Ерафей Васілевіч Касценіч
Ерафей Васілевіч Касценіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 кастрычніка 1854 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 снежня 1905 (51 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Род дзейнасці | урач, афтальмолаг, хірург, выкладчык універсітэта |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар |
Ерафей (Іерафей)[1] Васілевіч Касценіч (16 (4) кастрычніка 1854, в. Мужычок, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — 6 студзеня 1906 (24 снежня 1905), Санкт-Пецярбург, Расійская імперыя) — рускі лекар і вучоны ў галіне афтальмалогіі[2]. Доктар медыцыны (1887), прафесар (1893).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў вёсцы Мужычок (цяпер у складзе в. Трасціно Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці) у сям’і святарскага кухара[1]. Неўзабаве бацькі пераехалі ў вёску Царкоўны Асавец Быхаўскага павета.
Пасля сканчэння Магілёўскай гімназіі паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. У 1880 годзе скончыў універсітэт са ступенню кандыдата і залатым медалём і стаў працаваць лабарантам фізіялагічнай лабараторыі. Адначасова паступіў у Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію. У 1884 годзе паспяхова здаў экзамен на званне ўрача, сваёй спецыяльнасцю абраў афтальмалогію.
Свае веды ўдасканальваў пад кіраўніцтвам вядомых айчынных і замежных вучоных. У 1887 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Развіццё колбачак і палачак, і вонкавага ядзернага слоя ў зародку чалавека», якая была адной з першых расійскіх работ па гэтым пытанні. У 1890 годзе на канферэнцыі Ваенна-медыцынскай акадэміі Ерафея Касценіча выбралі стыпендыятам Я. В. Віліе і накіравалі ў Францыю, Германію і Аўстрыю для далейшага ўдасканалення па афтальмалогіі[1].
Увосень 1893 года вярнуўся з-за мяжы і здаў экзамен на званне клінічнага прафесара, быў прызначаны загадчыкам вочнага аддзялення Уяздоўскага шпіталя ў Варшаве. Адначасова кіраваў Варшаўскім акруговым упраўленнем Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа.
У 1897 годзе саветам Варшаўскага ўніверсітэта быў выбраны экстраардынарным прафесарам кафедры афтальмалогіі. У 1900 годзе пераведзены ў Пецярбург на пасаду клінічнага прафесара Мікалаеўскага ваеннага шпіталя. Адначасова ўзначаліў кафедру афтальмалогіі ў Пецярбургскім клінічным інстытуце. У хуткім часе быў прызначаны таксама дырэктарам Пецярбургскай вочнай лячэбніцы ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі, дзе працаваў да апошніх дзён свайго жыцця.
Ерафей Касценіч удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый. У 1903 годзе ён правёў аперацыю на воку вядомаму расійкаму хіміку Дзмітрыю Мендзялееву, дзякуючы чаму яму вярнуўся зрок[1].
На працягу 1904 годзе вучоны перанёс некалькі сухіх плеўрытаў, у снежні таго ж года злёг у ложак з прычыны вельмі бурна распачатага запаленчага працэсу ў лёгкіх, які перайшоў затым у гнойны плеўрыт. Пасля ізсячэння некалькіх рэбраў паправіўся настолькі, што змог адправіцца на поўдзень Францыі. Вярнуўшыся ў Пецярбург улетку 1905 года працягнуў лячэбную дзейнасць[1].
У кастрычніку 1905 года зноў захварэў і неўзабаве памёр у Пецярбургу, пакінуўшы запавет пахаваць яго на Быхаўшчыне.
Дзейнасць у Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Працуючы лекарам, а потым і прафесарам у Варшаве і Пецярбургу, штогод улетку прыязджаў у вёску Царкоўны Асавец. У час адпачынку аказваў бясплатную медыцынскую дапамогу не толькі землякам, але і хворым сялянам з Чавускага і паловы Магілёўскага паветаў. Людзі дабіраліся да яго з Мінскай і Смаленскай губерняў, часам за 150—170 вёрст[3].
У нататцы «Медыцынская дапамога, пададзеная хворым на вочы ў Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні прафесарам Е. Касценічам з 12 ліпеня да 12 верасня 1894 года» паведамляецца, што ён у 1884—1890 гадах штогод на працягу трох месяцаў лячыў хворых на вочы ў сваёй хаце ў Царкоўным Асаўцы[4].
За два месяцы 1894 года ён прыняў у амбулаторных пакоях у вёсках Рыжкаўцы і Царкоўным Асаўцы 3092 хворых, аперацыйную дапамогу атрымалі 477 чалавек, з якіх 200 хворым былі зроблены складаныя аперацыі на вачах[3].
З 1893 года Апякунства сляпых пачало накіроўваць на тэрыторыю Беларусі лятучыя атрады акулістаў. Ерафей Касценіч патрабаваў далучэння да працы ў іх сельскіх урачоў, сам рыхтаваў медыкаў да аказання афтальмалагічнай дапамогі. Адзін з атрадаў дзейнічаў пад яго кіраўніцтвам у Быхаўскім павеце з 20 чэрвеня да 18 жніўня 1895 года. У вёсцы Рыжкавічах ён прымаў хворых на вочы з цяжкімі захворваннямі і пасля аперацый на павеках. Дапамога аказвалася бясплатна, толькі на лячэнне хворых доктар прасіў Апякунства вылучыць 200 рублёў. У выніку, аперацыі былі зроблены больш як 5 тысячам хворым[3].
За руплівую працу ў вочных атрадах на працягу больш як 12 год Ерафей Касценіч атрымаў спецыяльны ўзнагародны знак Апякунства сляпых[3].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У гонар Е. В. Касценіча названа вуліца ў Быхаве[5]. На яго магіле ў вёсцы Красны Асавец у 1964 годзе быў пастаўлены абеліск[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д Таццяна Барыбкіна.. Іерафей Касценіч сялянскі прафесар (руск.). Хоцімская раённая газета «Шлях Кастрычніка» (12 чэрвеня 2018). Праверана 24 ліпеня 2020.
- ↑ а б Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 156
- ↑ а б в г Прафесар з сялян // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна / рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск, 1990. — С. 65—66.
- ↑ Скворцов, И. Наш земляк профессор Костенич спас зрение Д. И. Менделееву / И. Скворцов // Веснік Магілёва. — 1996. — 15 лютага. — С. 7.
- ↑ Мычка, Ю. Его именем названа улица / Ю. Мычка // Маяк Прыдняпроўя. — 2017. — 7 чэрвеня. — С. 5 : фота.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 2. Афіны — Ведрыч / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1970. — 640 с.: іл., карты. — С. 502
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 159—160. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Нарадзіліся 4 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1854 годзе
- Нарадзіліся ў Клімавіцкім павеце
- Памерлі 24 снежня
- Памерлі ў 1905 годзе
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Пахаваныя ў Быхаўскім раёне
- Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта
- Дактары медыцынскіх навук
- Прафесары
- Выпускнікі Магілёўскай гімназіі
- Выпускнікі СПбДУ
- Выпускнікі Ваенна-медыцынскай акадэміі
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Хоцімскім раёне
- Афтальмолагі Расійскай імперыі
- Афтальмолагі Беларусі