Перайсці да зместу

Тэўэльчэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэўэльчэ
(Aónik’enk)
Фота 1917 г.
Агульная колькасць 28500 (2015 г.)
Рэгіёны пражывання Аргенціна
Мова тэўэльчэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы манекенк, селькнамы, магчыма тэўшэн

Тэўэ́льчэ (ісп.: Tehuelche, ад «смелыя людзі» з мовы мапучэ), патагонцы (ісп.: Patagones), аонікенк (сучасная саманазва: Aónik’enk) — карэннае насельніцтва Патагоніі. Назва фактычна азначае групу розных народаў, якая ў мінулым размаўляла на мове тэўэльчэ. У наш час каля 28 500 тэўэльчэ-аонікенк жывуць на поўдні Аргенціны (2015 г.)[1]

Даследаванні паказваюць, што тэўэльчэ генетычна звязаны з іншым індзейскім насельніцтвам Новага Света[2]. Археалагічныя раскопкі сведчаць аб культурнай бесперапыннасці існавання насельніцтва ў Патагоніі з 12 тысячагоддзя да н. э. Некаторыя даследчыкі на аснове генетычных дадзеных сцвярджаюць, што Патагонія насялялася ў выніку некалькіх міграцый каля 9 тысяч гадоў таму, 5 тысяч гадоў таму і 3,5 тысяч гадоў таму[3].

Да сярэдзіны XIX ст. тэўэльчэ насялялі значныя прасторы Патагоніі ад Рыа-Негра да Магеланава праліва. Асноўнымі заняткамі жыхароў пампы з’яўлялася вандроўнае паляванне на гуанака і нанду. Да другой паловы XIX ст. ў паляванні не выкарыстоўвалі сабак[4]. З XVI ст. у гэты рэгіён перасяляліся мапучэ. З таго ж часу пачаліся кантакты з еўрапейцамі. У еўрапейскай літаратуры доўгі час распаўсюджваўся міф аб патагонцах-волатах[5]. Тэўэльчэ сапраўды адрозніваліся высокім ростам і былі вышэй за сярэдняга еўрапейца.

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. насельніцтва Патагоніі перайшло да ўтрымання коней, якія трапілі ў Паўднёвую Амерыку разам з еўрапейскімі каланістамі. Гэта прывяло да стварэння буйных сацыяльных груп, што ўключалі да некалькіх сотняў чалавек. Акрамя тэўэльчэ, падобны лад жыцця ўпадабалі мясцовыя мапучэ. У другой палове XIX ст. урад Аргенціны канстатаваў, што на поўдні краіны адбываецца аб’яднанне індзейцаў вакол мапучэ, распаўсюджванне іх мовы і культуры.

З 1876 г. аргенцінскія ўлады садзейнічалі каланізацыі Патагоніі перасяленцамі з Еўропы[6]. Каланісты займалі буйныя тэрыторыі для развіцця авечкагадоўлі. Адносіны паміж перасяленцамі і тэўэльчэ складваліся па-рознаму. З аднаго боку, індзейцам забаранялася паляваць на абгароджаных землях, з іншага — каланісты наладжвалі з імі гандлёвыя сувязі, выступалі пасрэднікамі ў кантактах з афіцыйнымі прадстаўнікамі Аргенціны і Чылі. Адмоўным наступствам еўрапейскага перасялення сталі эпідэміі хвароб, да якіх патагонцы не мелі імунітэта. У канцы XIX — пачатку XX ст. назіралася сталае скарачэнне груп тэўэльчэ. У 1905 г. эпідэмія адзёру вынішчала тэўэльчэ ў Чылі. Патагонскае насельніцтва Аргенціны хутчэй адаптавала культуру перасяленцаў і мапучэ, губляла свае карані. У другой палове XX ст. памерлі апошнія носьбіты мовы тэўэльчэ[7].

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Тэўэльчэ здаўна займаліся вандроўным паляваннем, пераважна на гуанака і нанду. У залежнасці ад сезону яны качавалі з усходу на захад услед за жывёламі. Сацыяльная арганізацыя гэтага часу была прадстаўлена дробнымі аб’яднаннямі да некалькіх дзесяткаў чалавек, якія ў сваю чаргу падзяляліся на малыя нуклеарныя сем’і. Паляўнічыя аб’яднанні ўзначальвалі правадыры гаўнок або янк. Адлік сваяцтва вёўся па матчынай лініі, але галоўнымі ў паляўнічых групах заставаліся мужчыны[8]. У канцы XVIII — пачатку XIX ст. насельніцтва Патагоніі перайшло да ўтрымання коней, што дазваляла весці больш эфектыўную гаспадарку. Тэўэльчэ працягвалі качавы лад жыцця, аднак для ўтрымання вялікіх статкаў і іх абароны патрабаваліся большыя па памерах аб’яднанні. Кожнае качавое аб’яднанне мела сваю тэрыторыю, ад назвы якой паходзіла агульнае імя аб’яднання.

Асноўным тыпам паселішча доўгія стагоддзі заставаліся часовыя стаянкі. Тэўэльчэ жылі ў лёгкіх намётах, што складаліся з драўлянага каркаса і накрываліся воданепранікальнымі скурамі гуанака, а потым коней[9]. У цэнтры намёта ладзіўся агмень, каля якога спалі незамужнія жанчыны. Астатнія чальцы сям’і спалі ў процілеглым куце ад уваходу.

Прылады працы рабілі з друзу, дрэва, костак жывёл. Свойская жывёлагадоўля ўзнікла толькі ў канцы XVIII ст. Найбольш распаўсюджаныя свойскія жывёлы — конь і сабака. Захаваліся некаторыя міфы і рытуалы, занатаваныя еўрапейскімі даследчыкамі.

Карэнная мова тэўэльчэ паходзіла з групы індзейскіх моў, распаўсюджанай на поўдні Паўднёвай Амерыкі. Мяркуецца, што яна першапачаткова фарміравалася на Чылаэ. Мова тэўэльчэ падзялялася на шэраг даволі адрозных дыялектаў і знікла з ужытку ў другой палове XX ст.[10] У наш час распаўсюджаны іспанская мова і мова мапучэ.

Да распаўсюджвання хрысціянства ў канцы XIX — першай палове XX ст. сярод тэўэльчэ былі распаўсюджаны анімістычныя вераванні[11]. Вярхоўную істоту, што стварыла сусвет, тэўэльчэ звалі Каоч. Пасля стварэння зямлі і вады Каоч адыйшоў на ўсход. Вярхоўная злая істота Гуалічу, на думку вернікаў, існавала ў падземным свеце. Для абароны ад злых духаў і магіі патагонцы выкарыстоўвалі амулеты. Абрад пахавання суправаджаўся забойствам сабак і коней памерлага. Хавалі галавою на ўсход. Над пахаваннем ўзводзіўся курган-чэнке.

Зноскі