Каньяры
Каньяры (Kañari) | |
Агульная колькасць | 170000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Эквадор |
Мова | каньяры, кечуа |
Рэлігія | татэмізм, політэізм, каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | астатнія кечуа |
Каньяры (сучасная саманазва Kañari) — этнічная група кечуа ў Эквадоры. Яе карані сыходзяць у глыбокае мінулае, калі продкі каньяры стварылі ўласную цывілізацыю, заваяваную інкамі. Агульная колькасць — каля 170 000 чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Паводле міфалогіі каньяры, людзі паходзяць ад мужчыны і жанчыны, што нарадзіліся з яек змяі ў возеры Кулебрыльяс. Аднак першыя пакаленні іх нашчадкаў у выніку былі знішчаны сусветным патопам. У жывых засталіся толькі два браты, якія ажаніліся на жанчынах-ара. Дзеці малодшага брата і яго жонкі сталі непасрэднымі продкамі каньяры. Іх назва складаецца са словаў «змяя» і «ара».
У мінулым продкі каньяры размаўлялі на асабістай мове, што ўваходзіла ў сям'ю вымерлых моў каньяры-пуруха́, распаўсюджанай на тэрыторыі сучаснага Эквадора. Яны былі абарыгенамі высакагор'яў Андаў, жылі пераважна на землях сучасных правінцый Каньяр і Асуай. Іх асобная культура пачала фарміравацца ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. і знаходзілася ў шчыльных гандлёвых зносінах з прыбярэжнай цывілізацыяй Мантэньё-Уанкавілка.
Сярэднявечная культура
[правіць | правіць зыходнік]Продкі каньяры насялялі горныя даліны паабапал асноўнага хрыбта Андаў. У кожнай з іх меліся своеасаблівыя прыродныя і кліматычныя ўмовы. Відавочна, іх асноўнымі заняткамі былі земляробства і адгонная жывёлагадоўля. Аднак найбольш важнымі для абмену, у тым ліку на далёкія адлегласці, былі здабыча і апрацоўка металаў.
Сярэднявечную кераміку прынята падзяляць на 2 асноўныя стылі: кашалома і такалшапа. Кераміка кашалома ўпрыгожвалася чырвоным і карычневым колерамі, белымі лініямі і канаўкамі. Кераміка такалшапа адметна негатыўнымі малюнкамі з накладзенымі лініямі або без іх, геаметрычнымі жалабкамі, часцяком прадстаўлена бутэлькамі і вялікімі антрапамофнымі збанамі.
Старажытныя каньяры будавалі ўмацаваныя гарады. Адным з найбуйнейшых з'яўляўся Гуапанделіг на месцы сучаснага эквадорскага горада Куэнка. Найлепей захаваліся рэшткі горада Інгапірка, значна перабудаванага ў перыяд інкскага панавання. Каньяры карысталіся месячным календаром і будавалі храмы круглай або месяцападобнай формы. Календары, знойдзеныя ў Інгапірцы, уяўляюць сабою камяні з прасвідраванымі ў іх адтулінамі ў розных палажэннях пад рознымі кутамі. Адтуліны запоўнены вадой для адлюстравання нябесных цел.
Грамадства было сацыяльна распластаваным. У знойдзеных магільнях высакародных асоб выяўлены розныя цырыманіяльныя і дэкаратыўныя прадметы з золата, срэбра і медзі. Палітычны лад старажытных каньяры нагадваў канфедэрацыю дробных дзяржаў на чале мясцовых правадыроў. Прычым, розныя правадыры мелі розны статус, так што некаторыя з іх былі вышэй за астатніх. У перыяд знешняй пагрозы яны маглі аб'ядноўвацца.
Інкскае заваяванне
[правіць | правіць зыходнік]Інкі ўварваліся ў землі каньяры каля 1463 г., аднак ім спатрэбілася на заваяванне болей за 17 гадоў. Канчаткова дзяржавы каньяры былі падпарадкаваны Тупакам Юпанкі, які інтэграваў іх у агульнапалітычную сістэму інкскай імперыі. Інкскі горад Тамебамба на месцы каньярскага горада Гуапанделіг ператварыўся ў паўночную сталіцу інкаў. Паміж ім і Кіта была пабудавана дарога, зацененая дрэвамі.
Інкі захавалі пэўную аўтаномію мясцовых правадыроў. Тупак Юпанкі ажаніўся на высакароднай дзяўчыне-каньяры. Іх сын Уайна Капак нарадзіўся ў Тамебамбе і кіраваў імперыяй інкаў з 1493 г. да 1527 г. Аднак большасць насельніцтва была ператворана імі ў міта, фактычна прыгонных, якія павінны былі несці абавязковыя натуральныя павіннасці ў выглядзе адпрацовак. Адміністрацыйнай мовай стала кечуа. Прычым, яе распаўсюджванне і выцясненне роднай мовы каньяры працягвалася і пасля іспанскага заваявання. Панаванне інкаў суправаджалася прымусовым перасяленнем мясцовага насельніцтва ў іншыя куты імперыі. Адметна, што ў Перу захаваліся групы кечуа, якія вядуць свой радавод ад перасяленцаў-каньяры, іх сувязь з сучаснымі каньяры падцвярджаецца генетыкамі.
Пасля смерці Уайна Капака падчас эпідэміі ў інкскай імперыі разгарнулася барацьба за кіраванне паміж братамі Уаскарам і Атаўальпам. Каньяры прынялі бок Уаскара, але ён пацярпеў паражэнне. Згодна пазнейшым хронікам, Атаўальпа жорстка адпомсціў каньяры. Пасля арганізаваных ім рэпрэсій выжыў толькі адзін мужчына на кожных пяць жанчын. У 1533 г. каньяры аднымі з першых падтрымалі Франсіска Пісара і ўдзельнічалі ў паходзе канкістадораў на Куска.
Да канца 1540-х гг. землі каньяры былі далучаны да іспанскіх каланіяльных валоданняў. У 1830 г. сталі часткай незалежнага Эквадора.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Burgos Guevara, H. La Identidad Del Pueblo Cañari. — Quito: Abya-Yala, 2003. — ISBN 9978-22-271-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Lynn Hirschkind La Population Indigène de Cañar
- Cañari — Encyclopedia.com
- Cañaris: Mythical culture
- Ecuadorian History
- The Origin of the Cañari
- Sandoval, J.R., Lacerda, D.R., Jota, M.M.S. et al. Tracing the genetic history of the ‘Cañaris’ from Ecuador and Peru using uniparental DNA markers. BMC Genomics 21 (Suppl 7), 413 (2020)