Сэман Портленд Чэйз (англ.: Salmon Portland Chase; 1808—1873) — амерыканскі дзяржаўны дзеяч часоў грамадзянскай вайны ў ЗША. Губернатар Агая, пазней сенатар ад штата Агая, вярхоўны суддзя ЗША. Займаў пасаду міністра фінансаў ЗША пры прэзідэнце Аўрааме Лінкальне.
Перакананы праціўнік рабства. Актыўна змагаўся з празмерным палітычным уплывам багатых землеўладальнікаў з паўднёвых штатаў.
Нарадзіўся ў Корнішы, Нью-Гэмпшыр. У дзевяць гадоў пазбавіўся бацькі. Быў узяты на выхаванне дзядзькам, святаром Епіскапальнай царквы.
Змяніў некалькі школ. Вучыўся ў Віндзары (штат Вермонт), Уорцінгтане (Агая) і каледжы Цынцынаці. Паступіў у Дартмуцкі каледж. Быў членам некалькіх студэнцкіх брацтваў. Пасля заканчэння каледжа пераехаў у Вашынгтон, дзе вывучаў права пад кіраўніцтвам генеральнага пракурора ЗША Уільяма Вірта. З 1829 года атрымаў права займацца адвакацкай дзейнасцю.
Падчас яго працы ў якасці сакратара казначэйства ў 1862 годзе была выпушчана першая доларавая банкнота ЗША, на якой ён і быў намаляваны.
Менавіта Чэйз першым распарадзіўся змясціць на амерыканскія грошы надпіс «Мы верым у Бога» (англ.: In God We Trust). Гэта адбылося ў 1864 годзе на манетах наміналам 2 цэнты. На папяровых доларах надпіс з’явіўся ў 1957 годзе.