Ксенія Алегаўна Луцкіна
Ксенія Алегаўна Луцкіна | |
---|---|
Род дзейнасці | журналістка, рэдактар, палітычны вязень |
Дата нараджэння | 14 лютага 1984 (40 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Узнагароды і прэміі |
Ксенія Алегаўна Луцкіна (нар. 14 лютага 1984) — беларуская журналістка, стваральніца цыкла «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)», былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Ксенія нарадзілася ў расійскім горадзе Перм, дзе яе бацька-беларус вучыўся ў Вышэйшым вучылішчы ракетных войск і пасля служыў, і дзе ажаніўся з маці Ксеніі, якая працавала ў Пермі настаўніцай. Пасля бацьку перавялі ў Петрыкаў (Ксеніі тым часам было толькі 5 месяцаў), а адтуль — у Слуцк, дзе Ксенія вучылася ў 10-й слуцкай школе: «Чарнобыльскі пясок Ксенія ў прамым сэнсе ела ў 1986 годзе ў Петрыкаве, дзе я спачатку служыў. Потым мяне перавялі ў Слуцак, а сям’я яшчэ заставалася ў Петрыкаве. І калі адбылася аварыя, я быў на дзяжурстве, камандзір палка даведаўся, што сям’я ў зоне, і загадаў мне тэрмінова ехаць і забіраць родных. Я ўбачыў Ксенію ў пясочніцы, схапіў дзіця пад пахі і павёз сям’ю ў Слуцак»[1]. У школе вельмі цікавілася гісторыяй, па якой займала прызавыя месцы на алімпіядах. Пасля навучалася на гістарычным факультэце БДУ, які скончыла з адзнакай. Пасля заканчэння ўніверсітэту ад свайго аднагрупніка, Аляксандра Мацяса, які тым часам ужо працаваў на тэлебачанні, атрымала запрашэнне таксама паспрабаваць працу на тэлебачанні[2].
У Белтэлерадыёкампаніі Луцкіна займалася стварэннем дакументальных фільмаў на гістарычныя тэмы. У 2008 годзе стала шэф-рэдактарам «Студыі дакументальнага кіно». Аўтарка праектаў «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)» (у 2013—2016 гадах было знята і паказана больш за 140 праграм, у 2013 годзе каманда «Terra incognita» атрымала дзве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайн[3]) і серыі дакументальных драматычных фільмаў «Сямейныя гісторыі», таксама стварыла больш за 20 дакументальных фільмаў і каля 50 кароткаметражных стужак, рыхтавала рэпартажы з Чарнобыльскай зоны «Зямля страчаная. Зямля здабытая», якія прысвяціла сваёй бабулі, якая была ў ліку ліквідатараў наступстваў аварыі (за гэты цыкл з чатырох фільмаў Луцкіна таксама атрымала «Тэлевяршыню» ў 2017 годзе)[1][4].
У 2012 годзе Луцкіна перанесла складаную неўралагічную аперацыю: ёй выдалілі дзве пухліны ў мозгу.
У 2013 годзе Луцкіна скончыла аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ.
Падзеі вакол выбарчай кампаніі 2020 года вымусілі Луцкіну ў канцы жніўня 2020 года звольніцца з тэлебачання пасля 15 лет працы там, яна далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Таксама планавала стварыць альтэрнатыўны канал аб’ектыўных навін, з праектам якога ёй дапамагала ў тым ліку Акадэмія Прэс-клуба[2], першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021 на Youtube.
За некалькі дзён да затрымання Луцкіна запісала відэазварот да былых калег з дзяржаўных СМІ, які яе сябры выклалі ўжо пасля яе затрымання: «Мы абвясцілі забастоўку, бо хочам займацца журналістыкай, а не прапагандай. Мы сыйшлі, бо было сорамна называць сваё месца працы»[5].
Сын — Мацвей.
Палітычны пераслед
[правіць | правіць зыходнік]Луцкіна была затрымана 22 снежня 2020 года на Бульвары Мулявіна ў Мінску, у яе кватэры правялі ператрус (на момант пачатку ператрусу ў кватэры быў толькі сын Луцкінай, дзесяцігадовы Мацвей) канфіскавалі камп’ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы, яе змесцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Першапачаткова Луцкінай было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), яна праходзіла па так званай справе «Press Club Belarus».
13 студзеня 2021 года сумеснай заявай адзінаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, Луцкіну разам з іншымі арыштаванымі па справе прэс-клубу прызналі палітычнай зняволенай[6]. 18 лютага 2021 шэфства над палітвязынкай узяў дэпутат Нацыянальнага Савета Федэральнага Сходу Швейцарыі Бэнджамін Родуі , які заявіў «Свабода слова, у прыватнасці прэсы, з’яўляецца адным з асноўных правоў любой дэмакратыі. Мы не можам мірыцца з тым, што дзяржава, якая прэтэндуе на дэмакратычнасць, не паважае гэтае права. З гэтай прычыны журналістку Ксенію Луцкіну трэба неадкладна вызваліць»[7].
19 жніўня 2021 года супрацоўнікі Прэс-клуба выйшлі на волю паводле памілавання да суда, дзеля чаго яны прызналі віну і падпісалі прашэнні на імя Аляксандра Лукашэнкі, а іх родныя сплацілі 200 тысяч беларускіх рублёў (палову сумы сплацілі родныя заснавальніцы Прэс-клуба Юліі Слуцкай, прадаўшы нерухомасць, другая часта была сплачаная з рахунку Прэс-клуба). Луцкіна нічога не падпісвала, бо, па словах Слуцкай, «яна не можа прыняць віну ў тым, да чаго не мае ніякага дачынення. На ўсіх допытах мы заўжды гаварылі, што Ксенія і яе аператар Дзяніс Сакалоўскі не маюць ніякага дачынення да дзейнасці „Прэс-клуба“. Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў „Прэс-клуб“, і яе праект быў у ліку пераможцаў», і засталася пад арыштам[8].
Пасля закрыцця справы Прэс-клуба Луцкінай выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).
Вядома, што нейкі час Луцкіну трымалі ў адной камеры СІЗА разам з галоўнай рэдактаркай tut.by Марынай Золатавай.
У СІЗА-1 у Луцкінай сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя: зноў пачала расці пухліна ў мозгу, праз што Ксенія адчувала вялікі боль, некалькі месяцаў атрымлівала ўколы абязбольвальных, таксама праз умовы ў камеры абвастрылася бранхіяльная астма.
28 верасня 2022 года Луцкіну асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі[9].
У межах вызвалення палітвязняў у Беларусі ў 2024 годзе ў жніўні выйшла на волю па памілаванні[10].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б «Сэрца разрываецца, што не магу абняць сына». Расказваем пра экс-журналістку БТ Ксенію Луцкіну, якая 11 месяцаў за кратамі (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода».
- ↑ а б Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якая 15 год працавала на БТ, а цяпер апынулася ў СІЗА за спробу стварыць альтэрнатыўны канал . Наша Ніва.
- ↑ ПРОЕКТ «TERRA INCOGNITA. БЕЛАРУСЬ НЕИЗВЕСТНАЯ» ПРОДОЛЖИТ РАЗГАДЫВАТЬ ТАЙНЫ НАШЕЙ ЗЕМЛИ (руск.)
- ↑ «Телевершина-2017»: у телеканала ОНТ семь статуэток и Гран-при (ПОЛНАЯ ТЕЛЕВЕРСИЯ И СПИСОК ПОБЕДИТЕЛЕЙ) (руск.)
- ↑ Было сорамна называць сваё месца працы: экс-журналістка БТ звярнулася да калег . Еўрапейскае радыё для Беларусі.
- ↑ Заява аб прызнанні пяцярых затрыманых па справе Прэс-клуба палітычнымі зняволенымі . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (14 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 10 красавіка 2021.
- ↑ Members of Parliament from Great Britain and Switzerland take over godparenthood for Ryhor Hunko, Illia Trakhtenberg and Kseniya Lutskina (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights (18 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 чэрвеня 2023. Праверана 28 чэрвеня 2024.
- ↑ Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкіной і камэру «Шанхай» з пацукамі . Беларуская служба Радыё «Свабода».
- ↑ Журналістку Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі . Новы Час (28 верасня 2022).
- ↑ З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў . Наша Ніва (20 жніўня 2024).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Асобы
- Нарадзіліся 14 лютага
- Нарадзіліся ў 1984 годзе
- Нарадзіліся ў Пермі
- Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі
- Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ
- Журналісты Беларусі
- Журналісты XXI стагоддзя
- Палітвязні Беларусі
- Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»
- Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі