Перайсці да зместу

Клінічная біяхімія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Клінічная біяхімія — раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхімічных працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхімічных змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і медыцынская біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш.

У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і іншыя галіны клінічнай біяхіміі (асобная клінічная біяхімія).

Метады біяхімічных даследаванняў:

  • абсарбцыйная фотаметрыя
  • іонаметрыя
  • флюараметрыя
  • імунаферментны аналіз і інш.

Асновы клінічнай біяхімііі закладзены ў 17 стагоддзі працамі Р. Бойля, у 18-19 стагоддзях — А. Л. Лавуазье, М. В. Ламаносава і інш. У 1875 годзе А. П. Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 стагоддзя А. Я. Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.

На Беларусі клінічная біяхімія развіваецца з 1920-х гадоў пры клініках медыцынскага факультэта БДУ, з 1930 года на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага медыцынскага інстытута. У 1956 годзе выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М. Ф. Меражынскага, у 1957 годзе — «Біяхімія траўмы» Л. С. Чаркасавай, у 1970 годзе створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Інстытута ўдасканалення ўрачоў, ў 1993 года працуе Рэспубліканскі цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.