Гештальтпсіхалогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гештальтпсіхалогія (ад ням.: Gestalt — цэласная форма, вобраз, структура) — адна з найбуйнейшых школ псіхалогіі 1-й паловы XX стагоддзя, якая вылучыла ў якасці цэнтральнага тэзіс аб неабходнасці правядзення прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіхічных з’яў, унесла ў псіхалагічную навуку структурны прынцып.

Першаснымі, асноўнымі элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак.

Узнікненне гештальтпсіхалогіі звязана з агульным крызісам механістычнага светапогляду на мяжы XIX—XX стагоддзяў і асацыятыўнай псіхалогіі як спецыфічнай формы гэтага светапогляду ў псіхалагічнай навуцы. Тэрмін «гештальт» узыходзіць да прапанаванага Г. фон Эрэнфельсам (1890) уяўлення аб адмысловай «якасці формы», што прыўносіць свядомасць ва ўспрыманне элементаў складанага прасторавага ладу. У галіне філасофіі найбольшы ўплыў на прадстаўнікоў гештальтпсіхалогіі аказалі сістэмы Ф. Брэнтана і Э. Гусерля, асабліва развіты ў гэтых сістэмах тэзіс аб інтэнцыяльнасці свядомасці як выразе яго цэласнасці і ўнутранай актыўнасці.

Непасрэдны пачатак гештальтпсіхалогіі зрабіла праведзенае М. Вертхеймерам (Германія, 1912) даследаванне т. зв. страбаскапічнага руху (страбаскапічны эфект). Ён жа разам з нямецкімі псіхолагамі В. Кёлерам і К. Кофкам заснаваў ў 1921 часопіс «Псіхалагічныя даследаванні» («Psychologische Forschung») — орган школы, у якім у тым жа годзе быў апублікаваны яе тэарэтычны маніфест.

Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання. Першыя эксперыментальныя даследаванні былі прысвечаны аналізу ўспрымання і дазволілі вылучыць шэраг новых феноменаў у гэтай галіне (напрыклад, суадносіны фону і фігуры). Прынцыпы, выпрацаваныя пры вывучэнні ўспрымання, былі перанесены на вывучэнне мыслення, якое трактавалася як працэс паслядоўнага прымянення розных структур «бачання» (гештальт) да структуры праблемнай сітуацыі, у якой паўстала задача. Паводле гештальпсіхалогіі, у выпадку супадзення гэтых структур надыходзіць момант інсайта, азарэння.

Потым гештальтпсіхалогія пашырыла свае ідэі на вывучэнне памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сацыяльныя групы, на даследаванне фізічных, фізіялагічных і нават эканамічных праблем.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]