Перайсці да зместу

Мапучэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мапучэ
(Mapuche)
Агульная колькасць 1 674 000
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Амерыка

 Чылі — 1544000
 Аргенціна — 130000

Мова мапудунгун
Рэлігія анімізм, шаманізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы

Мапу́чэ (саманазва: mapuche, літаральна «людзі зямлі»), або араўка́ны (ісп.: araucanos) — індзейскі народ на захадзе Паўднёвай Амерыкі. Жывуць у Чылі і Аргенціне. Агульная колькасць (2017 г.) — 1 674 000 чалавек[1].

Той факт, што культура і мова мапучэ моцна адрозніваюцца ад іншых народаў Патагоніі і заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, выклікае дыскусіі аб іх паходжанні сярод навукоўцаў. Археолагі вызначылі, што мапучэ з’явіліся на ўзбярэжжы Чылі толькі каля 100 г. да н. э. Яны заснавалі археалагічную культуру Петрэн, чые носьбіты займаліся земляробствам і вырабам керамікі[2]. Ім папярэднічала культура іншага народа дыягіта. Генетычныя даследаванні пацвярджаюць агульнае паходжанне з індзейцамі Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі[3]. Лінгвісты імкнуцца вызначыць шлях міграцыі продкаў мапучэ праз вызначэнне блізкасці з іншымі індзейскімі мовамі, у тым ліку чанга, аравакаў і нават мая, аднак ніводная з іх гіпотэз пакуль не знайшла яснага пацверджання.

Бой паміж іспанцамі і мапучэ

У прамежку паміж існаваннем культуры Пірэн і прыходам іспанцаў мапучэ рассяліліся на тэрыторыі ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад сучаснага горада Кансепсьён на поўначы да праліва з архіпелагам Чылаэ на поўдні. Вучоныя мяркуюць, што ў дакалумбавы перыяд мапучэ мелі кантакты з палінезійцамі[4]. Каля 1485 г. у трохдзённай бітве на рацэ Маўле мапучэ спынілі наступ інкаў на поўдзень[5].

У 15361544 гг. іспанскія канкістадоры пры падтрымцы перуанскіх індзейцаў заваявалі частку чылійскага ўзбярэжжа і заснавалі горад Сант’яга. У 1553 г. мапучэ нанеслі паражэнне іспанцам каля крэпасці Тукапель, захапілі ў палон і забілі Педра дэ Вальдывія[6]. Эпідэміі і засуха прывялі да высокай смяротнасці сярод індзейцаў і не дазволілі правадырам развіць поспех. У далейшым вайна набыла партызанскі характар. Ваенныя дзеянні не спынялі ўзаемных абмену і гандлю. Мапучэ запазычылі ў іспанцаў коней, агнястрэльную зброю, уменне будаваць крэпасці. Гэта дазволіла ім у XVI — XVIII стст. пашырыць месца рассялення. Мапучэ праніклі ў Патагонію, дзе хутка адбывалася араўканізацыя мясцовага насельніцтва. Для кантролю сваіх валоданняў і падтрымкі наземных сувязяў паміж калоніямі іспанцы былі вымушаны заключаць з мапучэ дамовы аб свабодным праходзе караванаў. З канца XVIII ст. крэолы і нямецкія каланісты куплялі ў мапучэ зямлю за грошы.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Чылі і Аргенціны паміж імі і мапучэ перыядычна ўспыхвалі канфлікты, паколькі індзейцы рабілі напады на паселішчы. Пасля заснавання ў 1843 г. чылійскай калоніі ў раёне Магеланава праліва ўрад Чылі выношваў планы далучэння паўднёвых тэрыторый. У 1860 г. французскі авантурыст Арэлі-Антуан дэ Тунан абвясціў незалежную дзяржаву Араўканію[7]. Згодна з яго асабістымі ўспамінамі, мапучэ прызналі яго сваім каралём. Ён склаў Канстытуцыю, гімн і намаляваў сцяг новай дзяржавы. У 1862 г. А. дэ Тунан быў арыштаваны чылійскімі ўладамі і высланы ў Францыю, аднак яго ідэя існавання араўканскай дзяржавы жыла яшчэ доўгі час. У 18611871 гг. і 18811883 гг. чылійская армія арганізавала 2 паспяховыя ваенныя кампаніі, якія скончыліся заваяваннем тэрыторый мапучэ ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа. У 18791885 гг. Аргенціна праводзіла так званае «Заваяванне пустыні»[8]. Падчас гэтай вайны загінула 2500 індзейцаў. Выжылыя былі пазбаўлены зямлі і сагнаны ў рэзервацыі.

Пасля страты незалежнасці мапучэ апынуліся ў гаротным эканамічным стане. З пачатку XX ст. у Чылі і з другой паловы XX ст. у Аргенціне ўдзельнічалі ў руху за правы карэннага насельніцтва. У 1992 г. мапучэ Чылі абвясцілі, што будуць змагацца за вяртанне зямлі. Гэта патрабаванне прывяло да серыі канфліктаў з сучаснымі ўладальнікамі, у тым ліку да нападаў і спальвання дамоў[9]. Адначасова ў Аргенціне мапучэ арганізавалі грамадзянскую кампанію супраць Бенетон Груп, ва ўласнасці якой апынулася большасць патрабуемых імі зямель[10]. У абедзвюх дзяржавах палітычныя лідары мапучэ абвінавачваюцца ў радыкалізме і схільнасці да тэрору[11][12].

Традыцыйная хаціна ruka

Да прыходу іспанцаў мапучэ вялі комплексную гаспадарку. Яны спалучалі паляванне і збіральніцтва з трыманнем лам і ручным земляробствам. Вырошчвалі кукурузу, бульбу, кабачкі, перац. Абавязкамі жанчын былі клопат пра дом, выраб керамікі і тканін. У выніку кантактаў з іспанцамі мапучэ асвоілі трыманне кароў, коней і авечак. Да сярэдзіны XVI ст. яны ўжо мелі вялікія конныя статкі і ўмела ваявалі як коннікі[13]. У XVII — XVIII стст. мапучэ сталі буйнымі гандлярамі свойскай жывёлай у Чылі[14]. Тыя мапучэ, хто перасяліўся ў Патагонію, займаліся пераважна вандроўным паляваннем[15]. Пасля заваявання мапучэ былі вымушаны ператварыцца ў дробных фермераў, наймаліся на працу на прадпрыемствы і ў буйныя сельскія гаспадаркі белага насельніцтва. У нашы дні сярод іх высокі працэнт беспрацоўных, пераважаюць часовая або малакваліфікаваная праца.

Распаўсюджаныя рамёствы — пляценне кошыкаў, ткацтва, разьбярства па дрэву[16].

У Чылі пераважалі стацыянарныя паселішчы. Будавалі каркасныя хаціны ruka, якія маглі мець круглявую або чатырохсценную форму. Каркас абшываўся звязкамі трыснягу ці саломы[17][18], у некаторых мясцовасцях — абкладваўся камянямі або абмазваўся саманам[19]. Дах рабіўся канічным, падлога — земляной. У Аргенціне вандроўныя групы карысталіся часовымі палаткамі.

Народная жаночая вопратка domo wesakelu уключае цёмную мантыю küpam, што пакрывала цела ад плячэй да ладыжак і замацоўвалася на плячы брошкай tupu, шырокі пояс trarüwe, плашч з каляровай паласой ikülla. Жанчыны ўпрыгожваліся галаўным уборам trarilongko, грудной пласцінай trapelakucha, бранзалетамі yüwülkuwü і завушніцамі chaway. Мужчынскую вопратку wentru wesakelu складалі саронг chiripa, чырвоны пояс trarüchiripa, понча makuñ, лямцавы капялюш chumpiru, сандалі ekota і драўляны абутак sumel. Тканіны выраблялі з воўны[20].

Доўгі час грамадскі лад абапіраўся на палігамную сістэму сваяцкага роду. Большасць сем’яў былі манагамнымі, але сустракаліся выпадкі палігініі. Войны з іспанцамі зрабілі вызначальнай ролю высакародных ваенных правадыроў cacique. Існавалі таксама выбарныя ваенныя правадыры tokis і абшчынныя правадыры lonkos[21]. Пасля заваявання ўводзілася сістэма пратэктарату, калі дзяржава перадавала зямлю ў карыстанне пэўнай суседскай абшчыне на чале з cacique або lonkos.

Мапучэ захавалі багаты вусны фальклор — песні, казкі, міфы. Музыка была звязана з сакральнымі рытуаламі. Галоўным спеваком лічыўся шаман machi, які акампанаваў сабе з дапамогай барабана kultrun. Іншыя музычныя інструменты — флейта pifilcas, барабан kakelkultrun, дуда trutruka[22] і г. д.

Мапудунгун, родная мова мапучэ, — ізалят[23]. Першая граматыка на аснове лацінкі была апублікавана езуітамі ў 1606 г.[24] Не мае афіцыйнай падтрымкі. Колькасць носьбітаў скарачаецца[25].

Традыцыйная рэлігія мапучэ абапіраецца на дуалістычныя вераванні ў існаванне двух нябёс. Першае wen ú map ú аддадзена добрым багам і духам. Найбольш шануюцца Nguenechén, стваральнік людзей, і Pillán, продак усіх мапучэ[26]. Сувязь паміж людзьмі і багамі здзяйсняе шаман machi. Неба ank á wen ú населена злымі багамі і духамі. У асяроддзі людзей ім служаць ведзьмакі kalkú. Правы бок асацыюецца з дабром, левы — са злом[27].

З XVI ст. распаўсюджваецца каталіцызм.

  1. Mapuche
  2. Labranza: 1000 años de alfarería y orfebrería en la Araucanía
  3. Genetic variation among the Mapuche Indians from the Patagonian region of Argentina: mitochondrial DNA sequence variation and allele frequencies of several nuclear genes
  4. Radiocarbon and DNA evidence for a pre-Columbian introduction of Polynesian chickens to Chile
  5. Batalla del Maule, Incas v/s Mapuches(недаступная спасылка)
  6. Batalla de Tucapel
  7. The king of Araucania
  8. The Mapuches: a long resistance — Argentina Excepcion Архівавана 4 снежня 2017.
  9. Violence Between Landowners and Chile’s Indigenous Is Only Getting Worse
  10. Mapuches luchan por su tierras en Argentina y Chile(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2017. Праверана 17 жніўня 2017.
  11. Chile aims to end decades of violent land disputes with the Mapuche people
  12. «No permitiremos una república mapuche autónoma en Argentina»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 жніўня 2017. Праверана 17 жніўня 2017.
  13. The Chilean Horse
  14. Economy
  15. Información detallada sobre la cultura Mapuche y Araucana
  16. Folklore Архівавана 3 верасня 2017.
  17. The ruka of the Mapuche Архівавана 7 лістапада 2014.
  18. Asentamiento Mapuche
  19. El pueblo Mapuche
  20. La tradición textil mapuche
  21. Organización Social
  22. MUSIC AND DANCE MAPUCHE
  23. Mapudungun
  24. Mapuche (Mapudungun)
  25. Mapuche Language
  26. Beliefs and funeral rites
  27. Mapuche Religion