Перайсці да зместу

Пруская вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тытульны аркуш выдання паэмы Яна Вісліцкага «Пруская вайна». Кракаў, 1516

«Пруская вайна» (лац.: Bellum Prutenum) — эпічная гістарычная паэма, напісаная ў 1515 годзе Янам Вісліцкім. Упершыню выдадзена ў 1516 годзе кракаўскім друкарскім дваром Яна Галера. У паэме услаўляецца перамога над крыжакамі, здабытая як народнае змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў беларускай, польскай і літоўскай літаратурах.

Трохчасткавая кампазіцыя нагадвае структуру музычнай сімфоніі, створанай сродкамі антычнай паэтыкі, якая тут спалучаецца з хрысціянскім рамантызмам, сярэднявечным духам рыцарства і фальклорнай маляўнічасцю. Яну Вісліцкі стаў пачынальнікам свецкай плыні ў эпічнай паэзіі Польшчы, Літвы і Беларусі, прыбранай у антычныя строі — класічную латынь. Вялікую гістарычную падзею, рыцарскія подзвігі Ягайлы і Вітаўта паэт падсвяціў святлом любові да сваёй радзімы. Вопыт Яна Вісліцкага, верагодна, выкарыстаў аўтар ліра-эпічнай паэмы «Песня пра зубра» (1522) Мікола Гусоўскі.

«…Потым жа верасень быў,
што табе пераможныя лаўры
Шчодрай рукою прынёс:
ты адолеў шматлікае войска
Скіфскага[1] князя вялікага,
многа ваеннай здабычы,
Многа варожых харугваў
з палоннымі хутка даставіў
Ты да высокіх муроў
тваёй велічнай Вільні Літоўскай[2]…»

Урывак з «Прускай вайны».[3]

Паэма складаецца з трох частак, альбо, паводле тагачаснай тэрміналогіі, з трох кніг.

Першая частка

[правіць | правіць зыходнік]

Першая частка — паэтычная прэлюдыя, экспазіцыя да гераічнага эпасу, умоўна-малітоўны зварот да алімпійскіх багоў і музы эпічнай паэзіі Каліёпы з просьбай удыхнуць у грудзі паэта натхненне для праслаўлення караля і вялікага князя Жыгімонта I, яго слаўнага дзеда Ягайлы, дынастыі Ягелонаў. Паэт называе іх метафарычна «сармацкімі каралямі», умоўна-паэтычна далучаючыся да антычных міфаў пра сармацкае паходжанне  (руск.) славянскіх народаў.

Другая частка

[правіць | правіць зыходнік]

Другая, цэнтральная, частка паэмы анатавана аўтарам так: «Кніга другая пакажа Літвы лясістай прасторы, слаўны народ той, адкуль мужны Ягайла пайшоў». Яна прысвечана гісторыі заваявання крыжакамі прусаў  (руск.), апісанню агрэсіўнай палітыкі нямецкага Ордэна да сваіх суседзяў, падрыхтоўцы і ходу самой Грунвальдскай бітвы, якая скончылася перамогай аб'яднаных сіл саюзнікаў пад кіраўніцтвам караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта. У якасці гістарычных крыніц паэт выкарыстаў «Гісторыю Польшчы» Яна Длугаша, лісты караля Ягайлы, народныя легенды і гістарычныя паданні. У апісанні войнаў Ян Вісліцкі выкарыстаў вопыт антычнай паэзіі, імітацыю язычніцкай міфалогіі, ствараючы вобразы-эўфемізмы: збожжа — дары Цэрэры, пачалася вайна — «Марс жорсткі паўстаў». Ён добра ведаў народную паэтыку, карыстаўся ёю, апісваючы напады крыжакоў на польскія землі.

Трэцяя частка

[правіць | правіць зыходнік]

Трэцяя частка паэмы «Пруская вайна» прысвечана шлюбу Ягайлы, які не меў дынастычнага пераемніка, з беларускай князёўнай Соф'яй Гальшанскай. Яна, кажа паэт, «чароўная німфа ў краіне русінаў, Боская німфа — найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчына». Поруч з урачыстым аратарскім стылем тут ёсць пастаральныя матывы, дасціпныя эўфімізмы, напрыклад, пра тое, як Юпітэр турбаваў алімпійскіх багоў, «шукаючы князю сівому сужонку». Па кантрасту з гераічнымі вобразамі слаўных рыцараў папярэдняй часткі паэмы ўвага перанесена на лірычную тэму — песню пра любіміцу народа, добрую шляхцянку слаўнага роду Гальшанскіх, што красою сваёю пераўзышла грэчаскіх багінь і німфаў. На вяселле Юпітэр склікае ўсіх алімпійцаў: багіня Юнона абяцае маладой шчасце і багацце, Мінерва гарантуе яе дзецям мудрасць, а Марс зычыць усёй дынастыі ваенную славу. Урэшце багіня кахання прыводзіць на вяселле «німфу русінаў» Соньку. Народ славіць каралеўскі шлюб радаснымі песнямі, музыкай, гучаць ліры і гуслі.

Выданні і пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

Першавыданне «Прускай вайны» захавалася ў адзіным экзэмпляры ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Толькі ў 1887 годзе паэма была перавыдадзена на лацінскай мове з даследаваннем і каментарамі Браніслава Кручкевіча таксама на латыні. Яшчэ ў 1874 годзе Уладзіслаў Сыракомля пераклаў на польскую мову ўрывак з паэмы Яна Вісліцкага. У 1880 годзе К. Мехежынскі напісаў невялікую працу пра Яна Вісліцкага і прывёў некалькі вершаваных і празаічных урыўкаў з «Прускай вайны». Поўны вершаваны пераклад паэмы на польскую мову з'явіўся толькі ў 1932 годзе ў Львове.

Поўны пераклад паэмы на беларускую мову ўпершыню ажыццявіла Жанна Некрашэвіч-Кароткая (апубл. 1997).

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]
  • Пруская вайна // Маладосць. 1997. № 12.

Зноскі

  1. тут, маскоўскага
  2. Размова ідзе пра ваенны трыумф Жыгімонта і яго войска, якое 22 верасня 1514 года ўвайшло ў Вільню, здабыўшы перамогу пад Оршай.
  3. Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Дзень Перамогі, асвечаны Маці Божай // Наша Вера, 29 сакавіка 2004
  • Конан У., Кавалёў С. На парозе Новага часу // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 1. — 3-е выд. — Мн., 2010. ISBN 978-985-08-1166-0.