамадзянскай значнасці.
У 1918 годзе ў Петраградзе ён займаўся ўбраннем горада да 1-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі (эскізы пано «Уся ўлада Саветам», «Штурм Зімняга»), эскізы да гэтага свята цяпер захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Адзін з першых беларускіх жывапісцаў стварыў вобраз У. І. Леніна («Партрэт У. І Леніна», 1926)[4]. У 1926 годзе браў удзел у конкурсе па стварэнні герба БССР і перамог у ім.
У 1920-1930-я гады стварыў шэраг манументальных твораў-пано: «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» (абодва ў 1930) для мытні на станцыі Негарэлае, дэкаратыўны фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве (1939)[4]. Таксама быў аўтарам выявы герба БССР узору 1938 года[4].
Ілюстраваў і аформіў шэраг кніг для Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1928—1941).
Сярод работ «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Барыкады» (1923), «Малатабоец» (1926), «Партызаны» (1928), «Студэнты» (1947) і інш. Сярод лепшых твораў: партрэты М. Багдановіча (1927), мастака М. Гусева (1950), М. Горкага (1951), групавы партрэт артыстаў тэатра імя Я. Купалы, «Трактарыстка» (1956), партрэт хірурга Р. Р. Чарковай (1960), партрэт хірурга Г. Ф. Лося (1963) і інш.[4]. Шырокую вядомасць мела вялізная кампазіцыя «Мінск 3-га ліпеня 1944 года» (1945—1955).
Браў удзел у выстаўках з 1903 года. Сябра «Общества независимых» (Санкт-Пецярбург, 1911—1913), камітэта «Художественно-артистической ассоциации» (Санкт-Пецярбург, 1912), «Общины художников » (Санкт-Пецярбург, 1914—1920), Віцебскага філіяла Усебеларускай асацыяцыі мастакоў (1927—1929). Сябра Саюза савецкіх мастакоў БССР (з 1940).
Спадчына В. В. Волкава мае значную каштоўнасць — партрэты, пейзажы, эскізныя малюнкі карцін, дзе ён поруч з глыбокім псіхалагічным вобразам прадэманстраваў дасканалае валоданне пластычнай формай, тонкі густ у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Партрэт Янкі Купалы з малюнка, зробленага прыжыццёва (1945).
-
«Мінск 3 ліпеня 1944 года» (1945—1955, НММБ)
-
Групавы партрэт дзеячаў беларускага тэатру Г. П. Глебева, А. П. Марыкса, У. І. Уладамірскага (1959).
Зноскі
- ↑ Волков Валентин Викторович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Волков Валентин Викторович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
- ↑ http://bdamlm.by/gallery/alyaksandra-paslyadovich
- ↑ а б в г д е ё ж з Волков Валентин Викторович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 121. — 737 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Во́лкаў Валянцін Віктаравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 177. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998: энцыкл. давед. — Мн., 1998.
- Волков Валентин Викторович // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- Элентух И. Б. Валентин Викторович Волков. — М., 1956.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Волкаў Валянцін Віктаравіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
Валянцін Віктаравіч Волкаў у Вікікрыніцах | |
Валянцін Віктаравіч Волкаў на Вікісховішчы |
- Нарадзіліся 19 красавіка
- Нарадзіліся ў 1881 годзе
- Нарадзіліся ў Ялецкім павеце
- Памерлі 8 лістапада
- Памерлі ў 1964 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выкладчыкі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
- Выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава
- Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
- Выпускнікі Імператарскай Акадэміі мастацтваў
- Выпускнікі Пензенскага мастацкага вучылішча
- Члены Беларускага саюза мастакоў
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Мастакі СССР
- Мастакі Беларусі
- Народныя мастакі Беларускай ССР
- Мастакі-ілюстратары СССР
- Мастакі-ілюстратары Беларусі
- Нарадзіліся ў Ліпецкай вобласці