Замкавая вежа (Нясвіж)
Званіца | |
Замкавая вежа | |
---|---|
53°13′15,51″ пн. ш. 26°41′00,82″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нясвіж |
Тып будынка | вежа |
Архітэктурны стыль | готыка, рэнесанс |
Дата пабудовы | XVI ст. |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 610Г000465 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Замкавая вежа — помнік архітэктуры XVI ст. у Нясвіжы (вул. Міцкевіча), узор абарончых збудаванняў, які спалучае рысы беларускага абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу. Уваходзіць у комплекс былога кляштара езуітаў і знаходзіцца паўночным боку касцельнай агароджы[1][2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудавана ў другой палове XVI ст. з цэглы ў сістэме абарончых сцен каля Замкавай брамы, знаходзілася ў гарадскім абарончым валу і звязвала замак з горадам[3].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы і высокай абарончай вежы. Вежа ўяўляе сабой квадратнае ў плане чатырох’яруснае збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. Другі ярус, найбольш высокі, аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі праёмамі, якія чаргуюцца з глухімі прамавугольнымі нішамі. Трэці ярус мае на кожнай грані па 3 высокія арачныя праёмы, акаймаваныя арачнымі ліштвамі. Невялікі чацвёрты ярус мае на кожнай грані па 3 маленькія арачныя праёмы, завяршаецца шырокім прафіляваным карнізам. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырвонай цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкаратыўную двухколерную гаму фасадаў[1][2].
Замкавая вежа канструкцыйна пераклікаецца з вежай-званіцай Троіцкага касцёла збудаванай ў той жа час у мястэчку Чарнаўчыцы, якое як і Нясвіж належала Радзівілам[2].
Зноскі
- ↑ а б Архітэктура Беларусі 1993.
- ↑ а б в Памяць. Нясвіжскі раён 2001.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нясвіжскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 628, [1] с. — ISBN 985-11-0206-7.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Замкавая вежа (Нясвіж)
- Замкавая вежа (Нясвіж) на сайце Radzima.org
- Замкавая вежа (Нясвіж) на сайце Глобус Беларусі (руск.)