Літоўская літаратура
Літоўская літарату́ра — гэта літаратура на літоўскай мове.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вытокі літаратураы Літвы ў фальклоры (песні-дайны, казкі, паданні, прыказкі і інш.) і ў пісьмовых разнамоўных крыніцах. Найбольш старажытныя помнікі пісьменнасці Літвы — летапісы 14—16 ст. на старабеларускай мове — афіцыйнай мове Вялікага Княства Літоўскага. У іх ёсць элементы міфалогіі, народныя паданні, легенды, якія пазней жывілі мастацкую літаратуру Літвы. Пісьменнасць 16—17 ст. развівалася на лацінскай (на ёй з 1579 вялося навучанне ў Віленскім універсітэце) і польскай мовах. Захаваўся адзіны старажытны помнік на літоўскай мове — тэкст малітвы пачатку 16 ст., запісаны ад рукі на апошнім аркушы кнігі «Tractatus sacerdotalis», выдадзенай у Страсбургу ў 1503 годзе.
У 16—17 стст. найбольш значныя творы пра мінулае Літвы, яе прыроду на лацінскай мове стваралі М. Гусоўскі, А. Каяловіч, М. Літвін, Я. Радван, П. Раізій, М. Сарбеўскі, А. Шротэр, на лацінскай і польскай — А. Волан, А. Ратундус, на польскай — Мацей Стрыйкоўскі. Да 19 ст. літаратура Літвы стваралася і ў т.зв. Малой Літве — Усходняй Прусіі. Помнікі старажытнасці мелі пераважна рэлігійны характар.
Першыя пераклады рэлігійных песнапенняў на літоўскую мову зрабілі дзеячы Рэфармацыі прафесары Кёнігсбергскага ўніверсітэта Станіслаў Рапалёніс і Абрагам Кульвеціс. Першая кніга на літоўскай мове — «Катэхізіс » Марцінаса Мажвідаса, якая была выдадзена ў 1547 годзе ў Кёнігсбергу ўключала літоўскі буквар і песнапенні. Значны ўклад у развіццё пісьменнасці Літвы зрабілі першы перакладчык Бібліі на літоўскую мову , аўтар кнігі казанняў Ёнас Браткунас , аўтар першай літоўскай граматыкі (1653), кнігі духоўных песнапенняў (кантаў) і малітоўніка Даніелюс Клейнас . Пачынальнік літоўскай пісьмовай літаратуры Мікалоюс Даўкша — перакладчык на літоўскую мову катэхізіса Я. Лядэсмы (1595) і зборніка пропаведзяў Якуба Вуека «Посціла каталіцкая» (1599).
Важную ролю ў станаўленні старалітоўская пісьменнасці адыгралі Канстанцінас Шырвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М. Пяткявічус, Салямонас Славачынскіс, Самуэліс Хілінскіс , Ёнас Якнавічус , Сцяпонас Яўгяліс-Цяляга . Спробы унармавання літоўскай пісьмовай мовы былі ў 18 ст.: граматыкі, слоўнікі, калектыўны пераклад Бібліі (1735), пачаты збор і выданне фальклорных твораў (Ёкубас Брадоўскіс , Мікалас Мярлінас , Крысціёнас Мілкус , Готфрыд Остэрмеер , Піліпас Руйгіс ). Першую кнігу свецкага зместу «Байкі Эзопа» выдаў у 1706 годзе Ёнас Шульцас . Пачынальнікам літоўскай мастацкай літаратуры лічыцца Крысціёнас Данелайціс, аўтар паэмы «Поры года», напісанай ім у 1760—1770 гадах, але выдзенай толькі ў 1818 годзе, ужо пасля смерці паэта. Развіццю літаратуры ў 18 ст. спрыяла дзейнасць Людзвікаса Рэзы і Фрыдрыхаса Куршайціса .
У пачатку 19 ст. цэнтрам культуры Літвы стаў Віленскі ўніверсітэт. Вядучае месца ў літаратуры займала паэзія: байкі, эпіграмы, паэмы (Сільвястрас Валюнас , Антанас Клямянтас , Дзёнізас Пошка , Сіманас Станявічус , Антанас Страздас ). Найбольш значны твор гэтага перыяду — паэма «Анікшчэйскі бор», напісаная Антанасам Баранаўскасам у 1860—1861 гадах. У першай палове 19 ст. зарадзілася мастацкая проза. Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі гістарычныя працы з элементамі мастацкай прозы Сіманаса Даўкантаса, адметныя рамантычна-прыўзнятым асэнсаваннем мінулага краіны, узвышанасцю стылю. Каларытнасцю і выразнасцю народнай мовы вызначалася аповесць Мацеюса Валанчуса «Юзе з Палангі» (1869), заснаваная на этнаграфічным і фальклорным матэрыяле.
Развіццё літаратуры Літвы стрымлівала забарона царскімі ўладамі ў 1864—1904 гадах друку на літоўскай мове. Цэнтры друку пачалі стварацца па-за межамі Літвы — ва Усходняй Прусіі, ЗША. У перыяд абуджэння нацыянальнага руху ў Літве ўзнік рамантызм. Найбольш яркі яго прадстаўнік Майроніс (кніга «Галасы вясны», 1895), паэзія якога садзейнічала развіццю асноў сілаба-танічнага вершаскладання, фарміраванню літаратурнай мовы. Элегічнымі матывамі вызначалася лірыка Пранаса Вайчайціса, патрыятычным гучаннем, сатырычным паказам сацыяльных з’яў — паэзія і проза Вінцаса Кудзіркі.
У канцы XIX — пачатку XX ст. ў літаратуры замацоўваюцца прынцыпы рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні вясковай тэматыкі Жамайце). Традыцыі самабытнай рэалістычнай прозы развівалі Юозас Тумас-Вайжгантас , Лаздзіну Пяледа (сёстры Марыя Ластоўская і Сафія Пшыбіляўскене), Габрыеле Пяткявічайце-Біце , Шатрыёс Рагана . У жанры рамана выступіў Вінцас Петарыс , аўтар першага гістарычнага рамана «Альгімантас», выдадзенага ў 1904—1905 гадах.
Актывізацыі літаратурнага і культурнага жыцця ў пачатку 20 ст. садзейнічала адмена забароны друку на нацыянальнай мове. Узніклі разнастайныя літаратурныя плыні. Рэалістычная і фальклорная традыцыі спалучаны ў драме «Шарунас» (1911), «Паданнях Дайнаўскай даўніны» (1912), аповесцях і навелах Вінцаса Крэве; лірыцы Людаса Гіры. Развіваліся неарамантызм, мадэрнізм (Юозапас Гярбачаўскас ), рэалізм (Ёнас Білюнас, Антанас Венуоліс). Рысы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму выявіліся ў прозе Казіса Пуйды , Юргіса Савіцкіса , Ігнаса Шэйнюса , сімвалізму і містыцызму — у драматургіі Відунаса (драмы «Цені прашчураў», 1908, і «Вечны агонь», 1912).
Характар літаратурнага працэсу ў 1918—1940 гадоў вызначалі Майроніс (гістарычныя драмы ў вершах, балады), Тумас-Вайжгантас (апавяданні, аповесці, раман), Відунас (драмы), Казіс Пуйда (гістарычны раман «Magnus Dux», 1936) і інш. У паэзіі і драме пераважаў сімвалізм (Юргіс Балтрушайціс, Пятрас Вайчунас, Вінцас Крэве, Вінцас Мікалайціс-Пуцінас , Стасіс Сантварас , Баліс Сруога), у творчасці футурыстычнай групоўкі «Чатыры вятры» (Казіс Бінкіс , Юозас Ціслява , Саліс Шамярыс і інш.) — рысы экспрэсіянізму і рэалізму. Ідэйна-эстэтычныя прынцыпы неарамантызму развівалі маладыя паэты Ёнас Айсціс , Бярнардас Бразджоніс , Антанас Мішкініс , Саламея Нерыс і інш. Імпрэсіянісцка-неарамантычнай арыентацыі ў празаічных творах прытрымліваліся Антанас Вайчулайціс , Ігнас Шэйнюс , Казіс Янкаўскас . Пашырыўся жанрава-стылявы, ідэйна-тэматычны дыяпазон твораў рэалістычнага кірунку, вырас іх мастацкі ўзровень: псіхалагічны раман «У цені алтароў» Вінцаса Мікалайціса-Пуцінаса (1933), гістарычны раман «Лёс Шымонісаў» Ева Сіманайціце (1935), празаічныя творы Антанаса Вянцлавы, Юозаса Грушаса , Людаса Давідзенаса , Ёнаса Марцінкявічуса, В. Рамонаса, Пятраса Цвіркі і інш.
Матывы вызваленчай барацьбы гучалі ў творах пісьменнікаў Віленскага краю, што ўваходзіў у склад Польшчы: у паэзіі — Она Міцюце, Альбінас Жукаўскас, Юозас Кекштас , у прозе — Рапалас Мацконіс .
Савецкі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычныя абставіны пачатку 1940-х гг. паўплывалі на асабістыя лёсы пісьменнікаў Літвы, на характар мастацкага асэнсавання рэчаіснасці ў іх творах. У гады Другой сусветнай вайны многія пісьменнікі трапілі за межы краіны (Юозас Балтушыс, Людас Гіра, Саламея Нерыс, Пятрас Цвірка і інш.), асобныя апынуліся на фронце (Владас Мазурунас , Эдуардас Межалайціс , Паўлюс Шырвіс ), іх творчасць была прасякнута матывамі тугі па часова страчанай радзіме.
У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ствараліся высокамастацкія творы: лірычныя вершы і паэмы Саламеі Нерыс, апавяданні Пятраса Цвіркі, зборнікі філасофскай лірыкі Бярнардаса Бразджоніса , Юргіса Балтрушайціса, Вінцаса Мікалайціса-Пуцінаса . У літаратуры з’явіліся новыя імёны (Казіс Брадунас , Вітаўтас Мачарніс ). У 1944 годзе многія пісьменнікі Літвы эмігрыравалі на Захад (Казіс Брадунас , Бярнардас Бразджоніс , Фаўстас Кірша , Вінцаса Крэве, Ёнас Мякас , Хянрыкас Нагіс , Альфонсас Ніка-Нілюнас , Хянрыкас Радаўскас, Антанас Шкема і інш). Замежнае таварыства літоўскіх пісьменнікаў выдавала літоўскія газеты і часопісы, кнігі, падручнікі.
Вярнуліся на радзіму асобныя пісьменнікі з СССР, з нямецка-фашысцкага канцлагера (Баліс Сруога), на радзіме плённа працавалі Казіс Борута, Пятрас Вайчунас, Антанас Венуоліс, Вінцас Мікалайціс-Пуцінас , Антанас Мішкініс , Ева Сіманайціце і інш. Пачаўся складаны працэс развіцця літаратуры першых пасляваенных гадоў. У асобных паэтычных творах пераважаў псеўдапатрыятычны пафас, публіцыстычныя штампы, палітычныя лозунгі (Антанас Вянцлава, Антанас Ёнінас , Владас Мазурунас , Юозас Мацявічус , Цяафіліс Цільвіціс ). Думку пра гістарычную неабходнасць савецкай улады ў Літве, выкрыццё і асуджэнне кулацтва выказвалі ў сваіх творах Аляксандрас Гудайціс-Гузявічус, Ёнас Давівайціс , Цяафіліс Цільвіціс і інш. Навізной вызначаліся аповесць Боруты «Млын Балтарагіса» (1945), драмы Сруогі «Доля перадсвітальная» (1945) і «Казімір Сапега» (1947), яго мемуары «Лес багоў» (1957) і інш. Творчае абнаўленне адчувалася ў паэзіі Стасіса Англіцкіса , Пятраса Вайчунаса, Ёнаса Грайчунаса , Альбінаса Жукаўскаса, Казіса Інчуры , Эўгяніюса Матузявічуса, Антанаса Мішкініса , Владаса Мазурунаса . У песенна-рамантычным кірунку працаваў Паўлюса Шырвіса , наватарства і эксперымент характэрны паэту-лірыку Эдуардасу Межэлайцісу (зборнікі «Чалавек», 1961; «Тут Літва», 1968).
Значны ўклад у літаратуру зрабілі пісьменнікі-эмігранты (паэт Хянрыкас Радаўскас, празаік і драматург Антанас Шкема ). Анталогія «Зямля» (1951) выявіла новыя таленты: Казіс Брадунас , Вітаўтас Мачарніс (філасофска-канцэптуальны цыкл вершаў «Прывіды»), Хянрыкас Нагіс , Альфонсас Ніка-Нілюнас . Традыцыі вясковай прозы развіваў Марус Кацілішкіс . 1960—1970-я гг. — перыяд кардынальных перамен у прозе і драматургіі. Зварот да гістарычнай тэматыкі, пераасэнсаванне праблем нацыі і дзяржавы, здабыткі этнічнай культуры, шматгранны духоўны свет сучасніка вызначалі сутнасць і змест літоўскай літаратуры гэтага перыяду (Ёнас Авіжус, Юозас Балтушыс, Ёнас Мікялінскас , Ева Сіманайціце , Мікалас Слуцкіс ). Галоўнымі арыенцірамі літаратуры сталі інтэлектуалізм, псіхалагізм, актуальнасць тэматыкі, пошукі новых мастацкіх форм. Супярэчлівасць чалавечай прыроды, права чалавека на выбар паказаны ў драмах «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967) і «Барбара Радзівіл» (паст. 1972) Юозаса Грушаса , праблемы сучаснай вёскі, сялянскага лёсу — у прозе Вітаўтаса Бубніса , Мікаласа Слуцкіса , Альгірдаса Поцюса , псіхалагічныя праблемы выхавання моладзі — у творах Р.Кашаўскаса, пратэст супраць псеўдарэаліст. адлюстравання рэчаіснасці — у Раймандаса Кашаўскаса , уплыў навейшай заходняй драмы ў творчасці Казіса Саі і Юозаса Глінскіса .
У 1970—1980-я гг. раскрыўся творчы талент пісьменнікаў Альгімантаса Балтакіса, Яніны Дзягуціце , Альфонсаса Малдоніса, Юсцінаса Марцінкявічуса, Ляанідаса Яцынявічуса , асноўны змест твораў якіх — філасофскі роздум пра лёс нацыі, праблемы ўрбанізацыі і інш. Новыя якасці (парадокс, іронія) і тэндэнцыі, сувязь з фальклорнымі традыцыямі, духоўнасць выявіліся ў паэзіі Оны Балюканіце , Вітаўтаса Бложэ, Юдзіты Вайчунайце , Томаса Венцлавы, Сігітаса Гяды , Марцаліюса Марцінайціса , Ёнаса Стрэлкунаса , Г. А. Чыгрэюса, І. Юшкайціса, у прозе Ю. Апуціса, Р. Гранаўскаса, П. Дзірыелы, Б. Радзявічуса.
Новы этап развіцця літаратуры звязаны з нацыянальным адраджэннем у 1980—90-я г. Сучасныя тэндэнцыі прадстаўлены шматлікімі постмадэрнісцкімі творамі, насычанымі ўмоўнымі вобразамі, паэтыкай міфаў (проза Р. Гавяліса, С. Т. Кандротаса), розныя спосабы адлюстравання вызначаюць прозу Ю. Кунчынаса, А.Рамонаса, В.Юкнайтэ і інш. У паэзіі дамінуе пакаленне 1980-х г., творы якіх вылучаюцца арыгінальнасцю формы, паэтычным майстэрствам, вытанчанасцю мовы (В. Бразюнас, А.Грыбаўскас, Д. Каёкас, Э. Келміцкас, В. Кукулас, А. Марчэнас, Н. Міляўскайтэ, С. Парульскіс, Г. Цэшкайтэ і інш.).
Узаемасувязі з беларускай літаратурай
[правіць | правіць зыходнік]Літоўска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Яны зарадзіліся ў часы Вялікага Княства Літоўскага, калі ў Вільні на старабеларускай мове пісаліся летапісы і статуты, а Францыск Скарына выдаваў у 1522—1525 гадах беларускамоўныя кнігі.
Узмацніліся яны ў 19 ст. У літаратурным гуртку Адама Ганорыя Кіркора ў канцы 1850-х гг. разам з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Вінцэнтам Каратынскім і інш. ўдзельнічаў літоўскі пісьменнік Мікалоюс Акялайціс, які пераклаў на літоўскую мову ананімны беларускі твор 19 ст. «Гутарка старога дзеда»).
У пачатку 20 ст. Вільня была асяродкам літоўскай і беларускай культуры. Тут выходзілі газеты «Наша доля», «Наша ніва», жылі, бралі ўдзел у грамадска-літаратурным жыцці Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Змітрок Бядуля, прыязджаў Максім Багдановіч, адбываліся сустрэчы літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў. Важным фактарам творчых узаемакантактаў была дружба Янкі Купалы з Людасам Гірам, Марыяй Ластаўскене, мастаком і кампазітарам Мікалоюсам Чурлёнісам. У 1910 годзе ў перыядычным друку Літвы з’явіліся першыя літаратурна-крытычныя артыкулы Гіры пра творчасць Янкі Купалы, змяшчаліся яго вершы на літоўскай мове ў перакладзе Адамаса Якштаса (А. Дамбраўскаса) . У 1909 годзе на беларускай мове апублікавана апавяданне Ёнаса Білюнаса.
У 1920—1930-я гг. ў Вільні і Каўнасе ставіліся п’есы Дуніна-Марцінкевіча, Каруся Каганца, Леапольда Родзевіча, выдаваліся беларускія кнігі, газеты і часопісы, у т.л. часопісы «Крывіч», «Беларускі асяродак», «Крывічанін» і інш. У 1930-я гг. ў Мінску жылі і працавалі Фяліксас Вайшнорас (Садайніс), Аляксандра Мяркіце (Лавенас Люда), Андрус Дабулявічус, Вінцас Скарджус і інш., выходзілі газета «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), альманах «Пад чырвоным сцягам», працавалі літоўскія секцыі ў Саюзе пісьменнікаў і Дзяржаўным выдавецтве Беларусі. У 1920—1930-я гг. ў Мінску выдадзена 78 літоўскіх кніг, у т.л. пераклады на літоўскую мову паэмы «Над ракою Арэсай» Я. Купалы (1935), твораў Янкі Маўра, Аляксандра Якімовіча.
Асабістыя кантакты звязвалі Максіма Танка з Жукаўскасам, Онай Міцюце, Ёнасам Каросасам . Збліжэнню літаратур спрыялі асабістыя сустрэчы Пятраса Цвіркі, Антанаса Вянцлавы на 35-гадовым юбілеі творчай дзейнасці Янкі Купалы ў Мінску ў снежні 1940 года, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова і Петруся Броўкі ў маі—чэрвені 1941 года ў Вільні і Каўнасе.
У Другую сусветную вайну беларускія і літоўскія пісьменнікі ўдзельнічалі ў супольных вечарах, выступалі ў перыядычным друку. Адзінства матываў і вобразаў ядналі паэзію Людаса Гіры, Антанаса Вянцлавы, Пятраса Цвіркі, Ёнаса Марцінкявічуса, Ваціса Рэймярыса , Саламеі Нерыс, Эдуардаса Межалайціса з творамі Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Максіма Танка і інш.
У пасляваенны перыяд склаліся новыя формы супрацоўніцтва — тыдні, дні літаратуры і культуры суседніх народаў. Актывізацыі беларуска-літоўскіх сувязей спрыялі тыдні літоўскай літаратуры ў Беларусі (1956), беларускай літаратуры ў Літве (1958), беларускай кнігі ў Літве (1962), літоўскай кнігі ў Беларусі (1963), дні беларуска-літоўскай дружбы ў Літве (1963), сяброўскія сустрэчы дзеячаў літаратуры, культуры Літвы ў Беларусі (1974), літаратуры і мастацтва Беларусі ў Літве (1975) і інш. Сустрэчы пісьменнікаў, узаемакантакты, знаёмства з гісторыяй, культурай рэспублік выклікала ўзаемапранікненне тэм і вобразаў. Літоўская тэматыка заняла значнае месца ў творах Петруся Броўкі, Максіма Танка, Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Міхая Калачынскага, Уладзіміра Караткевіча, Лідзіі Арабей, Алега Лойкі і інш., беларуская — у творах Эдуардаса Межалайціса , Альбінаса Жукаўскаса, Юстаса Паляцкіса, Бронюса Мацкявічуса , Віліі Шульцайце , Альгімантаса Балтакіса, Вінцаса Мікалайціса-Пуцінаса і інш.
У 1945—1984 гадах у перакладзе на літоўскую мову выдадзена 45 кніг беларускіх пісьменнікаў, у перакладзе на беларускую мову — каля 30 кніг літоўскіх аўтараў. На літоўскай мове выйшлі: «Анталогія беларускай прозы» (1949), анталогіі беларускай паэзіі «З беларускай паэзіі» (1952), «Па Нёмане песня плыве» (1958), зборнік беларускіх народных казак «Ліса ваўка пакарала» (1965), кніга вершаў, паэм і п’ес Янкі Купалы «Не жалейка стогне» (1957), паэтычныя зборнікі Міхася Калачынскага «Прыгоды Падалкі» (1960), Максіма Танка «След бліскавіцы» (1961), Якуба Коласа «Ой вы, думы, думы…» (1962), кнігі апавяданняў і аповесцей Янкі Брыля «У Забалоцці днее» (1955) і «Зялёная школа» (1963), Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956), кніга прозы Максіма Танка «Лісткі календара» (1969), кніга апавяданняў беларускіх пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад» (1988), аповесці Васіля Быкава «Трэцяя ракета» (1964), Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1994), раманы Івана Шамякіна «Крыніцы» (1958) і «Сэрца на далоні» (1966), Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965), Васіля Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» (1983), Валянціны Коўтун «Крыж міласэрнасці» (1997) і інш. На літоўскую мову беларускія творы перакладалі Альгімантас Антанавічус , Альгімантас Балтакіс, Альбінас Жукаўскас, Альма Лапінскене, Эмілія Легуце, Эўгяніюс Матузявічус, Межэлайціс і інш.
У перакладзе на беларускую мову выйшлі: анталогіі прозы «Літоўскія апавяданні» (1957), паэзіі «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Галасы сяброў» (1958), «Літоўская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1977), зборнікі літоўскіх народных казак «Цудоўная крыніца» (1955), «Літоўскія народныя казкі» (1961), «Літоўскі гумар» (1966), казка «Чаму ў моры вада салёная?» (1970), раманы Антанаса Вянцлавыы «Дзень нараджэння», Юозаса Балтушыса «Прададзеныя гады» (абодва 1961), Вітаўтаса Бубніса «Пад летнім небам» (1982), Вітаўтаса Місявічуса «Мядзведжая акадэмія» (1988), Ёнаса Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), паэма Данялайціса «Чатыры пары года» (1983), «Паэма братэрства» (1958) і зборнік вершаў «Чалавек» (1984) Эдуардаса Межалайціса, зборнікі паэзіі Матузявічуса «Просіцца ў песню мора» (1965), Саламеі Нерыс «Калі зямля прачынаецца» (1971), Ёнаса Марцінкявічусаа «Трава і камень» (1981), Альфонсаса Малдонісаа «Вадзяныя знакі» (1985), шэраг твораў для дзяцей, у т.л. кніг вершаў Э. Балёнене «Уцёс і ружа» (1976), зборнікі вершаў «Рамоначак-Рамунеле» (1979), А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), кн. аповесцей Бубніса «Белы вецер» (1978), аповесць-казка Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), казка Цвіркі «Срэбная куля» (1991) і інш.
На беларускую мову творы літоўскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць А.Асташонак, Бараклін, Броўка, Я.Войніч, А. Вярцінскі, М.Гіль, С.Грахоўскі, М.Грынблат, А.3арыцкі, А.Звонак, В.Іпатава, Калачынскі, І. Калеснік, Г. Каржанеўская, У.Карызна, Лойка, Е.Лось, В.Лукіна, П.Марціновіч, С.Панізнік, А.Разанаў, Ю.Свірка, Р.Семашкевіч, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Ставер, М.Танк і інш.
Літоўска-беларускія сувязі даследуюць Альма Лапінскене, Адам Мальдзіс і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Літва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Літоўская літаратура