Паветрана-дэсантны спецыяльны батальён «Дальвіц»
Паветрана-дэсантны спецыяльны батальён «Дальвіц» | |
---|---|
ням.: Luftlandebataillon zur besonderen Verfügung «Dallwitz» | |
Гады існавання | 1944—1945 |
Краіна | Трэці рэйх |
Падпарадкаванне | Абвер |
Уваходзіць у | Абверкаманда-203 |
Тып | падраздзяленне спецыяльнага прызначэння |
Складаецца з | 2 рот |
Функцыя | дыверсіі ў тылу праціўніка |
Колькасць | каля 200 чал. |
Дыслакацыя |
Дальвіц Вальбуш |
Удзел у |
Паветрана-дэсантны спецыяльны батальён «Дальвіц» (ням.: Luftlandebataillon zur besonderen Verfügung «Dallwitz»), вядомы таксама, як дыверсійна-выведвальная школа «Дальвіц» — воінскае фарміраванне спецыяльнага прызначэння ў падпарадкаванні Абвера. У яго склад уваходзілі найбольш падрыхтаваныя салдаты і афіцэры Беларускай краёвай абароны і беларускай паліцыі, пераважна сябры Беларускай незалежніцкай партыі. Батальён быў заснаваны ў ліпені 1944 г.
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]Па задумах кіраўнікоў абвера, асабісты склад батальёна павінен быў выкарыстоўвацца ў тыле савецкіх войскаў для правядзення разведвальных і дыверсійных аперацый. Курсанты вывучалі падрыўную і сапёрную справы, тапаграфію, тактыку вядзення партызанскага бою, тыпы зброі. Рыхтавалася група дзяўчат-радыстак. Начальнікам школы быў маёр рэзерву Георг Геруліс, ягонымі намеснікамі: Барыс Рагуля і Усевалад Родзька (адказваў таксама за палітычную падрыхтоўку асабовага складу батальёна).
Да восені 1944 г. асабовы склад батальёна налічваў больш за 200 чал., якія былі размеркаваны па дзвюх ротах: 1-я «Паўночная» (камандзір — лейтэнант Андрэй Рудак) і 2-я «Паўднёвая» (камандзір — лейтэнант Міхась Зуй). У выпадку непазбежных страт батальён павінен быў напаўняцца салдатамі і афіцэрамі 1-га кадравага батальёна БКА[1].
Жаўнеры батальёну насілі ў асноўным стандартныя шэра-зялёныя мундзіры вермахта са знакамі адрознення, якія былі прынятыя ў БКА ў 1944 г. з улікам загадаў шэфа Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР № 6 ад 25 кастрычніка 1944 г. і загада № 43 ад 3 сакавіка 1945 г. Калі ў першым гаворка ішла пра «беларускае за мяжой», то ў другім змяшчалася дакладная інфармацыя наконт абавязковага ўжывання згаданых знакаў адрознення і абмундзіравання для дэсантнікаў «Дальвіц»[2]
Увосень на тэрыторыю Беларускай ССР скінулі з самалётаў некалькі атрадаў і асобных дэсантнікаў. Частку адразу адлавілі і ліквідавалі савецкая контрразведка, іншыя арганізавалі партызанскую барацьбу.
У пачатку лістапада 1944 г. школа і батальён перадыскалаваліся ў Вальбуш. Пазней пераехаў пад Берлін, потым у Чэхію. У канцы сакавіка 1945 г. У. Родзька заключыў пагадненне з кіраўніком «Ягдфэрбанд—Ост СС» Ота Скарцэні аб павелічэнні складу батальёна да 700—800 чал. і яго перадыслакацыі з Чэхіі на тэрыторыю савецкай Беларусі. У маі 1945 г. чэшскія партызаны раззброілі батальён, а У. Родзька абвесціў пра роспуск.
Пасляваенная партызанская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Батальён быў падзелены на групы, якія прабіваліся на Захад або на тэрыторыю Беларусі. Атрад У. Родзькі перабраўся на Беласточчыну, дзе яго самога і арыштавалі. Рэшта ўдзельнікаў батальёна ўвязалася ў партызанскую барацьбу у Белавежскай і Налібоцкай пушчах.
Адлюстраванне ў масавай культуры
[правіць | правіць зыходнік]У верасні 2013 г. тэлеканал БелСат паказаў дакументальны фільм рэжысёра Антона Цялежнікава «Праклятыя і забытыя» (у 2 частках), пра беларускіх жаўнераў, якія прайшлі падрыхтоўку ў нямецкай дыверсійнай школе «Дальвіц»:
Глядзіце таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Чуев, С. Н. Спецслужбы Третьего Рейха: [В 2 кн.] / Сергей Геннадьевич Чуев. Кн. 1. — СПб.: Нева, 2003. — 381, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 197 — 198. — (Досье. Спецслужбы мира). — ISBN 5-7654-2826-6.
- ↑ Грыбоўскі, Ю. Абмундзіраванне беларускіх вайсковых фармаванняў на нямецкай службе падчас Другой сусветнай вайны / Юры Грыбоўскі; [Пер. з пол. А. Берасьнеў] // ARCHE Пачатак. – 2010. – № 5 (92). – Травень. – С. 475 – 508. — ISSN 1392-9682. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 383. — Воп. 1. — Спр. 11а. — Арк. 233 — 234, 313.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ёрш, С. Дэсант у няпэўнасць. Беларускі парашутны батальён «Дальвіц» 1944 — 1945 гг. — Мн.: [б. в.], 2012. — 311 с.